Інданезійска-малайзійская канфрантацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Інданезійска-малайзійская канфрантацыя
Брытанскія салдаты дэсантуюцца на Барнэа
Брытанскія салдаты дэсантуюцца на Барнэа
Дата 20 студзеня 196311 жніўня 1966
Месца паўночная частка вострава Калімантан
Прычына Імкненне Інданезіі ўключыць у склад сваёй краіны Паўночны Калімантан, што знаходзіўся пад кантролем Федэрацыі Малайзіі
Вынік Пасля прыходу да ўлады генерала Сухарта канфлікт быў урэгуляваны
Праціўнікі
 Інданезія  Малайзія
 Вялікабрытанія
 Аўстралія
 Новая Зеландыя
Камандуючыя
Сцяг Інданезіі Сукарна
Сцяг Інданезіі Амар Дані
Сцяг Інданезіі Марадэн Пангабеан
Сцяг Малайзіі Тунку Абдул Рахман
Сцяг Вялікабрытаніі Уолтэр Уолкер
Страты
590 забітых
222 параненыя
114 забітых
181 паранены
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Інданезійска-малайзійская канфрантацыя 1963—1966 гадоў — малаінтэнсіўны ўзброены канфлікт паміж Інданезіяй з аднаго боку і Федэрацыяй Малайзіі, Вялікабрытаніяй, Аўстраліяй і Новай Зеландыяй з іншага боку з-за стварэння дзяржавы Малайзія і ўлучэнні ў яе склад брытанскіх уладанняў на паўночнай частцы вострава Калімантан.

Пярэдадне канфлікту (1960—1962)[правіць | правіць зыходнік]

Спачатку Інданезія нічога не мела супраць планаванага аб'яднання былых брытанскіх уладанняў Малаі, Саравака, Брунея і Паўночны Барнэа ў дзяржаву Малайзію. 20 лістапада 1960 года міністр замежных спраў Інданезіі Субандрыа, выступаючы на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, проста заявіў, што Інданезія не пярэчыць супраць такога аб'яднання, а 26 верасня 1962 года на прэс-канферэнцыі ў Сінгапуры адмаўляў наяўнасць якога-небудзь канфлікту паміж Інданезіяй і Малаяй. Субандрыа толькі перасцярог Малаю ад размяшчэння на востраве Барнэа ваеннай базы ЗША, паабяцаўшы, што ў гэтым выпадку Інданезія размясціць на сваёй частцы вострава ваенную базу СССР. «У нас будзе агульная мяжа з Малайзіяй, як мы можам застацца безуважнымі ў такой сітуацыі», — сказаў ён[1]. Аднак неўзабаве пазіцыя інданезійскага прэзідэнта Сукарна змянілася.

Паўстанне ў Брунеі (1962)[правіць | правіць зыходнік]

Увосень 1962 года Народная партыя Брунея на чале з былым службоўцам арміі Інданезіі Азхары падняла паўстанне і абвясціла незалежнасць дзяржавы «Паўночны Калімантан». Сукарна заявіў, што інданезійцы зменяць сваім прынцыпам, калі «не падтрымаюць рэвалюцыю на Паўночным Калімантане», тым больш што ў свой час брунейцы падтрымвалі інданезійскіх паўстанцаў грашамі і добраахвотнікамі падчас іх барацьбы з Галандыяй. Але брытанскае армія хутка пабіла паўстанцаў Азхары і адціснула іх у джунглі. Нягледзячы на гэта, парламент Інданезіі прыняў рэзалюцыю пра іх падтрымку[2]. У Джакарце прыйшлі да высновы, што Паўночны Калімантан бліжэй да Інданезіі, чым да Малаі.

