Іосіф Уладзіміравіч Гурка
Іосіф Уладзіміравіч ГУРКА (28 ліпеня 1828 — 28 студзеня 1901) — расійскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Генерал-фельдмаршал (1894).
Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і Рамейкаў-Гуркаў. Скончыў Пажаскі корпус (1846). Удзельнік Крымскай вайны (1853—1856). Вызначыўся ў руска-турэцкай вайне (1877—1878). На чале расійскіх і балгарскіх войск вызваляў г. Тырнава, захапіў турэцкія ўмацаванні Горны Дубняк і Тэліш, акружыў Плеўну.
У снежні 1877 г. 70-тысячная расійская армія і атрады балгарскіх апалчэнцаў на чале з I. У. Гуркам у 30-градусны мароз пераадолелі Балканы праз цяжкадаступны Чур'якскі перавал і 23 снежня (4 студзеня) 1878 г. авалодалі Сафіяй, разбілі турэцкія войскі каля Ташкісена, Філіпопаля, авалодалі Адрыянопалем.
Пасля вайны І. У. Гурка памочнік галоўнакамандуючага войскамі гвардыі і Санкт-Пецярбургскай ваеннай акругі, часовы генерал-губернатар Пецярбурга, Адэсы і камандуючы войскамі Адэскай ваеннай акругі. У 1883—1894 г. генерал-губернатар Прывіслінскага краю і Варшавы, камандуючы войскамі Варшаўскай ваеннай акругі. Член Дзяржаўнага Савета. Ствараў за заходняй граніцы Расійскай імперыі ўмацаваныя раёны і стратэгічныя дарогі. З 1894 г. у адстаўцы.
[правіць] Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя. Т. 5. — Мн., 1997. — С. 536.
- Марціновіч А. А. Як Гурка ворагаў граміў: нарыс: Для сярэдняга школьнага ўзросту / Мастак У. М. Аніська — Мн.: Мастацкая літаратура, 2003. — 135 с.
- Мельцер Д. Б. Белоруссия и Болгария: Дружба вечная, нерушимая. — Мн., 1981. — С. 54, 57.
- Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1992. — 591 с.