Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі
Ihnat Bujnicki.jpg
Дата нараджэння: 10 (22) жніўня 1861
Месца нараджэння: фальварак Палівачы, Празароцкая воласць (цяпер Глыбоцкі раён), Дзісненскі павет
Дата смерці: 9 (22) верасня 1917
Месца смерці: Палачаны, Маладзечанскі раён
Род дзейнасці: акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч
Бацька: Тарквіній (Тарквіній-Тэафіл) Буйніцкі (1824—1896)
Маці: Клацільда Гласка
Жонка: 1) Францішка Бжазоўская (1869—1899); 2) Марыя Мацееўна Аношка (1863—1937).
Дзеці: 4 дачкі
Лагатып ВікіСховішча Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі на Вікісховішчы

Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі (10 (22) жніўня 1861, в. Палівачы Празароцкай вол., цяпер Глыбоцкі раённ — 9 (22) верасня 1917) — беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра, удзельнік літаратурнага жыцця.

Яшчэ пры жыцці яго называлі бацькам беларускага тэатра[1]. Ігнат Буйніцкі ўпершыню вывеў «мужыцкі» танец на сцэну, як выканаўца і пастаноўшчык паказаў невычарпальныя магчымасці і прыгажосць беларускіх народных танцаў. Як драматычны акцёр выступаў пераважна ў характарных ролях, умела выяўляў гумар і тонкую іронію. У сваёй музычна-тэатральнай дзейнасці ён працягваў развіваць на больш высокім прафесійным узроўні традыцыі тэатра В. Дуніна-Марцінкевіча[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

І. Буйніцкі з дачкой Вандай на сцэне

Належаў да шляхецкага каталіцкага роду Буйніцкіх гербу «Лебедзь», які яшчэ ў XVIII — пачатку XIX ст. адносіўся да сярэднезаможных у Полацкім ваяводстве ВКЛ і Віцебскай губерні Расійскай імперыі. Аднак бацька Ігната — Тарквіній-Тэафіл Буйніцкі — ужо быў збяднелым шляхціцам[2]. Бацькам Тарквінія Буйніцкага і дзедам Ігната Буйніцкага быў Зігфрыд-Гіяцынт Буйніцкі. Маці Ігната — Клацільда Гласка — таксама была збяднелай шляхцянкай і адносілася да шляхецкага каталіцкага роду Гласкаў[3], які яшчэ ў XVIII — пачатку XIX ст. адносіўся да сярэднезаможных у Полацкім ваяводстве ВКЛ і Віцебскай губерні Расійскай імперыі. І Буйніцкія, і Гласкі сустракаюцца сярод шляхты Полацкага ваяводства ВКЛ яшчэ з XVI ст., дзе займалі земскія пасады і мелі маёнткі. Імя па бацьку будзе пісацца ў афіцыйных дакументах Расійскай імперыі на праваслаўны манер як «Цярэнцьевіч».

Ігнат Буйніцкі скончыў Рыжскае землямернае вучылішча (паводле звестак Язэпа Дылы — Віленскае землямерна-таксатарскае вучылішча[4]), вучыўся ў прыватнай драматычнай студыі ў Вільні[5]. Працаваў каморнікам на Навагрудчыне, Магілёўшчыне, Полаччыне, Ашмяншчыне: вырашаў пытанні продажу зямлі сялянам[6]. Пасля працы Буйніцкі ішоў на вячоркі, адкуль вяртаўся з запісамі песень, замалёўкамі народных строяў і арнаментаў[7].

Зямлю ў Палівачах Буйніцкі набыў, узяўшы крэдыт у банку[6]. У Празароках ён арганізаваў крэдытнае таварыства, дзе сяляне пад невялікі працэнт маглі атрымаць пазыку[8].

