Іякім, цар іўдзейскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Цар Іякім на выяве Promptuarii Iconum Insigniorum, (1553)

Іякім (іўр.: יהוֹיָקִים, Егаакім «Бог узвядзе», (грэч.: Ιωακιμ; лац.: Joakim), сын Іасіі — пятнаццаты цар Іўдзеі, стаўленік егіпецкага фараона Нехао, якому ён плаціў вялікую даніну (адзін талент золата і 100 талентаў срэбра).

Паводле біблейскага апавядання, Іякім узышоў на пасад пасля таго, як фараон Нехо зрушыў яго брата Іяхаза, сына Іасіі, валадарыўшага каля трох месяцаў. Пасля свайго прызначэння новы цар пакляўся быць паслухмяным васалам Егіпта. Іякім адрозніваўся крайнім нячэсціям і, не зважаючы на небяспеку, якая пагражала з боку Вавілона, праводзіў час у неўтаймаваных забавах і пераследваў прарокаў (Урыю, Ерамію і Варуха) за публічныя абвінавачанні палітыкі цара і за прадвяшчанне разбурэння Іерусаліма.

Пасля канчатковага паражэння асірыйскіх войскаў у крэпасці Харан у 609 г. да н.э., за панаванне над Сірыяй і Ханаанам пачалося супрацьстаянне дзвюх найбуйнейшых дзяржаў Блізкага Усходу — Егіпта і Вавілоніі. Увесну 607 г. да н.э. стары і хворы вавілонскі цар Набопаласар перадаў камандаванне войскам свайму сыну Навухаданосару. На наступны год вавіланяне фарсіравалі Еўфрат паўднёвей Каркеміша. Там жа ў 605 годзе да н.э. (у чацвёртым годзе валадарання Іякіма) адбылася вырашальная бітва з егіпцянамі, у якой егіпецкія войскі пацярпелі разгромнае паражэнне.

У бітве пры Каркемішы ў якасці васалаў Нехао ўдзельнічалі іўдзеі, фінікійцы і жыхары Сірыі. Дробныя дзяржавы былі настолькі ўражаны разгромам егіпцян, што не аказвалі практычна ніякага супраціву насоўванню вавілонскага войска. Калі Навухаданосар наблізіўся да Іерусаліма, Іякім паспяшаўся адкупіцца ад яго часткай скарбаў Храма і выдаў у якасці закладнікаў юнакоў са шляхетных іўдзейскіх сем'яў, сярод якіх быў і будучы вядомы прарок Данііл. Іўдзея стала даннікам Вавілона і частка народа была выведзена ў Вавілон.

15 жніўня 605 года да н.э. у самы разгар сірыйскай кампаніі ў Вавілоне памёр цар Набопаласар і Навухаданосар паспяшаўся вярнуцца ў сваю сталіцу.

Іякім жа, тым часам, працягваў бестурботнае жыццё. Кіруючая верхавіна Іўдзеі склалася галоўным чынам з прыхільнікаў радыкальнай праегіпетскай партыі, да якіх прыналежаў і прарок Ананія. Магнатэрыя ўгледжвала магчымасць атрымання незалежнасці ў апоры на Егіпет і ў барацьбе з вавіланянамі. Ім супрацьстаяла партыя ўмераных, якія выступалі супраць ускладнення адносін з Вавілонам. Да яе прыналежаў прарок Ерамія, які прадказваў падзенне Іерусаліма ў выпадку здрады Іякіма свайму вавілонскаму сюзерэну.

Да 601 года да н.э. Навухаданосар завалодаў Філістыяй і рызыкнуў здзейсніць паход на Егіпет. Аднак Нехо паспеў падрыхтавацца і ў цяжкай бітве даў ворагу рашучы адпор. Фараон нават здолеў узяць Газу, а Навухаданосар нёс вялікія страты і быў вымушаны адступіць. Цар Іякім, верагодна, угледзеў у гэтым спрыяльны момант для таго, каб выйсці з падначалення Вавілону.

У 599 годзе да н.э. Навухаданосар атрымаў шэраг перамог над арабамі, падпарадкаваў сабе Мааў і Амон. Здрада Іякіма не засталася без увагі вавілонскага цара. У 598 годзе да н.э. Навухаданосар рушыў на Іерусалім.

Лёс Іякіма па-рознаму апісаны ў Чацвёртай Кнізе Царстваў, якая паведамляе, што іўдзейскі цар памёр яшчэ да прыходу вавіланян, і ў Другой Кнізе Параліпоменон, якая сцвярджае, што перадавыя атрады вавілонскага войска ўварваліся ў Іерусалім пры жыцці цара, Іякім быў забіты і скінуты са сцяны. Іосіф Флавій у «Іўдзейскіх старажытнасцях» (X,6,3) піша, што Іякім добраахвотна здаўся ў палон, спадзяючыся на літасць пераможца, але быў забіты па загадзе Навухаданосара.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]