Ёўнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ёўнік, або Асетнік — дэманалагічная істота ва ўсходніх славян, дух, які жыў у ёўні і якому прыпісваліся функцыі аховы локуса і спрыяння гаспадарцы.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Знешне ёўнік, паводле матэрыялаў А. Я. Багдановіча, нагадваў дамавіка, але быў не белым, а чорным ад сажы. Па іншых апісаннях, ёўнік з’яўляўся ў выглядзе нейкай антрапаморфнай масы, ці чорнай істоты з палаючыма вачыма. Жыве ён у куце ёўні, на сушні, на рагу печы. Увесь час ён сядзіць на сваім месцы, рэдка падыходзячы да акна, каб выкашляць попел і сажу. Яшчэ радзей ён пакідае ёўню, каб паглядзець на малацьбу, агледзець ток, склады снапоў, накіраваць ці адхіліць вецер для веяння збожжа.

Ёўнік ахоўвае ёўню і хлеб ад усялякай бяды; клапоціцца, каб правільна палілася сушыльная печ, пасылае патрэбны для веяння скразняк, замятае гумно, вее зерне, надае яму спору, малоціць раніцай. Вельмі не падабаецца яму, калі ў ёўню заходзяць не патрэбныя там людзі, такіх нячысцік палохаў, з’яўляючыся ў розных месцах ёўні.

Ёўніку вельмі падабалася, калі сушня замяняла лазню: ён меў магчымасць змыць сажу і пыл. Раззлаваны за нешта на людзей, ёўнік кідаў снапы ў агонь і мог нават спаліць ёўню. Беларусы стараліся задобрыць ёўніка, каб ён не нанёс ніякай шкоды. Для гэтага перад пачаткам сушкі ў агонь кідалі першы сноп збожжа і пакідалі ў ёўні сноп, калі малацьба завяршалася.

Жывучы побач з печкай, ёўнік не баяўся звычайнага агню. Ён спакойна мог глядзець на пажар у ёўні і жыць на абгарэлым бервяне пасля пажару, пакуль не дбудоўвалася новая ёўня, куды ён адразу пераходзіў. Але ад удару маланкі і далейшага пажару гінуў. У ёўню, адбудаваную на тым самым месцы, дзе загінуў ёўнік, іншы ніколі не пойдзе.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. Вучэб.-метад. дапам. / Т. А. Навагродскі [і інш.] — Мінск, БДУ, 2009. — 335 с. іл. — ISBN 978-985-518-121-8.
  • Беларуская міфалогія / уклад. У. А. Васілевіч. Мінск, 2001.
  • Васілевіч У. Ёўнік, Асе́тнік // Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — С. 160. — 592 с.: іл. — 3 000 экз. — ISBN 985-01-0473-2.
  • Богданович А. Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. — Гродно, 1895.
  • Вуглік, І. Р. Міфалогія беларусаў : навучальна-метадычны дапаможнік / І. Р. Вуглік. — Мінск : Сучасныя веды, 2005. — 151 с.
  • Славянская мифология : энцикл. слов. — М., 1995.
  • Славянские древности : этнолингвист. слов. : в 3 т. — М.,1995. — Т. 1 ; М., 1999. — Т. 3 ; М., 2004. — Т. 2.
  • Шамак, А. А. Міфалогія беларусаў / А. А. Шамак. — Мінск, 2005.