Ажаніўся Ігнат Буйніцкі зусім маладым на збяднелай шляхцянцы Францішцы Бжазоўскай (1869—1899), ад гэтага шлюбу ў яго было чатыры дачкі: Ванда-Ігнаціна (нар. 13 красавіка 1890), Гелена-Герменгільда (нар. 16 сакавіка 1892), Людвіга (нар. 19 сакавіка 1894), Леанціна-Эміліана (нар. 1898). У 1899 годзе жонка Буйніцкага памерла і ён ажаніўся зноў — на збяднелай шляхцянцы Марыі Аношка (1863—1937). Ад гэтага шлюбу нарадзіліся яшчэ дзве дачкі: Яўгенія (нар. 20 снежня 1900) і Анатолія-Іаланта (нар. 1903)[9].

Падчас Першай сусветнай вайны ў 1917 адправіўся на Заходні фронт(руск.) бел.[10], быў на вайсковай службе ў Маладзечне. Памёр на сцэне ў час рэпетыцыі, займаючыся салдацкай мастацкай самадзейнасцю[10]. Быў пахаваны на мясцовых могілках, перазахаваны ў Празароках на цэнтральнай плошчы ў 1975[10]. Сядзіба Ігната Буйніцкага, якая знаходзілася за чыгуначным пераездам Палівачы, не захавалася[11].

Уласная трупа[правіць | правіць зыходнік]

Трупа Буйніцкага
Абвестка аб спектаклі «Модны шляхцюк» (1910 г.)
Сцэна са спектаклю «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага
Абвестка аб спектаклі «Па рэвізіі» (1911 г.)

У 1907 г. у сваёй сядзібе ў Палівачах (каля Празарокаў) заснаваў самадзейны тэатр, дзе спачатку прымалі ўдзел яго сваякі. У ім удзельнічала 8 акцёраў, і чалавек прыблізна 16 танцораў. Перад канцэртамі былі рэпетыцыі, якія праводзіў сам Буйніцкі[12]. Тэатр даваў канцэрты і спектаклі ў Палівачах, Празароках і навакольных вёсках. Вывучаў беларускія песні, танцы, народнае адзенне.

У Вільні 12 лютага 1910 г. тэатр Буйніцкага па адмысловым запрашэнні рэдакцыі «Нашай Нівы» прыняў удзел у прадстаўленні, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Першая беларуская вечарынка ў Вільні». Выступленне танцавальнай трупы Буйніцкага мела на гэтай вечарыне каласальны поспех. Разам з новымі драматычнымі акцёрамі і спевакамі трупа стала прафесійнай і атрымала назву «Першая беларуская трупа» або «Тэатр Ігната Буйніцкага».

Другое выступленне трупы Ігната Буйніцкага адбылося 22 лютага 1910 года на этнаграфічным вечары, прысвечаным культурам народаў Паўночна-Заходняга края. У вечары прымалі ўдзел хоры, якія выконвалі расійскія, украінскія, літоўскія, польскія і яўрэйскія песні. Польскі кампазітар Людамір Міхал Рагоўскі адмыслова для беларускай часткі выступлення напісаў музыку на словы верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?», які пазней стаў неафіцыйным гімнам трупы[4]. Апрача песень на вечары паказвалі і народныя танцы ў выкананні трупы Ігната Буйніцкага.

Пасля неаднаразовых поспехаў беларускіх спектакляў Ігнат Буйніцкі ў канцы лета 1910 года нарэшце атрымлівае ад губернскіх уладаў дазвол на гастрольную паездку. Перад адпраўкай у падарожжа, рэжысёр са значнай часткай акцёраў прыязджае да сябе ў Палівачы, каб па-сур'ёзнаму падрыхтаваць гастрольны рэпертуар[4]. У 1910—1913 г. тэатр гастраляваў па Беларусі (Мінск, Слуцк, Полацк, Дзісна, Свянцяны, Паставы, Нясвіж, Ляхавічы), двойчы выступаў у Пецярбургу (1911, 1912), а таксама ў Варшаве (1913)[7][8].

