Ітэльмены

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Ітэльмены, іцельмены
(ительмень, итэнмьи)
Itelmen winter dwelling.jpg
Агульная колькасць 3193
Рэгіёны пражывання Расія
Мова іцельменская
Рэлігія Праваслаўе
Блізкія этнічныя групы Чукчы, каракі, керэкі

Ітэльме́ны, іцельме́ны (саманазвы ительмень, итэнмьи[1]) - карэннае насельніцтва Камчаткі.

Паходжанне і гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Антрапалагічныя дадзеныя сведчаць аб генетычнай сувязі ітэльменаў з найстаражытнейшымі прадстаўнікамі мангалоіднай расы. Мяркуецца, што іх продкі адносіліся да мезалітычнай культуры вандроўных паляўнічых Усходняй Манголіі і Паўднёвай Сібіры. Адтуль яны засялілі значную частку Ўсходняй Сібіры, Камчатку і Алеўцкія астравы.

У эпоху неаліту (прыкладна 5 тысячагоддзе да н. э.) у цэтральнай і паўднёвай частках Камчаткі з'явіліся прадстаўнікі тар'інскай культуры - рыбаловы і паляўнічыя з Паўднёва-Усходняй Сібіры, якія змяшаліся з першымі насельнікамі. Выразныя тар'інскія рысы прасочваліся ў карэнных жыхароў Камчаткі да сяр. XVII ст. Жытлы ітэльменаў нагадвалі сваімі канструкцыйнымі асаблівасцямі зямлянкі, што будаваліся ў эпоху неаліту. Знойдзены археолгамі інвентар таксама падобны на прылады, апісаныя даследчыкамі XVIII ст. Ітэльменскія фальклор і матэрыяльная культура сведчаць аб этнічных кантактах з іншымі народамі Сібіры і Паўночнай Амерыкі.

Да прыходу рускіх у кан. XVII ст. ітэльмены складалі асноўную частку жыхароў Камчаткі да паўночнай мяжы на р. Цігіль. Яны падзяляліся на 5 тэрытарыяльных (ці племянных) груп: бурын, суаччу-юй, кыхчэрэн, лігнурын і кулес. Агульнай назвы ў іх не мелася. Этнонім ительмень першапачаткова азначаў проста мясцовага жыхара, "таго, хто існуе". Прыкладная колькасць у кан. XVII ст. - 12-13 тыс. чалавек.

У выніку ваенных сутычак з казакамі, эпідэмій і голаду агульная лічба карэнных насельнікаў хутка скарацілася. Многія казакі і іншыя перасяленцы дабраахвотна ці прымусова бралі ітэльменскіх жанчын у шлюб, што прывяло да далейшай асіміляцыі. Гэтаму таксама садзейнічала хрышчэнне ітэльменаў у праваслаўе (да сяр. XVIII ст.). У кан. XVIII ст. налічвалася ўсяго 3 тыс. карэнных жыхароў. Прычым, да іх адносілі і тых, хто запазычыў многія элементы рускай культуры і нават размаўляў на рускай мове. Асабліва моцнай русіфікацыі падвергліся жыхары даліны ракі Камчатка, якія ў выніку ператварыліся ў рускую этнічную групу камчадалаў. У заходніх раёнах Камчаткі, куды рускія амаль не перасяляліся, групы лігнурын і кулес здолелі лепей захаваць свае этнічныя рысы. Рэгістратары Палярнага перапісу 1926-1927 гг. вызначылі іх нашчадкаў як ітэльменаў (825 чал.).