Пачатак канфлікту (1963)[правіць | правіць зыходнік]

Ужо 20 студзеня 1963 года Субандрыа, вярнуўшыся з Пекіна, дзе ён па даручэнні Сукарна заручыўся поўнай падтрымкай кіраўнікоў КНР, заявіў, што Інданезія змушана перайсці да супрацьстаяння з Малайзіяй, бо «гэта краіна ў наш час уяўляе сабою саўдзельніка неакаланіялізму, праводзячы варожую палітыку ў дачыненні Інданезіі[3]». Адначасна галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі Інданезіі генерал Ахмад Яні паведаміў, што «армія гатова і чакае загаду». Потым Сукарна заявіў, што Федэрацыя Малайзія мае намер бараніць інтарэсы «алавяных, каўчукавых і нафтавых каралёў Захаду», і Інданезія выступае супраць стварэння гэтага «спараджэння неакаланіялізму». Адначасна генерал Насутыён адправіў першых добраахвотнікаў на мяжу з Саравакам, а Азхары прыбыў у Джакарту і сфармаваў «урад у выгнанні»[4].

Спроба манеўру (1963)[правіць | правіць зыходнік]

Тэкст Манільскага пагаднення паміж Філіпінамі, Малайскай Федэрацыяй і Інданезіяй.

Праз паўгода пасля пачатку канфлікту вонкавая палітыка Інданезіі зноў зрабіла нечаканы зігзаг. 31 мая1 чэрвеня 1963 года ў Токіа пры пасярэдніцтве прэм'ер-міністра Японіі Хаята Ікэды прайшлі перамовы паміж Сукарна і малайскім лідарам Абдул Рахманам[5]. 7 чэрвеня на трохбаковай сустрэчы ў Маніле Субандрыа абвясціў пра падтрымку ідэі філіпінскага прэзідэнта Дыясдада Макапагала пра Канфедэрацыю Малаі, Філіпін і Інданезіі — Мафилиндо. Але стварэнне такой канфедэрацыі засталося толькі на паперы — Абдул Рахман не меў намеру адмаўляцца ад планаў стварэння Малайзіі, а камісія ААН прыйшла да высновы, што насельніцтва Паўночнага Калімантана, Сабаха і Саравака не жадае яднацца з Інданезіяй. Канфрантацыя аднавілася з яшчэ большай сілай[6].

Абвяшчэнне Малайзіі і прамая канфрантацыя (1963—1964)[правіць | правіць зыходнік]

На наступны дзень пасля таго, як 15 верасня 1963 года было абвешчана стварэнне Малайзіі, Джакарта была ахоплена масавымі дэманстрацыямі. 17 верасня дыпламатычныя адносіны паміж краінамі былі разарваны, а інданезійскае пасольства ў Куала-Лумпуры было разгромлена. На наступны дзень былі разгромлены і спалены ўжо пасольствы Малаі і Вялікабрытаніі ў Джакарце[7]. Сукарна аддаў загад спыніць любы гандаль з Малайзіяй, нягледзячы на тое, што гэта пазбавіла Інданезію траціны яе вонкавых рынкаў[8].

Увосень 1963 года прыхільнікі Азхары, інданезійскія добраахвотнікі і прыхільнікі Маа Цзэдуна разгарнулі партызанскі рух на Паўночным Калімантане. У пачатку мая 1964 года Сукарна абвясціў свае «Дзве каманды народу» («ДВІКОРА»), заклікаўшы інданезійцаў абараніць заваёвы сваёй рэвалюцыі, падтрымаць партызанскую вайну ў Малаі, Сінгапуры, Сабахе, Сараваку і Брунеі і «знішчыць» Малайзію да 1 студзеня 1965 года. У рух добраахвотнікаў па вызваленні Паўночнага Калімантана запісаўся 21 мільён чалавек. Змаганне з Малайзіяй падтрымалі і кітайцы, якія жылі ў Інданезіі, яны далі 200 000 добраахвотнікаў, грашовыя ахвяраванні і нават паставілі оперу «Знішчым Малайзію», якую паказвалі па ўсёй краіне[9].

