Беларускае Радыё Рацыя
З Вікіпедыя.
БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ, радыёстанцыя, якая вяшчае на беларускай мове з тэрыторыі Польшчы і Літвы.
Праца па стварэнні радыё для Беларусі пачалася ў Польшчы ў 1998. У стварэнні радыёстанцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і журналісты з Рэcпублікі Беларусь.
У 1999 Радыё Рацыя атрымала ліцэнзію на вяшчанне на кароткіх і FM-хвалях. У 2001 радыёстанцыя пашырыла ліцэнзію на сярэднія хвалі. 1 кастрычніка 1999 ў эфір пайшлі першыя гукі Радыё Рацыя на кароткіх хвалях з перадатчыка размешчанага пад Варшавай, а ў лістападзе 1999 прайшла трансляцыя сігналу з Беластоку для беларускай меншасці ў Польшчы і грамадзян Беларусі, якія наведваюць Беласточчыну. У эфір выходзілі пераважна інфармацыйна-публіцыстычная перадачы.
З сярэдзіны 2002 пачаўся трохгадовы перапынак у трансляцыі.
15 лютага 2006 быў створаны Беларускі інфармацыйны цэнтар у Беластоку, які аднавіў беластоцкую рэдакцыю Беларускага Радыё Рацыя. 22 лютага ў эфір выйшаў першы двухгадзінны інфармацыйна-публіцыстычны блок на сярэдняй хвалі з перадатчыка вялікай магутнасці пад Катавіцамі. З 27 красавіка 2006 на FM-частаце выходзіць у эфір кругласутачная праграма з перадатчыка ў Беластоку. З 1 чэрвеня Радыё Рацыя выпускае сваю праграму на сярэдняй хвалі з перадатчыкаў у Вільні, а з 1 жніўня - у Коўне. У эфірнай сетцы пераважаюць інфармацыйна-публіцыстычнай праграмы, штодзённа транслююцца карэспандэнцыі з Беларусі, якія змяшчаюць шырокі спектр палітычнай, гаспадарчай, грамадскай і культурнай інфармацыі.
У ліпені 2006 г. Беларускае Радыё Рацыя пачало кругласутачнае вяшчанне ў Інтэрнэце. Летам 2007 года рашэннем нацыянальнай Рады па тэлебачанні і радыёвяшчанні Польшчы частата 105,1 FM станцыі, якая ахоплівала толькі Беласток, была замененая на частату 98,1 FM, якая дасягае межаў Гродна.
Дэклараванай галоўнай мэтай радыёстанцыі з'яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Полшчы, Еўропе і свеце.

