Ілья Данілавіч Гурскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ілья Гурскі)
Ілья Данілавіч Гурскі
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Л. Бушма[1], Лявон Бушма[1] і І. Даніловіч[1]
Дата нараджэння 26 красавіка 1899(1899-04-26)
Месца нараджэння
Дата смерці 11 жніўня 1972(1972-08-11) (73 гады)
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, пісьменнік, драматург
Грамадская дзейнасць
Член у
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Чырвонай Зоркі Ордэн «Знак Пашаны»
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ілья́ Гу́рскі, поўнае імя Ілья́ Дані́лавіч Гу́рскі (26 красавіка 1899, в. Замосце, цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць — 11 жніўня 1972) — беларускі пісьменнік, драматург. У 1927—1930-х гадах як загадчык Галоўліта БССР адказваў за цэнзуру ў беларускай літаратуры[2].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Замосце Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці). Скончыў Магілянскую народную школу. У 1914 годзе ў пошуках працы накіраваўся ў Петраград. Батрачыў у маёнтку непадалёк ад станцыі Любань Мікалаеўскай чыгункі (Наўгародская губерня). У 1915—1916 гадах працаваў падсобным рабочым на пякарні ў Петраградзе, потым качагарам на паравозе (Абухаўскі сталеліцейны завод)[3].

У 1917 годзе ўдзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях у Петраградзе. У 1919 годзе ўступіў ў партыю бальшавікоў і паводле партыйнай мабілізацыі трапіў у Чырвоную Армію. Ваяваў па Паўднёвым фронце ў час грамадзянскай вайны ў Расіі, пазней удзельнік польска-савецкай вайны. Быў паранены пад Растовам-на-Доне[3].

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Беларусь (БССР). З 1924 года працаваў у Галоўліце БССР, Галоўрэперткаме, Галоўмастацтве БССР. Уваходзіў у Рэспубліканскую камісію па праверцы ўцалелых прыватных бібліятэк, гімназій і іншых навучальных устаноў[3].

У сакавіку 1927 года стаў загадчыкам Галоўліта БССР[4], на гэтай пасадзе адказваў за цэнзуру ў беларускай літаратуры[2]. Таксама адказваў за цэнзуру тэатральнага рэпертуару на пасадзе старшыні Галоўрэперткама. У лістападзе 1929 года Гурскі дакладаў, што Галоўрэперткам выкрасліў з рэпертуару беларускіх тэатраў такія п’есы, як: «Дзядзька Якуб» Ф. Аляхновіча, «Нажыўся» І. Бэна, «Астап» А. Глобы, «Фанатык» У. Галубка, «Скарынін сын з Полацку» М. Грамыкі, «Айцец Мікола» і «Снягурачка» М. Ільінскага, «Тутэйшыя» Я. Купалы, «Слуцкая варона» М. Кудзелькі (М. Чарота), «Чаму змоўк гармонік над Дзвіной» Я. Рамановіча, «Апраметная» В. Шашалевіча, «Каля тэрасы» М. Грамыкі[5].

У 1932 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1935 годзе аспірантуру пры Інстытуце літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук.

У 1935—1941 гадах — рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва».

Удзельнік паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года, адказны сакратар газеты «Беларуская звязда» — органа Палітычнага ўпраўлення Заходняга фронту[3].

З 22 чэрвеня 1941 года па лістапад 1942 года служыў у Чырвонай Арміі. Затым разам з групай беларускіх пісьменнікаў быў дэмабілізаваны. У час Другой сусветнай вайны Ілья Гурскі быў адказным сакратаром франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», рэдактарам газеты «За свабодную Беларусь» і сатырычнага часопіса «Партызанская дубінка».

Пасля вайны, з 1944 па 1960 год узначальваў часопіс «Беларусь».

Быў членам Саюза пісьменнікаў БССР (з 1934), на працягу многіх гадоў быў членам прэзідыума саюза.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку творчай дзейнасці Ілья Гурскі пісаў у асноўным драматургічныя творы. Аўтар п’ес «Дрыгва» (1928), «Качагары» (1930; пастаўлена ў БДТ-2 у 1931 г.), «Новы горад» (1932), «Маці» (1934), «Сваты» (1935; пастаўлена ў БДТ-1 у 1936 г.), «Патрыёты» (1939), «Хлеб» (1949), «Свае людзі» (1950; пастаўлена ў Пінскім абласным драматычным тэатры ў 1950 г.) і інш. Напісаў п’есу для дзяцей «Сварка» (1929), радыёп’есу «На крэсах усходніх» (1933), аднаактовыя п’есы «На варце» (1938) і «Клад» (1941). Многія з твораў аўтара былі пастаўлены аматарскімі драматычнымі гурткамі.

