Іаахім Лялевель
| Іаахім Лялевель Joachim Lelewel |
|
| Дата нараджэння: | 22 сакавіка 1786 |
|---|---|
| Дата смерці: | 29 мая 1861 (75 гадоў) |
Іаахім (Яўхім) ЛЯЛЕВЕЛЬ (Joachim Lelewel; 22 сакавіка 1786, Варшава — 29 мая 1861, Парыж) — польскі гісторык і грамадскі дзеяч.
Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1808), дзе ў 1815—1818 і 1821—1824 займаў кафедру гісторыі. Пасля выкрыцця таемных студэнцкіх таварыстваў «філаматаў» і «філарэтаў» адхілены ад выкладання як іх ідэйны натхняльнік. Пераехаўшы ў Варшаву, усталяваў сувязь з таемнымі польскімі патрыятычнымі арганізацыямі. У 1828 абраны дэпутатам Сейма. З пачатку паўстання 1830—1831 гадоў Іаахім Лялевель як прызнаны ідэолаг вызваленчага руху стаў старшынёй Патрыятычнага таварыства і ўвайшоў у Часовы ўрад, у складзе якога дамагаўся правядзення шэрагу рэвалюцыйных мер (надзяленне часткі сялян зямлёй і інш.). Пасля паразы паўстання эмігрыраваў у ва Францыю, дзе ўзначаліў Нацыянальны польскі камітэт, які аб'яднаў дэмакратычныя сілы польскай эміграцыі. За апублікаванне камітэтам напісанага І. Лялевелям заклікі «Да братоў рускіх», які змяшчаў заклік да сумеснай барацьбы супраць царызму, быў высланы ў 1833 з Францыі. У Бруселі стаў ідэйным кіраўніком польскіх дэмакратычных арганізацый «Маладая Польшча», «Аб'яднанне» і інш.; актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці заснаванай у Бруселі міжнароднай Дэмакратычнай асацыяцыі, якая ставіла сваёй мэтай яднанне і брацтва народаў.
Іаахім Лялевель — заснавальнік рамантычнай школы ў польскай гістарыяграфіі. Незалежна ад французскіх гісторыкаў Цьеры, Гізо і інш. І. Лялевель прыйшоў да разумення гістарычнага працэсу як барацьбы класаў (сялян і землеўласнікаў), патрабаваў, каб гісторыя стала летапісам народнага жыцця, падкрэсліваў творчую ролю народных мас у гісторыі. Для яго прац характэрная дэмакратычная, рэспубліканская і антыклерыкальная тэндэнцыі. Гісторыка-сацыялагічныя погляды І. Лялевеля з'явіліся асновай фарміравання польскай прагрэсіўнай грамадскай думкі 1820—1860-х гадоў. (Э. Дэмбоўскі, Т. Крэмпавецкі). Аўтар шматлікіх прац па палітычнай гісторыі Польшчы і ВКЛ з старажытных часоў па 19 ст., гісторыі польскага сялянства, заклаў асновы шэрагу дапаможных дысцыплін у польскай гістарычнай навуцы.
[правіць] Літаратура
- Hleb-Koszańska H., Kotwiczówna М., Bibliografia utworów Joachima Lelewela, Ossolineum, Wrocław, 1952;
- Стефан Кеневич «Лелевель» / Перевод с польского. — М., 1970. — Эл.рэсурс pawet.net