Іван Абрамавіч Ермачэнка
Іван Абрамавіч Ермачэнка (1(13) мая 1894, в. Капачоўка, Барысаўскі павет (цяпер Барысаўскі раён, Мінская вобласць) — 25 лютага 1970, ЗША) - беларускі палітычны дзеяч, публіцыст.
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Неўзабаве сямя пераехала ў Маскву, дзе галава сям'і працаваў на чыгунцы. Скончыў гімназію ў Маскве, паступіў на электратэхнічны факультэт, але вучобу перапыніла Першая сусветная вайна. Падчас 1-й сусветнай вайны — школу прапаршчыкаў, служыў у расійскай арміі і быў накіраваны на фронт, дзе даслужыўся да паручніка. Меў некалькі ўзнагарод. У 1918 г. трапіў у палон, адкуль уцёк. У грамадзянскую вайну афіцэр белай арміі, ад'ютант генерала П.М.Урангеля, меў званне падпалкоўніка.
У 1920 г. эвакуаваўся ў Канстанцінопаль, дзе далучыўся да беларускага руху. У 1921 г. прадстаўнік урада БНР у Канстанцінопалі і генеральны консул на Балканах; заснаваў консульскія аддзелы БНР у Югаславіі і Балгарыі. З'яўляўся адным з арганізатараў Беларускага камітэту ў Турцыі. У 1922 г. намеснік міністра замежных спраў БНР у Коўне. Пераехаў у Прагу. Скончыў медыцынскі факультэт Карлавага універсітэт (1929). Займаўся лекарскай практыкай і грамадска-палітычнай дзейнасцю сярод беларускай эміграцыі. Узначальваў беларускі аддзел таварыства «Сокал». Фундатар часопісу «Іскры Скарыны». У 1925 г. разам са старшынёй Рады БНР Пётрам Крэчэўскім, Васілём Захаркам, Тамашам Грыбам не прызнаў рашэнняў Берлінская Другой Усебеларускай канферэнцыі, дзеаб'явілі пра роспуск ураду Рады БНР.
3 1938 г. — куратар беларуска-нямецкага супрацоўніцтва, у 1939 г. адбыліся перамовы прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў Рэйху з І. Ермачэнкам. Ён прапанаваў нямецкаму боку праект разгрому Савецкага Саюзу, у якім важную ролю адыгрывала саюзная Германіі беларуская дзяржава. Разам з Васілём Захаркам апрацаваў мемарандум да А.Гітлера, у якім яны прасілі звярнуць пільную ўвагу на вырашэнне беларускага пытання. У 1940 г. заснаваў у Празе Беларускі камітэт самапомачы, стварыў уласнае прыватнае выдавецтва, што выпусціла пяць кніг.
22 кастрычніка 1941 г. міністр усходніх акупаваных тэрыторый прызначыў Ермачэнку старшынёй Беларускай народнай самапомачы (БНС) ў акупаваным нацыстамі Мінску. БНС задумвалася акупацыйнымі ўладамі як дабрачыннаяарганізацыя для апекі над беднымі слаямі насельніцтва. Але дбаннем самога Ермачэнкі ўдалося стварыць агульнабеларускую арганізацыю, якая займалася ня толькі сацыяльнымі праблемамі, але і пытаннямі школьніцтва, культуры, грамадскага жыцця. У чэрвені 1942 г. проы БНС быў створаны Вольны корпус беларускай самааховы для барацьбы з партызнамі, на чале якога стаў падпалкоўнік Ермачэнка. Быў дарадчыкам генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ. Друкаваўся ў «Менскай (Беларускай) газэце». У пачатку 1943 г. супраць Ермачэнкі распачало працу СС у Берліне, пабачыўшы ва ўзвышэнні гэтага дзеяча пэўную небяспеку. Каб не надаваць справе палітычнага адцення, была праведзена фінансавая праверка БНС, вынікам якой стала абвінавачанне Ермачэнкі вясною 1943 г. у фінансавых злоўжываннях. 27 красавіка 1943 г. высланы ў Прагу пад нягляд гестапа. Пасля забойства Кубэ 22 верасня 1943 г. ён быў арыштаваны па падазрэнні ў датычнасці да забойства свайго былога шэфа, прыяцеля, аднадумца.
У пачатку 1945 г. выехаў на захад Германіі. Пасля капітуляцыі працаваў у структурах ЮНРРА. Іады ж займеў добрыя дачыненні з амерыканскімі акупацыйнымі ўладамі, у т.л. дзякуючы сяброўству з адным з кіраўнікоў амерыканскай вайсковай адміністрацыі ў Германіі, падпалкоўнікам Ярамірам Поспішылам, з якім пазнаёмілся падчас знаходжання ў Стамбуле. У канцы 1947 - пачатку 1948 гг. пераехаў у Нью-Ёрк; працаваў лекарам. У маі 1948 г. ён быў прызначаны паўнамоцным паслом БЦР у ЗША. Пабачыўшы складанасці ў справе дапамогі ў прыездзе беларускіх DP і цяжкія ўмовы іх жыцця ў Германіі, Іван Ермачэнка зрабіў спробу наладзіць сувязі са старой беларускай эміграцыяй і пераканаць яе дапамагаць суродзічам у Еўропе, на ўзор украінскай, польскай, рускай дыяспараў.
Дзеяч звярнуўся да старой эміграцыі праз рускамоўную прэсу і заклікаў стварыць у Амерыцы беларускую грамадскую арганізацыю - зямляцтва, мэтай якога будзе дапамога суайчыннікам у Германіі запрашэннямі, грашыма, працай і жыллём[1]. Адзін з заснавальнікаў Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Публікаваўся ў часопісе «Беларус у Амерыцы».
Зноскі
- ↑ Зварот быў надрукаваны ў некалькіх газетах, напр.: «Россия» [Нью-Йорк]. - 1948. - № . - 22 сентября. - С..
[правіць] Літаратура
- Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939-1944). — Мн:, 2002.
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.1. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
- Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. - Смаленск: [б.в.], 2009. - 428 с., [12] с. іл. - (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 16).
- Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мн., 1993;
- ЭГБ, т. 3.
