Інфлянцкае княства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Інфлянцкае княства, пазней Задзвінскае герцагства было ўтворана на тэрыторыі Лівоніі (Інфлянтаў) (сучасн. Латвія і паўднёвая Эстонія) пасля распаду Лівонскага ордэна, калі апошні яго магістр Готхард Кетлер у 1562 прызнаў сюзерэнітэт вялікага князя ВКЛ.

Спачатку часовым губернатарам гэтай тэрыторыі быў былы магістр Кетлер. Берасцейскі сойм ВКЛ 1566 зрабіў кіраўніком Лівоніі Яна Хадкевіча. Ён дасягнуў поўнага злучэння Лівоніі з ВКЛ, што адбылося на Гарадзенскім сойме. 26 снежня 1566 Гарадзенскі сойм уключыў Інфлянцкае княства ў склад ВКЛ. Лівонцы прызналі сябе часткай ВКЛ, але захавалі свае мясцовыя правы. Кіраваў гэтай калоніяй губернатар, які прызначаўся каралём і вялікім князем літоўскім. Сталіцай быў горад Дынабург. Пасля Люблінскай уніі 1569 і ўтварэння Рэчы Паспалітай ВКЛ здолела захаваць свае правы на Лівонію, як на Задзвінскае герцагства.

Неўзабаве пачалася вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600 – 1629). Першы ўдар шведаў прыпаў менавіта на Задзвінскае герцагства. Яну Хадкевічу ўдалося атрымаць перамогу ў бітве пад Кірхгольмам (1605), у выніку была знятая аблога Рыгі, і шведы адступілі з ужо занятых імі земляў Інфлянтаў. Аднак, з-за памылак вышэйшага камандавання Рэчы Паспалітай гэта перамога не мела карысных стратэгічных наступстваў. Герцагства практычна распалася. Пасля 1629 у ВКЛ засталася толькі Латгалія, а паўднёвая Эстонія і паўночна-заходняя частка Латвіі разам з Рыгай адышла да Швецыі. Пасля Паўночнай вайны ў 1721 гэтыя землі забрала Расія.

Латгалія ў складзе ВКЛ была падзелена на чатыры староствы: Дынабургскае, Рэжыцкае, Люцынскае і Марыенгаўзскае. У 1667 Сойм ВКЛ аб’яднаў іх у Інфлянцкае ваяводства з цэнтрам у Дынабургу. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 Латгалію захапіла Расійская імперыя.