Колькасць ітэльменаў у Расіі:

У 1959 г. налічалася 1096 ітэльменаў, але большасць сем'яў мелі шлюбныя ці сваяцкія сувязі з рускімі ці прадстаўнікамі іншых народаў. У 1989 - 2429. У 2010 г. - 3193. У наш час ітэльмены жывуць у асноўным на тэрыторыі Камчацкага краю і Магаданскай вобласці Расіі.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным заняткам карэннага насельніцтва Камчаткі здаўна з'яўляўся лоў рыбы, у асноўным ласасёвых. Звычайна рыбу нарыхтоўвалі празапас: вялілі, квасілі ў ямах, узімку замарожвалі. Меньшае значэнне мела паляванне на лясных і марскіх звяроў (мядзведзя, горных баранаў, ластаногіх, кітоў і інш.). Галоўныя прылады здабычы - гаплікі, сеткі, лук, стрэлы, капканы. Да прыходу рускіх прылады вырабляліся з дрэва, косці і камянёў. Наканечнікі вырабляліся з горнага крышталя. Лоў рыбы і паляванне лічыліся мужчынскімі заняткамі, але пераапрацоўка - жаночым. Жанчыны таксама нарыхтоўвалі крапіву для сетак, шылі вопратку, займаліся прыгатаваннем страў, збіральніцтвам раслін прыдатных для ежы. Галоўныя сродкі руху - калодападобныя чаўны, плыты, лыжы, невялікія нарты, запражаныя сабакамі.

Паселішчы ітэльменаў звычайна размяшчаліся на беразе ракі, абносіліся частаколам або земляным валам, складаліся з вялікіх зімніх паўземлянак-юрт і летніх хацін на палевых памостах. У зімніх юртах (1-2 на паселішча), якія ўмяшчалі да 100 і болей чалавек, жылі прадстаўнікі адной патрыярхальнай пашыранай сям'і. Летам вялікія сем'і распадаліся на малыя. Вялікая сям'я валодала навакольнымі землямі і агульнымі сродкамі вытворчасці, але сярод суродзічаў вылучаліся "лепшыя мужыкі". Існавала патрыярхальнае рабства. Шлюб меў палігамны характар. Жаніх, не здольны заплаціць выкуп, павінен быў адпрацаваць (часам некалькі гадоў) у сям'і нявесты. Адзінага кіравання тэрытарыяльнымі групамі не існавала, таму паміж вялікімі сем'ямі часцяком успыхвалі канфлікты.

Ітэльмены апраналіся ў футравае адзенне са скур дзікіх лясных і марскіх звяроў, сабак, часам рабілі вопратку з пер'я. Звычайнай вопраткай для мужчын і жанчын былі кухлянка з каптуром і штаны. Зімовая вопратка шылася ў два пласта, футрам унутр. Былі вядомы шапкі з футра і пер'я, берасцяныя павязкі. Упрыгожванні рабілі з валос аленя, лайкі, скуры і г. д.

Народная культура ітэльменаў вядома сваім жаночым танцавальным мастацтвам (у тым ліку рытуальным), арыгінальным гафтам, пляценнем з травы і скуры, аплікацыямі з футра, цісненнем на бяросце, разьбярствам па косці і дрэву.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова ітэльменаў фактычна з'яўляецца непісьмовай, хаця складзена яе граматыка. Яна ўваходзіць у адзіную моўную сям'ю з мовамі чукчаў і каракаў. К сяр. другой паловы XX ст. ітэльменская моладзь ужо разўмаўляла пераважна на рускай мове. У 1989 г. 76,6% ітэльменаў лічыла сваёй роднай мовай рускую. Невялікая колькасць захоўвала ітэльменскую гутарковую мову, якая ў сваю чаргу падзялялася на напанскі, седанкінскі, сапачноўскі і хайрузаўскі дыялекты.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Да прыходу рускіх сярод жыхароў Камчаткі былі распаўсюджаны культы духаў прыроды. Асабліва пачыталіся дух мора Мітг і першапродак - крумкач Кутх. Цырыманіяльныя рэлігійныя рытуалы звычайна выконвалі жанчыны. Але ў кан. XVII - сяр. XVIII ст. усе ітэльмены былі ахрышчаныя ў праваслаўе.

Зноскі

  1. В. А. Тураев, Ительмены // Народы России: Энциклопедия. / Главный редактор В. А. Тишков. - М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994. C. 164

Знешнія спасылкі[правіць | правіць зыходнік]