Іцхак Якаў Райнес

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іцхак Якаў Райнес
Дата нараджэння 17 кастрычніка 1839(1839-10-17)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 20 жніўня 1915(1915-08-20)[1] (75 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці рабін, публіцыст, zionist
Навуковая сфера Jewish theology[d][2]
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Іцха́к (Ісак) Я́каў Райнес (1839, Каралін, цяпер у складзе Пінску — 1915, Ліда Віленскай губерні) — беларускі артадаксальны рабін, заснавальнік рэлігійнага сіянісцкага руху «Мізрахі».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Бацька Іцхака Якава, рабін Шлома Нафталі, у 1830-х жыў у Эрэц-Ісраэль; валодаў друкарняй у Цфаце; пакінуў горад, страціўшы падчас землетрасення 1837 года сям’ю і маёмасць.

Рэйнес, нашчадак Шаўля Валя, нарадзіўся ў Караліне, Беларусь. Навучаўся ў Эйшыцкім (цяпер у Літве) і Валожынскім ешыботах, дзе атрымаў сміху (пасвячэнне).

У 1859 ажаніўся з дачкой Іосіфа Рэйзена, гарадоцкага рабіна, пераехаў у Гарадок і працягнуў навучанне ў хаце свайго свёкра.

У 1867 заняў пост рабіна ў Шаўкянах Ковенскай губерні (цяпер вёска Saukenai, Літва). З 1869 займаў пасаду рабіна ў Свянцянах (дзе ў 1882 заснаваў ешыбот з вывучэннем у тым ліку і свецкіх прадметаў), пасля ў Лідзе, з 1885 да смерці. Заснаваў таксама сучасны ешыбот у Лідзе, які прыцягнуў шмат студэнтаў з усёй Расійскай імперыі. Ісак назваў гэты ешыбот «Torah Vodaas».

Райнес напісаў шмат кніг па рабінскай літаратуры. Свае погляды на рэформу традыцыйнай яўрэйскай адукацыі, а таксама сваю рацыянальную метадалогію вывучэння Талмуду выклаў у кнігах «Hotem Toknit» (Завяршальны план, тт. 1-2, 1880-81), «Урым гдолім» (Вялікія агні, 1887) і іншых сачыненнях. Быў адным з тых рабінаў, што вырашылі на сходзе ў Санкт-Пецярбургу ў 1882 паляпшаць маральныя і матэрыяльныя ўмовы існавання яўрэяў у Расіі. Тамсама ён прапанаваў свой новы метад наўзамен дамінуючага метаду выкладання ў ешыботах.

Не зважаючы на тое, што пецярбургскі з’езд не прыняў яго план, Райнес заснаваў у Свянцянах узорны ешыбот, у якім вывучэнне мусіла грунтавацца на распрацаваных ім падыходах. Быў прадугледжаны дзесяцігадовы курс навучання, падчас якога студэнт мусіў атрымаць веды, неабходныя для пасвячэння ў рабіны, і ў той самы час забяспечвалася свецкая адукацыя, неабходная для грамадскай працы. Аднак хоць план падтрымкі рускамоўных рабінаў у прынцыпе не супярэчыў мэтам расійскага ўрада, ініцыятыва Райнеса сустрэла такое вялізнае супраціўленне з боку найбольш артадаксальных яўрэяў, што праз чатыры гады існавання ешыбот быў зачынены. Усе далейшыя спробы Райнеса адкрыць яго зноў не мелі поспеху. Неўзабаве Райнесу было прапанавана месца рабіна ў Манчэстары, але пасля трохмесячнага знаходжання ў Англіі ён вярнуўся ў Беларусь.

Сіянізм[правіць | правіць зыходнік]

У сваёй грамадскай дзейнасці Райнес імкнуўся спалучаць сучасны ўплыў з яўрэйскай традыцыяй. Райнес далучыўся да «Хавявэй Сіён» з моманту заснавання гэтага руху. Разам з рэбэ Ш. Магілеверам Райнес вылучыў праграму засялення Эрэц-Ісраэль, што прадугледжвала спалучэнне сельскагаспадарчай працы пасяленцаў з вывучэннем Торы. Райнес быў сярод нямногіх рабінаў, якія адразу адгукнуліся на заклік Т. Герцля і падтрымалі сіянісцкі рух. Ён удзельнічаў у першых сіянісцкіх кангрэсах.

Ён верыў, што хоць сярэдневяковыя яўрэі бачылі Боскую руку ў прыродзе, сучасныя бачаць яе ў гісторыі, асабліва ў чаканні перасялення ў сучасны Сіён.