Супрацьстаянне (1964—1965)[правіць | правіць зыходнік]

У чэрвені 1964 года Сукарна і Абдул Рахман яшчэ раз сустрэліся ў Токіа, але не змаглі дамовіцца[5]. На бок Малайзіі ўстала Вялікабрытанія, ужо гатовая абвясціць Інданезіі вайну, і ЗША, якія ў ліпені 1964 года падтрымалі малайзійскага лідара Абдул Рахмана. Свае войскі на тэрыторыі Малайзіі ў адпаведнасці з дагаворам 1957 года «Пра абарону і ўзаемную дапамогу» трымалі Аўстралія і Новая Зеландыя. Сукарна звінаваціў ЗША ў здрадзе і 17 жніўня заклікаў працягнуць барацьбу, нават калі за Малайзію ўступіцца «дзясятак імперыялістычных дзяржаў».

У жніўні-верасні інданезійская армія высадзіла няўдалыя марскі і паветраны дэсанты ў штаце Джахор[10], а ў верасні 1964 года на Паўночным Калімантане паміж Інданезіяй і Малайзіяй пачаліся пагранічныя сутыкненні, што пераходзяць у баі мясцовага значэння. Сукарна заявіў: «Калі мы пасылаем сваіх салдатаў у Малайзію, тое гэта зусім не азначае, што мы парушаем яе суверэнітэт, бо дзяржавы Малайзіі не існуе»[11].

7 студзеня 1965 года, пасля таго, як Малайзія стала нясталым членам Савета Бяспекі ААН, Сукарна абвясціў пра выхад Інданезіі з ААН. Імкнучыся стварыць разам з КНР новую, «рэвалюцыйную ААН» ён сцвярджаў, што ў змаганні з Малайзіяй «Інданезія стала маяком для свету і чалавецтва і заняла выбітнае месца сярод дзяржаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі і сацыялістычных краін». Дыверсійныя групы інданезійскай арміі ўвесь час дзеялі на Калімантане, і прэзідэнт Інданезіі настойваў на тым, каб гэты «агонь рэвалюцыі» пашырыўся на ўсю Паўднёва-Усходнюю Азію. Сукарна сцвярджаў, што Малайзія створана брытанцамі з дапамогай «клею і нажніц», і калі 9 жніўня 1965 года Сінгапур па сваіх прычынах пакінуў Федэрацыю, прыпісаў гэта сваёй палітыцы. Тымчасам падрыхтоўка вайны з Малайзіяй паглынала 80 % і без таго беднага бюджэту Інданезіі[12].

Апазіцыя арміі Інданезіі[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўніцтва ўзброеных сіл Інданезіі не падзяляла рэвалюцыйных настрояў Сукарна і не бачыла сэнсу ў «знішчэнні Малайзіі». Інданезійскія генералы на справе згарнулі вайсковыя дзеянні і таемна ўсталявалі кантакты з камандаваннем малайзійскай арміі. Каб спыніць сабатаж сваіх рашэнняў, Сукарна 11 ліпеня 1965 года паставіў на чале Аб'яднанага камандавання «Гатовасць» (КОЛАГ) вернага яму маршала авіяцыі Амара Дані. Але правым генералам на чале з галоўнакамандуючым сухапутнымі войскамі генерал-лейтэнантам Ахмадам Яні атрымалася ўзмацніць Камандаванне стратэгічнага рэзерву арміі (КОСТРАД, выконвала абаронныя функцыі на востраве Ява) на чале з генералам Сухарта[13]. Менавіта яно дазволіла камандаванню арміі выйграць супрацьстаянне з Сукарна і Субандрыа і здушыць Рух 30 верасня.