Апавяданні Гурскі пачаў пісаць з 1934 года. Для іх, як і для п’ес аўтара, характэрна актуальная для таго часу тэматыка: індустрыялізацыя і калектывізацыя, калгаснае жыццё. Аўтар нярэдка выкарыстоўваў фальклор: казкі, прыказкі, прымаўкі, што надавала тэкстам большую метафарычнасць.

Публікацыі 1930-х гадоў Ілья Гурскі пісаў у стылі вульгарнага сацыялагізму[6]. Займаўся цкаваннем і выкрыццём нацыянал-дэмакратызму ў час палітычных рэпрэсій[7].

У 1951 годзе выйшлі «Выбраныя творы» Ільі Гурскага. Аўтар кніг апавяданняў «Над Нёманам» (1945), «На родных гонях» (1948), «Зары насустрач» (1949), «Неспакойныя характары» (1955), «У вялікай дарозе» (1958), «Родная дарога» (1961); аповесці «Лясныя салдаты» (1945).

Асноўная тэма пасляваеннай творчасці пісьменніка — барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гэтаму прысвечаны многія творы Гурскага, у тым ліку аповесць «Лясныя салдаты» і раман «У агні» (1952; новая рэдакцыя 1959 г.). Пра падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі расказваецца ў рамане-хроніцы «Вецер веку» (1966, складаецца з чатырох кніг). У кнігах аўтара вельмі часта сюжэт пабудаваны на фактычным матэрыяле.

У 1971 годзе напісаны раман-памфлет «Чужы хлеб».

Перакладаў на беларускую мову Максіма Горкага, Антона Чэхава, Марка Твэна.

Ацэнкі творчасці[правіць | правіць зыходнік]

Літаратуразнавец Іван Чыгрын адзначае вульгарны сацыялагізм у публікацыях Гурскага 1930-х гадоў[6].

Сымон Кандыбовіч піша пра ўклад Ільі Гурскага ў разгром нацыянальнага руху ў Беларусі ў 1930-х гадах[8]:

" Каб канчаткова скампраметаваць нацдэмаў ды іх дзейнасць, новы загадчык аддзела мастацтва Наркамасветы БССР І.Гурскі атрымаў замову напісаць п’есу адпаведнага зместу. Гурскі вырашыў напісаць п’есу сам і такім чынам зрабіць сабе кар'еру. Не валодаючы здольнасцямі драматурга, ён напісаў не п’есу, а бяздарны пасквіль на людзей, што ўжо апынуліся ў скляпеннях ДПУ. Выкарыстаўшы сваё службовае становішча, Гурскі абавязаў першы тэатр прыняць да пастаноўкі сваю бяздарную працу. Былі выкарыстаныя вялізныя матэрыяльныя рэсурсы на шкоду іншым тэатрам. Тэма была «актуальная» і ніхто не асмеліўся паказаць бяздарнасці п’есы. Аднак ні матэрыяльныя выдаткі, ні старанні рэжысёра не маглі хоць крыху дапамагчы гэтаму твору. Гурскі намаляваў нацыянальных дзеячаў Беларусі п’яніцамі, разбэшчаным элементам. Спроба самагубства паважанага ўсімі таленавітага паэта Янкі Купалы паказана як неразумны ўчынак у п’яным выглядзе. Пасля дзвюх-трох пастановак п’еса Гурскага як відавочна бяздарная, надуманая, фальшывая без звычайных шуміхі, крытыкі, пакаянных выступленняў і прызнання памылак аўтарам была знятая з сцэны тэатра. "

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1969).

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Імем Ільі Гурскага названа вуліца ў Мінску, на будынку, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Яго імем названа Нёманская сярэдняя школа (в. Магільна, Уздзенскі раён).

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в https://bis.nlb.by/ru/documents/128627
  2. а б Гужалоўскі А. 2012, с. 110.
  3. а б в г Беларускія пісьменнікі 1993, с. 285.
  4. Гужалоўскі А. 2012, с. 310.
  5. Гужалоўскі А. 2012, с. 198.
  6. а б Беларускія пісьменнікі 1993, с. 286.
  7. Леанід Лыч. Pawet: Міжваенная беларусізацыя і яе ўрокі. pawet.net. — «Красу беларускай гістарычнай навукі У. Ігнатоўскага Ілья Гурскі назваў "дэфензіўшчыкам… здраднікам, лютым ворагам дыктатуры пролетарыята".»  Праверана 8 студзеня 2024.
  8. Сымон Кандыбовіч. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі . knihi.com. Праверана 9 студзеня 2024.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]