Іерамія Міхал Міхайлавіч Вішнявецкі
Іерамія Міхал Міхайлавіч ВІШНЯВЕЦКІ, Ярэма[1] (1612—1651) — буйны магнат на Украіне, ваявода рускі (1646), староста гадзяцкі, канеўскі, пшэмыскі.
Першапачаткова праваслаўны, пасля вучобы ў езуіцкай школе ва Львове перайшоў у каталіцтва (1631), стаў гарачым прыхільнікам яго распаўсюджвання, карыстаўся польскай і ўкраінскай мовамі.
Яго валоданні на Украіне складаліся з 56 гарадоў, мястэчак і вёсак і займалі большую частку цяперашняй Палтаўскай вобласці. Меў таксама маёнткі ў Валыні і Палессі, 12-тысячнае войска, прымаў замежных паслоў.
Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—1634. Узначальваў групоўку магнатаў, якая выступала супраць цэнтралізацыі ўлады ў Рэчы Паспалітай, патрабаваў ад караля рашучых дзеянняў па задушэнні антыфеадальнай вайны 1648—1651, у выніку якой страціў большасць сваіх маёнткаў.
На пачатку антыфеадальнай вайны на Украіне фактычна ўзначаліў процідзеянне паўстанцам — казакам і сялянам, вёў з імі жорсткую барацьбу. Памёр пасля перамогі над арміяй Б. Хмяльніцкага, каля Берастэчка.
Зноскі
- ↑ паводле укр. казакоў
[правіць] Літаратура
- А. П. Грыцкевіч. Вішнявецкія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.;