Іранскае нагор'е

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Горы Загрос, выгляд з космасу
Паверхня нагор'я ў Іране

Іранскае нагор'е — адно з найбольшых Пярэднеазіяцкіх нагор'яў. Знаходзіцца ў Іране (2/3 тэрыторыі), Афганістане, Пакістане, часткова ў Іраку і на поўдні Туркменістана.

Плошча каля 2,7 млн км². Размешчана паміж Месапатамскай нізінай на захадзе далінай ракі Інд на ўсходзе. Працягласць з поўначы на поўдзень 1500 км, з захаду на ўсход 2500 км. Сфарміравалася ў межах альпійска-гімалайскай геасінклінальнай вобласці ў выніку альпійскага і больш ранняга арагенезу. Вонкавы край створаны горнымі дугамі. На поўначы яны складаюцца з гор Эльбурс (гара Дэмавенд — 5604 м), Туркмена-Харасанскіх, Парапаміз і Гіндукуш, на поўдні — Загрос (гара Зердкух — 4548 м) і Мекран, на ўсходзе — Сулейманавы горы. Унутраная частка нагор'я, у аснове якой ляжаць палеазойскія сярэдзінныя масівы, занята раўнінамі і катлавінамі, што перамяжаюцца з сярэдневышыннымі гарамі (Сярэднеіранскія, Усходне-Іранскія, Сярэднеафганскія горы вьшынёй да 1500—2500 м). Сярод пустынных унутраных раўнін вылучаюцца Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут, Дашты-Марго з глініста-друзавымі грунтамі і пясчаная пустыня Рэгістан. Радовішчы нафты, руд каляровых металаў, каменнага вугалю, серы.

Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −3 °C на поўначы да 13 °C на поўдні. У ліпені тэмпературы 25-32 °C. Ападкі ва ўнутраных раёнах да 100 мм, на паўночных схілах Эльбурса да 2000 мм, на вонкавых схілах Сулейманавых гор 700—800 мм за год. У гарах Загрос міжземнаморскі клімат з зімовымі ападкамі да 700 мм за год.

Рэкі Гільменд, Сефідруд, Карун, Герыруд — малаводныя, выкарыстоўваюцца для арашэння. Ва ўнутранай частцы нагор'я азёры Дэр'ячэйс-Немек, Хамун.

Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. Іранскае нагор'е — ачаг фарміравання спецыфічнай флоры нагорных ксерафітаў «іранскай фрыганы» — калючага падушкападобнага хмызняку (астрагал, аканталімон і інш.).[1] На наветраных вільготных схілах лясная расліннасць (у гарах Эльбурса — платан, жалезнае дрэва, дуб каштаналісты, самшыт і інш.). На ўсходніх схілах гор Сулейманавы і Кіртхар участкі саванн, рэдкалессі і лістападныя лясы. У аазісах поўдня растуць фінікавыя пальмы. Багаты жывёльны свет: леапард, буры мядзведзь, казуля, горны казёл, баран, ліс-корсак, гіена; паўзуны (гюрза, кобры, пясчаная гадзюка); грызуны; насякомыя; павукападобныя (тарантулы, каракурты, скарпіёны).

Зноскі

  1. Лаўрыновіч М. Іранскае нагор'е // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лаўрыновіч М. Іранскае нагор'е // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.