Большасць спектакляў Буйніцкі ставіў самастойна. У рэпертуары групы налічвалася больш за дзясятак танцаў («Лявоніха», «Юрка», «Верабей», «Мяцеліца», «Гняваш», «Мельнік», «Антошка», «Чобат», «Качан», «Чабор», «Полька» і інш.)[13]. Музычнае суправаджэнне ладзіў традыцыйны «траісты ансамбль» — цымбалы, скрыпка, дуда. Вядомы імёны выканаўцаў-музыкантаў — І. Голер, І. Маскаленка (цымбалы), А. Шульга (дуда), якія выступалі ў гастролях трупы[14].

Адначасова І. Буйніцкі старанна адбіраў для сваіх выступаў народныя песні. У гэтым яму дапамагаў кампазітар Л. Рагоўскі і хормайстар трупы Я. Феакцістаў. Напрыклад, хорам выконваліся такія песні, як «Дуда-весялуха», «Ах ты дзьмі», «Падушачка», «За гарамі, за лясамі», «Ох ты дуб», «Прыляцелі гусі», «Ды куды ж ты, дуб зялёны» і іншыя[1][14].

І. Буйніцкі падтрымліваў свой тэатр уласнымі сродкамі. У рэпертуары тэатра акрамя танцаў і песень былі невялікія сцэнкі, пастаноўкі п'ес «Па рэвізіі»[1] і «Пашыліся ў дурні»[1] Маркі Крапіўніцкага, «Хам»[1] і «У зімовы вечар»[1] паводле Элізы Ажэшкі, «Міхалка» братоў Далецкіх, «Сватанне» Антона Чэхава, «Модны шляхцюк»[1] Каруся Каганца, Янкі Купалы, Альберта Паўловіча і інш. У большасці гэта былі пастаноўкі І. Буйніцкага, таксама ён іграў у ролях[15].

І. Буйніцкі меў сяброўскія і творчыя кантакты з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Элізай Ажэшкай, Змітраком Бядулем, Цёткай (якая сама ўдзельнічала ў спектаклях трупы як актрыса).

Тэатру ўвесь час даводзілася пераадольваць прыдзіркі цэнзуры і ўсялякія перашкоды мясцовых уладаў, якія бачылі ў дзейнасці трупы пагрозу вялікадзяржаўнай палітыцы царызму. У сваёй кнізе заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь А. П. Цыхун піша, што з-за выкарыстання беларускай мовы на афішах вечароў з удзелам трупы Буйніцкага артысты мелі праблемы з царскай паліцыяй[16]. Царскія ўлады непрыхільна ставіліся да паказу са сцэны твораў на беларускай мове, асабліва на вострыя сацыяльныя тэмы і часта забаранялі спектаклі[1].

З-за матэрыяльных цяжкасцей і ўціску царскіх уладаў у 1913 г. дзейнасць трупы была спыненая[10].

Прафесійны тэатр[правіць | правіць зыходнік]

У 1914 г. Буйніцкі паспрабаваў стварыць новую трупу, аднак 1-я сусветная вайна перашкодзіла здзейсніць гэту задуму. У пачатку 1917 г. Буйніцкі з'явіўся ініцыятарам арганізацыі прафесійнага тэатра ў Мінску — Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, з якога пачаўся Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.

Буйніцкі-выканаўца[правіць | правіць зыходнік]

І. Буйніцкі ў танцы

Буйніцкі быў узорам добрага артыста для сваіх калег, выходзіў на сцэну ў драматургічных творах, дэкламаваў вершы, танцаваў, спяваў сола і ў хоры (меў лёгкі бас-барытон)[7]. Буйніцкі адрозніваўся тэмпераментным выкананнем беларускіх народных танцаў.

Выступаў у ролях бытавога і характарнага плану: Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» Крапіўніцкага), Ігнась («Модны шляхцюк» Каганца), Аляксей («У зімовы вечар» Ажэшкі)[15]. Відавочна, што ён быў сінтэтычным акцёрам. Любіў асабліва дэкламаваць. І паэзію, і прозу. Але перавагу аддаваў гумарыстычным творам[1]. Ігра Буйніцкага вызначалася жыццёвай і бытавой дакладнасцю, глыбокай самабытнасцю, тонкім гумарам[17].