Завяршэнне канфлікту (1965—1966)[правіць | правіць зыходнік]

Пасля правалу спробы левага перавароту 30 верасня 1965 года ўлада Сукарна стала хутка слабець, а разам з ёй слабела і супрацьстаянне з Малайзіяй. 21 лютага 1966 года ў выніку рэарганізацыі было створана Камандаванне па знішчэнні Малайзіі (ХОГАМ) на чале з Сукарна. Яго намеснікам па ваенных пытаннях стаў генерал Абдул Харыс Насутыён, а штаб ХОГАМ узначаліў генерал Сухарта, якія не мелі намер ваяваць з Малайзіяй[14]. Новы кіраўнік МЗС Адам Малік, які змяніў арыштаванага 18 сакавіка міністра замежных спраў Субандрыа, таксама толькі фармальна падтрымваў лозунгі прэзідэнта. Больш таго, ён заявіў пра патрэбу «рэвалюцыі» ў вонкавай палітыцы і ў красавіку пачаткаў шукаць глебу для новых адносін з Малайзіяй і Сінгапурам[15]. Пад канец мая ён выляцеў у Бангкок, дзе правёў перамовы з міністрам замежных спраў Малайзіі Абдул Разакам пра нармалізацыю адносін[16].

11 жніўня 1966 года Сухарта ў абыход Сукарна, які фармальна заставаўся прэзідэнтам, склаў з Малайзіяй у Джакарце пагадненне пра спыненне канфрантацыі. Паводле пагаднення, варожыя дзеянні неадкладна спыняліся і паміж краінамі аднаўляліся дыпламатычныя адносіны. Малайзія абавязалася правесці ў Сабаху і Сараваку свабодныя дэмакратычныя ўсеагульныя выбары для пацверджання іх рашэння пра ўваходжанне ў Федэрацыю[16] і афіцыйна прызнаць суверэнітэт Сінгапура. Пачаліся перамовы з Вялікабрытаніяй пра пачатак паэтапнага прадстаўлення незалежнасці Брунею[17]. Неўзабаве спыніла сваё існаванне і Камандаванне па знішчэнні Малайзіі[18].

Зноскі

  1. Другов А. Ю., Резников А. Б. Индонезия в период «направляемой демократии» — М.: Наука, Главная редакция восточной литературы, 1969. — C. 103.
  2. Капица М. С., Малетин Н. П. Сукарно: политическая биография — М.: Мысль, 1980. — С. 214.
  3. Другов А. Ю., Резников А. Б. Индонезия в период «направляемой демократии». — C. 105.
  4. Капица М. С., Малетин Н. П. Сукарно: политическая биография. — С. 216-217.
  5. а б Колосков Б. Т. Малайзия вчера и сегодня — М.: Мысль, 1984. — С. 243.
  6. Другов А. Ю., Резников А. Б. Индонезия в период «направляемой демократии». — C. 116-117.
  7. Другов А. Ю., Резников А. Б. Индонезия в период «направляемой демократии». — C. 118.
  8. Капица М. С., Малетин Н. П. Сукарно: политическая биография. — С. 218.
  9. Капица М. С., Малетин Н. П. Сукарно: политическая биография. — С. 222.
  10. Колосков Б. Т. Малайзия вчера и сегодня. — С. 134.
  11. Капица М. С., Малетин Н. П. Сукарно: политическая биография — С. 223.
  12. Капица М. С., Малетин Н. П. Сукарно: политическая биография. — С. 236.
  13. Капица М. С., Малетин Н. П. Сукарно: политическая биография. — С. 246-247.
  14. Капица М. С., Малетин Н. П. Сукарно: политическая биография. — С. 278.
  15. Капица М. С., Малетин Н. П. Сукарно: политическая биография. — С. 286.
  16. а б Колосков Б. Т. Малайзия вчера и сегодня. — С. 139.
  17. Бруней // SmilePlanet.ru
  18. Капица М. С., Малетин Н. П. Сукарно: политическая биография. — С. 295−296.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Другов А. Ю., Резников А. Б. Индонезия в период «направляемой демократии». — М.: Наука, Главная редакция восточной литературы, 1969.
  • Капица М. С., Малетин Н. П. Сукарно: политическая биография. — М.: Мысль, 1980.
  • Колосков Б. Т. Малайзия вчера и сегодня. — М.: Мысль, 1984.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]