Віленскі алюмнат

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Віленская Папская семінарыя)
Будынак алюмната ў Вільні

Віленскі алюмнат, або Віленская Папская семінарыявучэбная ўстанова пры Віленскай акадэміі, якая рыхтавала каталіцкіх місіянераў для пратэстанцкіх і праваслаўных краін. Заснавана па ініцыятыве Антоніа Пасевіна на падставе брэве папы Рыгора ХІІІ ад 5 лютага 1583. Адчынены прыватна ў красавіку 1583 года, афіцыйна — 10 ліпеня 1585. Утрымліваўся папам рымскім, які штогод адпускаў на Віленскі алюмнат 1200 скуда. Прызначаны ў асноўным для навучання русінаў ВКЛ і выхадцаў з Маскоўскай дзяржавы, вучыліся таксама ўраджэнцы Швецыі, Фінляндыі, Даніі, Англіі, Германіі. Адначасова вучылася каля 20 студэнтаў.

Першапачаткова навучэнцы не былі абавязаны прымаць святарства пасля сканчэння тэрміна навучання, большасць з іх заставалася ў свецкім стане. Пасля 1625 года ад выпускнікоў пачалі патрабаваць абавязковага прыняцця святарства. Найбольш здольныя студэнты вывучалі філасофію і тэалогію непасрэдна ў Віленскай акадэміі. На чале Віленскага алюмната стаяў рэгент. Меў уласную бібліятэку. На мяжы 16 і 17 стагоддзяў алюмнату падпарадкавана Семінарыя перакладчыкаў у Дорпаце, якая рыхтавала каталіцкую літаратуру для прыбалтыйскіх краін (дзейнічала да 1625). У 1622 годзе Віленскі алюмнат падпарадкаваны Кангрэгацыі прапаганды веры.

У 1651—1665 гадах з-за ваенных дзеянняў не дзейнічаў. У 1753 годзе рымскі папа Бенядзікт XIV перарабіў яго ў школу для ўніяцкага духавенства, былі вызначаны квоты месцаў для розных уніяцкіх дыяцэзій. У 1773 годзе з-за скасавання ордэна езуітаў апека над Віленскім алюмнатам перайшла да ўніяцкага базыльянскага ордэна. Віленскі алюмнат працаваў да 1798 года.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Charkiewicz W. Ostatnie lata Alumnatu Papieskiego w Wilnie // Ateneum Wileńskie. 1929. R. 6. Z. 1—2;
  • Poplatek J. Powstanie Seminarjum Papieskiego w Wilnie (1582—1585) // Там жа;
  • Poplatek J. Zarys dziejów Seminarium Papieskiego w Wilnie 1585—1773 // Там жа. 1930. R. 7. Z. 1—2;
  • Poplatek J. Wykaz alumnów Seminarium Papieskiego w Wilnie 1582—1773. Там жа. 1936. R. 11;
  • Litwin H. Katalog alumnów seminarium papieskiego w Wilnie 1582—1798 // Przegląd Wschodni. 2003. T. 8. Z. 4(32); 2005. T. 9. Z. 2 (34);
  • Grickevičius A. The Seminary of Gregory XIII in Vilnius (1583—1655) // Lithuanian Historical Studies. Vilnius, 1997. T. 2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]