Паводле ўспамінаў Ядзвігі Іванаўны Радзевіч, удзельніцы трупы, Буйніцкі быў ветлівы, прывабны, росту сярэдняга і сярэдняй паўнаты, голас яго быў бліжэй да барытону, размаўляў з калегамі па-беларуску[12]. Яшчэ адзін удзельнік трупы, І. Голер адзначаў[12], што «Ігнат Буйніцкі быў сярэдняга росту, чорнавалосы, з сівымі скронямі. Танцаваў заўсёды „з сэрцам“. Акцёрам танцы паказваў сам, музыкам мелодыі таксама напяваў сам. Займаўся з трупай стала і ўзімку, і ўлетку.»

Значэнне працы Буйніцкага[правіць | правіць зыходнік]

Буйніцкі Ігнат.jpg

Дзейнасць Буйніцкага ажыццяўлялася ў складаны і супярэчлівы перыяд беларускага адраджэння, калі грамадскае жыццё Беларусі бурліла, утвараючы магутны стваральны струмень, які падхапляў створаную народам спадчыну: музычную, літаратурную, тэатральную і перамолваў усё гэта, надаючы выніку стройную форму, скончанасць і цэласнасць.

І. Буйніцкі быў яскравым прадстаўніком свайго часу, яго асабісты талент і выдатныя здольнасці яго паплечнікаў дапамаглі вывесці аматарскую трупу на высокі прафесійны ўзровень. Яго творчасць сведчыць пра з'яўленне новай тэндэнцыі — прафесіяналізацыі народных традыцый[14]. І. Буйніцкі збіраў фальклорны матэрыял, пераймаў сялянскія песні і танцы. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы беларускага народнага выяўленчага мастацтва, акцёры выступалі ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Буйніцкі беражліва ставіўся да захавання вытокавай харэаграфіі, імкнуўся не мяняць узор танцу.

З. Абрамовіч так апісвае выступленне танцавальнай групы ў спектаклі[14]:

" Дуда і скрыпка падаюць тэмп… Мелодыя нарастае, а Буйніцкі, узяўшыся ўбокі і злёгку сагнуўшыся, вядзе нас за сабой без усялякай рысоўкі, «запальвае» нас танцам, у якім няма нават намёку на якую-небудзь стылізацыю "

З. Бядуля ў адным з артыкулаў адзначаў, што Буйніцкі, надаючы танцам асаблівую жвавасць і бойкасць, свядома не мадэрнізуе іх ніякімі новымі рыскамі, пакідаючы іх сырым этнаграфічным матэрыялам[18].

Імкненне да этнаграфічнай рэгіянальнай дакладнасці праяўлялася ў выбары касцюмаў, тыпу арнаменту, колеравых спалучэнняў, у роспісах заднікаў, куліс, харэаграфічнай лексіцы[14]. Пры гэтым разнастайнасць творчых форм, якія аб'ядноўвала трупа ў адным выступленні: п'еса, танцы, дэкламацыя вершаў і харавыя спевы — не выглядалі стракатым калейдаскопам дзякуючы таму, што звязальнай тэмай кожнага вечара была народная, фальклорная аснова творчага матэрыялу[14]. Буйніцкі стварыў выдатны сімбіёз народнай і прафесійнай творчасці[14].

Творчая назіральнасць, цудоўныя музычныя даныя дазволілі І. Буйніцкаму этнаграфічна дакладна фіксаваць стылістыку народнага танца і ствараць яркія, дынамічныя, фальклорна-праўдзівыя танцавальныя сюіты-дывертысменты, якія сталі вытокамі нацыянальнага балетнага мастацтва[14]. Ён шырока прапагандаваў музычную творчасць народа, яго песні і танцы, імкнуўся да стварэння сінтэтычнага тэатра, у якім, акрамя драматычнага мастацтва, былі б прадстаўлены харавыя спевы і народная харэаграфія[1]. Важным значэннем яго дзейнасці стала магчымасць азнаёміць з беларускай нацыянальнай культурай шырокае кола людзей самых розных сацыяльных груп[14].