У 1898 Райнес выдаў кнігу «Ора ве-сімха» («Святло і радасць») пра значэнне свята Пурым з прадмовай «пра сіянізм з артадаксальнага пункту погляду», а ў 1902 надрукаваў апалогію сіянізму «Ор хадаш ал Цыён» («Новае святло над Сіёнам»), у якой абвяргаў антысіянісцкія сцвярджэнні некаторых прадстаўнікоў рабінскіх колаў. У сваіх працах Райнес заклікаў рэлігійных і нерэлігійных сіяністаў да супрацы. На скліканай па яго ініцыятыве ў сакавіку 1902 ў Вільні канферэнцыі рабінаў і іншых прадстаўнікоў артадаксальных колаў была заснавана рэлігійная фракцыя («Мізрахі») ў сусветнай сіянісцкай арганізацыі. На мінскай канферэнцыі (верасень 1902 года) падчас дыскусіі «па культурніцкай працы» Райнес ад імя фракцыі паўстаў супраць дзейнасці сіянісцкай арганізацыі ў галіне культуры і патрабаваў перайсці да практычнай працы ў Эрэц-Ісраэль (лічыў, што яўрэйская культура можа быць толькі рэлігійнай, бо для яго паняткі «рэлігія» і «нацыянальнасць» у адносінах да яўрэяў былі непадзельныя). У 1903 Райнес падтрымаў план Уганды як часовы спосаб уратавання яўрэяў. У жніўні 1904 ў Прэсбургу (цяпер Браціслава) на першым Сусветным з’ездзе «Мізрахі» Райнес быў абраны лідарам руху.

На пятым кангрэсе сіяністаў радыкальнае крыло руху пагражала павярнуць яго ў бок ад рэлігіі. Аднак частка «Мізрахі», якая падтрымала Райнеса, стала найвялікшай галіной сіянісцкай арганізацыі ў Расійскай імперыі.

У 1905 Райнес здзейсніў уласную мару, пры садзейнічанні выбітных дзеячаў «Мізрахі» і за фінансавай дапамогай барона Д. Гінцбурга заснаваўшы ў Лідзе ўмерана рэфармаваны ешыбот, разлічаны на шэсць год навучання. Нароўні з Талмудам у праграму былі ўключаны Біблія, іўрыт з граматыкай, а таксама агульныя прадметы ў аб’ёме павятовага вучылішча, да якіх пасля дадаліся асновы камерцыі. Педагагічныя прынцыпы, закладзеныя ў сістэму выкладання Лідскага ешыбота, Райнес выклаў у працах «Кол Я‘акаў» («Голас Якава», 1908) і «Мішкянот Я‘акаў» («Прыстанак Якава», 1910). Апублікаваныя галахічныя працы Райнеса: «Эдут бе-Я‘акаў» («Сведчанне ў Якаве», 1872) — пра паказанні сведак згодна з рэлігійным правам; «Ша‘арэй ора» («Вароты святла», 1886) — тлумачэнні цяжкіх месцаў Агады і Мідрашаў; «Нод шэл дма‘от» («Сасуд слёз», 1891) — гамілетычны нарыс гісторыі пераследу яўрэяў у галуце; «Ор шыў‘ат ха-ямім» («Святло адвечнае», 1896) — пра значэнні святаў месяцу тышрэй і іншых — гэта толькі частка яго літаратурнай спадчыны, бо большасць сачыненняў (каля 100 тамоў) засталіся ў рукапісах.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Райнес паклаў пачатак адной з дзвюх асноўных плыняў рэлігійнага сіянізму. У адрозненне ад А. І. Кука месіянізм Райнеса быў хутчэй палітычным (тэрміновае ўратаванне яўрэйскага народа з галута), а не эсхаталагічным.

У гонар Райнеса былі названы заснаваныя ў 1924 паселішча Неве-Я‘акаў (праіснавала да 1948 года, на яго месцы з 1972 — аднайменны раён Іерусаліму) і ў 1927 машаў Здэ-Я‘акаў у Ізрэельскай даліне.

Сын Райнеса, Майсей (1870, Ліда — 7 сакавіка 1891, Ліда) — публіцыст, пісаў на іўрыце. Публікаваў з 1887 у «Кнэсэт Ісраэль», «Оцар ха-сіфрут» і іншых перыядычных выданнях артыкулы і працы па гісторыі яўрэйскай культуры ў Расійскай імперыі і па гісторыі ешыботаў у Расійскай імперыі.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Bath Yehudah, Geulah. Ish ha-me’orot: Rabi Yitshak Ya`akov Raines. С. 370. Yerushalayim: Mosad ha-Rav Kuk, c1985.
  • Aryeh Strikovski, Ha-Rav Yitshak Ya`akov Raines: meyased ha-Tsiyonut ha-datit: hegyonot, amarot, ´sirtutim. С. 45. Yerushalayim: Mi´srad ha-hinukh ha-tarbut veha-sport, Minhal ha-tarbut, ha-Agaf le-tarbut Toranit, 759, 1999.
  • Shapira, Joseph, Hagut, Halakhah ve-Tsiyonut al olamoh ha-Ruhni shel Ha-Rav Yitshak Yaakov Reines (Тэль-Авіў: 2002).

Зноскі

  1. а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]