Іван Мележ
| Мележ Іван Паўлавіч | |
![]() Іван Мележ |
|
| Месца нараджэння: |
вёска Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці |
|---|---|
| Дата смерці: | |
| Месца смерці: |
г.Мінск |
| Род дзейнасці: |
{{{Род дзейнасці}}} |
Іван Паўлавіч МЕЛЕЖ (8 лютага 1921, в. Глінішча Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 9 жніўня 1976, Мінск) — беларускі пісьменнік.
Змест |
[правіць] Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў сярэднюю школу (1938), працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. У 1939 паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і з 1-га курса быў прызваны ў Чырвоную Армію. Летам 1940 удзельнічаў у далучэнні Паўночнай Букавіны да СССР. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце — на Збручы, пад Уманню, Нікалаевам, Сінелькавам, Растовам-на-Доне, Лазавой. У чэрвені 1942 пад Растовам цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім гошпіталі адпраўлены ў тыл. Жыў у Бугуруслане, потым выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім педагагічным інстытуце, а з 1943 — у БДУ, які знаходзіўся тады на станцыі Сходня ў Падмаскоўі, дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар (скончыў у 1945 ужо ў Мінску). Пасля вучыўся ў аспірантуры, выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ. Член СП СССР з 1945, з 1966 — сакратар, а ў 1971—1974 — намеснік старшыні праўлення СП БССР.
Выбіраўся дэпутатам ВС БССР (1967—1976). Іван Мележ быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны Міру, членам Сусветнага Савета Міру.
Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1972). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце», Ленінскай прэміі (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна)
Памёр 09.08.1976 г.
[правіць] Творчасць
Дэбютаваў у 1939 вершамі. Першае выступленне ў друку як празаіка адносіцца да 1943 (газета «Бугурусланская правда»). Першае апавяданне на беларускай мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў — «У завіруху» — высока ацаніў Кузьма Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аповесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаўленчага перыяду. Выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў «Гарачы жнівень» (1948), «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (апавяданні, аповесці, нарысы, 1961).
Першы раман «Мінскі напрамак» (1952). У 1960—70-я г. гэты твор перапрацаваны і стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя народныя характары, праз якія паказана героіка і трагедыя вайны.
Іван Мележ — аўтар цыкла раманаў «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1978). Раман «Людзі на балоце» ён пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадзянская смеласць і ідэйна-мастацкая маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х г., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафесійнай культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы беларускага селяніна. Непаўторная мастацкая канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вялікі ідэйны змест данесены праз дасканалую мастацкую форму і адметныя вобразы. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-мастацкае асэнсаванне жыцця беларускага народа на вельмі важным гістарычным этапе, яна стала нацыянальнай эпапеяй.
Напісаў п'есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966). Па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны ў 1966 г. спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 г. спекталь «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 г. — «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»), Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце», Ленінскай прэміі (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна).
У 1975 Іван Мележ выдаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв'ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваенных гадоў).
[правіць] Ушанаванне памяці
Імем Івана Мележа названы школа ў в. Глінішча, бібліятэка ў Гомелі, цеплаход. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей. У 1980 устаноўлена Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа. Яго імя носіць вуліца ў Мінску, вуліцы ў іншых гарадах Беларусі.
Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакументальны фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В. Адамчыка, 1978). Рэжысёры В. Тураў і Дз. Зайцаў на студыі «Беларусьфільм» паставілі мастацкі кінафільмы «Людзі на балоце» (1982, Дзяржаўная прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1983). У 1984 В. Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм.
[правіць] Бібліяграфія
- Збор твораў Т. 1—6. Мн., 1969—71.
- Збор тв. Т. 1—10. Мн., 1979—85.
[правіць] Літаратура
- Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
- Адамовіч А. Літаратура, мы і час. Мн., 1979;
- Андраюк С. Іван Мележ // Сгаль пісьменніка. Мн., 1974;
- Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977;
- Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984;
- Драздова З. У. Майстэрства слова. Мн., 1993;
- Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981;
- Мележ Іван // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X;
- Мележ Іван // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.;
- Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984;
- Смыкава I. Іван Мележ // Смыкава I. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973;
- Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976;
- Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982;
- Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12-81.
[правіць] Спасылкі
- Выбраныя творы на Беларускай Палічцы
- Віртуальны музей Івана Мележа
- Людзі на балоце. Аўдыёкніга, чыт. А. Каляда.