І. Буйніцкі нястомна прапагандаваў беларускі тэатр, арганізоўваў аматарскія гурткі[15]. Акрамя тэатральнай дзейнасці, ён прымаў удзел і ў іншых формах грамадскага жыцця, напрыклад, уваходзіў у склад праўлення Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны[19].

Памяць і прызнанне землякоў[правіць | правіць зыходнік]

Буйніцкаму прысвячалі вершы Янка Купала[20], Змітрок Бядуля, Віталь Гарановіч, Алесь Жыгуноў, Уладзімір Караткевіч[21], Антон Бялевіч, Пятрусь Макаль, Навум Гальпяровіч, аповесць «Апошняя дзея» прысвяціла яму Ірына Жарнасек[8][22]. Мастак Я. М. Ціхановіч у 1983 годзе намаляваў партрэт Буйніцкага, збоку прыпісаўшы радкі купалаўскага верша[23].

У в. Празарокі ў будынку сярэдняй школы створаны музей заснавальніка беларускага тэатра (адкрыты ў 1982 г.), дзе прадстаўленыя афішы спектакляў, здымкі трупы, лісты Зоські Верас і Зыгмунта Абрамовіча, успаміны празароцкіх старажылаў. У скверы — магіла Ігната Буйніцкага і помнік яму (устаноўлены ў 1976 г.; скульптар І. Міско, архітэктар М. Бурдзін)[15][24].

У Мінску ў гонар Буйніцкага названы вуліца і завулак, у Маладзечне — вуліца, у Глыбокім — вуліца і глядзельная зала гарадскога цэнтра культуры[8].

З 1992 года прысуджаецца прэмія імя І. Ц. Буйніцкага ў галіне тэатральнага мастацтва[6].

У 2007 годзе быў выпушчаны канверт з арыгінальнай паштовай маркай у гонар стагоддзя з часу стварэння першага тэатра ў Беларусі пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага. 16 жніўня 2011 г. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэнне памятныя манеты «І. Буйніцкі. 150 гадоў».

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

Стрыечны прапраўнук Ігната Буйніцкага Максім Буйніцкі(руск.) бел. вядомы як кінарэжысёр.

Зноскі

  1. 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 Игнат Буйницкий — «бацька беларускага тэатра» (руск.) 
  2. Няфёд, У. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра : вачыма сучаснікаў і ў памяці нашчадкаў… С. 22.
  3. Няфёд, У. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра : вачыма сучаснікаў і ў памяці нашчадкаў… С. 22.
  4. 4,0 4,1 4,2 Дыла Я. Першы прафесійны тэатр // Творы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 299. — 351 с.
  5. Ігнат Буйніцкі // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі: У 3 т. Т. 1: Ад вытокаў — да пачатку XX стагоддзя / Бел. ун-т культуры; Уклад., рэд. тэкстаў, уступ. арт. і камент. А. В. Сабалеўскага. — 2-е выд., пашыр. і ўдаклад.. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — С. 417. — 444 с. — ISBN 985-08-0064-X
  6. 6,0 6,1 6,2 Набыў гаспадарку дзеля сцэны
  7. 7,0 7,1 7,2 Сёньня спаўняецца 145 гадоў Ігнату Буйніцкаму
  8. 8,0 8,1 8,2 8,3 22 жніўня — 150 гадоў з дня нараджэння Ігната Буйніцкага
  9. Няфёд, У. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра : вачыма сучаснікаў і ў памяці нашчадкаў… С. 23.
  10. 10,0 10,1 10,2 10,3 Буйницкий Игнат Терентьевич, биография (руск.) 
  11. «Беларуская вечарына ў стылі Ігната Буйніцкага», прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння акцёра і тэатральнага дзеяча, адбудзецца 15 верасня ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Музычны зав., 5) у Мінску
  12. 12,0 12,1 12,2 В Глубокском музее открыта выставка, посвящённая 150-летию Игната Буйницкого (руск.) 
  13. Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышейш. школа», 1978. 528 с. с ил.
  14. 14,0 14,1 14,2 14,3 14,4 14,5 14,6 14,7 14,8 Э. Алейнікава. Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Мастацтва: вучэб. дапам.-хрэстаматыя па сусв. маст. культуры для 10 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучэння / Аўт.-укл. Г. В. Наполава — Мн.:Піан, 1998. — 360 с.: іл.
  15. 15,0 15,1 15,2 15,3 т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  16. Цыхун, А. П. Акадэмік з вёскі Лаша Я. Ф. Карскі: краязнаўча-біяграфічны нарыс/рэд. канд. гіст. нав. А. У. Богуш, канд. філал. нав. І. І. Крамко.-Гродна, 1992.-76 с.
  17. БУЙНІЦКІ ІГНАТ ЦЯРЭНЦЬЕВІЧ
  18. З. Бядуля. Як стварыць беларускі балет? — «Савецкая Беларусь», 1922, 24 лістапада
  19. Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006. ІSВN 985-6530-40-7
  20. Ігнату Буйніцкаму
  21. ШЛЯХІ ІГНАТА БУЙНІЦКАГА
  22. Ігнату Буйніцкаму ад землякоў
  23. Любіць Радзіму-шанаваць родную мову
  24. Магіла Буйніцкага

