Інтэлектуальны дом

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хатняя кантрольная панэль дазваляе кантраляваць асвятленне, тэмпературу ў памяшканні, бяспеку і хатнія забавы.

Інтэлектуальны дом, або разумны дом (англ.: smart home) — жылы дом сучаснага тыпу, арганізаваны для пражывання людзей пры дапамозе аўтаматызацыі і высокатэхналагічных прылад. Пад «інтэлектуальным» домам варта разумець сістэму, якая забяспечвае бяспеку, камфорт і рэсурсазберажэнне для ўсіх карыстальнікаў. У найпрасцейшым выпадку яна павінна ўмець распазнаваць канкрэтныя сітуацыі, якія адбываюцца ў доме, і адпаведным чынам на іх рэагаваць: адна з сістэм можа кіраваць паводзінамі іншых па загадзя выпрацаваным алгарытмам. Акрамя таго, ад аўтаматызацыі некалькіх падсістэм забяспечваецца сінэргетычны эфект для ўсяго комплексу.

Гэта прасцей зразумець, калі ўявіць, напрыклад, што сістэма ацяплення ніколі не зможа працаваць супраць сістэмы кандыцыянавання. А ацяпленне ажыццяўляецца не толькі па стану надвор'я, але і з улікам цэлага шэрагу іншых фактараў: ад сілы ветру да часу сутак.

Можна лічыць, што гэта найбольш прагрэсіўная канцэпцыя ўзаемадзеяння чалавека (ці карыстальнікаў) з жылой прасторай, калі ў аўтаматызаваным рэжыме ў адпаведнасці з вонкавымі і ўнутранымі ўмовамі задаецца і адсочваецца рэжымы працы ўсіх інжынерных сістэм і электрапрыбораў.

У гэтым выпадку выключаецца неабходнасць карыстацца некалькімі пультамі пры праглядзе тэлебачання, дзясяткамі выключальнікаў пры кіраванні асвятленнем, асобнымі блокамі пры кіраванні вентыляцыйнымі і ацяпляльнымі сістэмамі, сістэмамі відэаназірання і сігналізацыі, варотамі і іншымі прыладамі.

Выклікі[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя выклікі для дамашняй аўтаматызацыі датычацца фрагментаванасці галіны і бяспекі даных.[1]

Вастрыня праблемы бяспекі даных залежыць ад ужывання прылад. Чым больш сур'ёзныя патэнцыяльныя наступствы, тым больш небяспечны ўзлом. Калі для аўтаматызацыі ў прамысловасці або медыцынскіх установах рызыкі могуць быць надзвычай вялікія, то для дамашняй аўтаматызацыі, якая адказвае за кіраванне святлом ці сістэмай датчыкаў, яны значна ніжэй.

Вытворцы ствараюць прылады на ўласным праграмным забеспячэнні, з уласнымі мабільнымі праграмамі і кантролерамі. Гэта ўскладняе ўзаемадзеянне прылад і стварэнне адзінай сеткі з прылад розных вытворцаў.

Крайні выпадак уяўляе сабой ужыванне прапрыетарнага софту з закрытым кодам. Прылады, якія працуюць на такім праграмным забеспячэнні, часта наогул немагчыма звязаць з прыладамі іншых вытворцаў.

Некаторыя пратаколы, у першую чаргу Z-Wave, ствараліся з мэтай пераадолець гэтую праблему і даць вытворцам магчымасць ствараць прылады, здольныя ўзаемадзейнічаць адна з другой. Канструяваць прылады з магчымасцю вольнага ўзаемадзеяння адна з другой сталі таксама вытворцы на ZigBee. Гатоўнасць вытворцаў ствараць прылады на адным і тым жа стандарце – адзін са шляхоў вырашэння праблемы, яны аб'ядноўваюць свае намаганні ў рамках адзінага кансорцыума (напрыклад, Z-Wave Alliance) і сумесна развіваюць стандарт.

Другі шлях – распрацоўка прылад, здольных узаемадзейнічаць з рознымі стандартамі. Некаторыя вытворцы ўбудоўваюць у галоўны кантролер дамашняй сеткі магчымасць кіраваць прыладамі на некалькіх стандартах, напрыклад, на Z-Wave, ZigBee, Bluetooth LE і KNX. У гэтым выпадку прылады ўсё яшчэ не могуць узаемадзейнічаць напрамую, але атрымліваюць магчымасць працаваць адна з другой праз хаб, які пераводзіць сігналы з аднаго стандарту на іншы.[2]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Безопасны ли умные дома?. kaspersky.ru. Праверана 16 жніўня 2022.
  2. An executive's guide to the Internet of Things. mckinsey.com. Праверана 16 жніўня 2022.