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сабалевскi, А. В. Хрэстаматыя па гiсторыi беларускага театра i драматургii. т. 1. — Мн., 1975. С.308-326
  • Алейнікава, Э. Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Мастацтва: вучэб. дапам.-хрэстаматыя па сусв. маст. культуры для 10 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучэння / Аўт.-укл. Г. В. Наполава — Мн.: Піан, 1998. — 360 с.: іл.
  • Алексютович, Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. — Мн.: «Вышейш. школа», 1978. — 528 с. с ил.
  • Няфёд У. І. Беларускі тэатр. Нарысы гісторыі. — Мн., 1959. С. 84-105
  • Театральная энциклопедия. Том 1 / Глав. ред. С. С. Мокульский — М.: Советская энциклопедия, 1961. — 1214 стб. с илл., 12 л. илл.
  • Буйніцкі І. Ц. // Новыя кнігі. — 2001. — № 5. — С. 5-7.
  • Буйніцкі Ігнат Цярэнцьевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1994. — C. 117—118.
  • Гарановіч, В. Ігнату Буйніцкаму : верш / В. Гарановіч // Народное слова. — 2002. — 19 студз. — С. 5.
  • Да стагоддзя з дня нараджэння І. Ц. Буйніцкага // Беларускае мастацтва. Мн., 1962, в. 3;
  • Ігнат Буйніцкі — заснавальнік беларускага тэатра // Русецкі, А. У. Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. — Мн., 2005. — С. 249—260.
  • Іпатава, В. Натхняе і сёння / В. Іпатава // Краязнаўчая газета. — 2006. — № 3 (жніўня). — С. 2-3.
  • Зінкевіч, А. І гарэць той славе… / А. Зінкевіч, У. Барыла // Веснік Глыбоччыны. — 2001. — 29 верас. — С. 1-2.
  • Команава, Т. Ён быў заснавальнікам беларускага тэатра / Т. Команава // Культура. — 2001. — 29 верас. — 5 кастр. — С. 3.
  • Марціновіч, А. Важна рэй вадзіў Буйніцкі / А. Марціновіч // Беларуская думка. — 2001. — № 8. — С. 75-83.
  • Няфёд, У. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра : вачыма сучаснікаў і ў памяці нашчадкаў / У. І. Няфёд. — Мн., 1991. — 124 с.
  • Няфёд, У. Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага / У. Няфёд // Гісторыя беларускага тэатра : у 3 т. — Мн., 1983. — Т. 3. — С. 428—450.
  • Подлипский, А. Основатель белорусского театра / А. Подлипский // Народнае слова. — 2000. — 28 сак. — С. 6.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Відэа: