Іван Іванавіч Луцкевіч
Іван Іванавіч ЛУЦКЕВІЧ (28 мая (9 чэрвеня) 1881, Шаўлі Ковенскай губ. (цяпер Шаўляй, Літва) — 20 жніўня 1919, Закапанэ, Польшча. Псеўданімы: Ян Міхальчык; Нашанівец; Шчасны; Palissander Нев.), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, археолаг, краязнавец.
Змест |
[правіць] Біяграфічны нарыс
Паходзіў з шляхецкага роду герба "Навіна". Брат Антона Луцкевіча.
У 1890 пачаў вучобу ў Лібаўскай гімназіі, у 1897-1902 працягваў у Мінскай гімназіі. Займаўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта; у Маскоўскім археалагічным інстытуце. За сваю палітычную дзейнасць у 1903 трапіў у турму. У 1904-1905 працягваў вучобу ў Венскім універсітэце. У 1903 быў адным з заснавальнікаў БРГ (пазней БСГ). Прымаў актыўны ўдзел у падзеях 1905 у Мінску. Пад пагрозай арышту выехаў у пачатку 1906 у Вільню, дзе да 1908 знаходзіўся на нелегальным становішчы. Ініцыятар стварэння ў Вільні многіх беларускіх арганізацый і выданняў, у тым ліку газеты "Наша доля" і "Наша ніва". выдавецтва "Наша хата" (1908), Беларускага выдавецкага таварыства (1913), Беларускага народнага камітэта (1915—18), першых беларускіх школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне (1916), настаўніцкіх курсаў, Віленскай беларускай гімназіі (1919), Беларускага навуковага таварытвава (1918). Збіральнік і даследчык беларускіх старажытнасцей. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні.
У сярэдзіне чэрвеня 1919 выехаў на лячэнне на курорт Закапанэ, дзе і памёр.
[правіць] У палітыцы
Разам з А. Луцкевічам, В. Ластоўскім і інш. Іван Луцкевіч распрацоўваў пытанні дзяржаўнага самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзяржаўнай уніі Беларусі і Літвы (1906—18) да абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах. Лічыў дэнацыяналізуючай у адносінах да беларусаў ролю рэлігійна-царкоўных праваслаўных і каталіцкіх струкгур на Беларусі як праваднікоў палітыка-ідэалагічных інтарэсаў Расіі і Польшчы. Выступаў за аднаўленне на Беларусі царкоўнай уніі дзеля паяднання рэлігійнага і грамадска-палітычнага рухаў у адзіным нацыянальна-адраджэнскім працэсе. Па ініцыятыве і з асабістым яго ўдзелам пытанне аб нацыянальным самавызначэнні беларускага народа ўпершыню прагучала на міжнародных форумах — канферэнцыі сацыялістычных і рэвалюцыйных партый (Фінляндыя, 1905), Славянскім з'ездзе прагрэсіўных студэнтаў (Прага, 1908), Міжнароднай канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой.
Практык-арганізатар, таленавіты прамоўца, Іван Луцкевіч спрыяў ажыўленню культурна-асветнай працы, абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі, інтэлігенцыі. Паўплываў на творчы лёс Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, З. Бядулі, М. Гарэцкага і інш.
[правіць] У навуцы
Іван Луцкевіч — аўтар навукова-публіцыстычных прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак помнікі старабеларускай літаратуры XVI ст., пісаны арабскай графікай «Аль-Кітаб». Яго багатыя калекцыі сталі асновай для створанага ў 1921 Беларускага музея.
[правіць] Ушанаванне памяці
У 1991 Іван Луцкевіч перапахаваны на могілках Роса ў Вільні. У Мінску створана Фундацыя сацыяльных ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).
[правіць] Бібліяграфія
- Аб беларускім мастацтве // Гоман. 1918, №70 (перадрук: Скарыніч. Вып. 2. Мн., 1993);
- Ай-Кітаб // Зборнік "Наша ніва". Вільня, 1920;
- Ай-Кітаб-Кіцёп // Беларускае жыццё. 1920, 11 сак. (перадрук: Спадчына. 1992, №3; Скарыніч. Вып. 2).
[правіць] Літаратура
- Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі сьмерці яго. (20.8.1919 - 20.8.1920). Вільня, 1920;
- Кветка Вітан. “Наша ніва” і Іван Луцкевіч // На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад. Б. І. Сачанка. Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. С. 61–65;
- Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928 (рэпрынт, Мн., 1991);
- Луцкевіч А. Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча. Вільня, 1933 (рэпрынт, Мн., 1992);
- Станкевіч А. Іван Луцкевіч — закладчык Віленскай Беларускай гімназіі // 25-лецьце Беларускай гімназіі ў Вільні, 1919—1944. Вільня, 1944;
- Запруднік Я. Браты Луцкевічы й мы // Беларус. Нью-Ёрк, 1970, № 153—155;
- Каваль А. (Каўка А.). Іван Луцкевіч, 1881—1919 // Ніва. 1981. № 23;
- Каваль А. (Каўка А.). Яшчэ пра Івана Луцкевіча // Ніва. 1981. № 45, 46;
- Iваноў М, Мірачыцкі Л. Асветнік, папулярызатар, збіральнік // Голас Радзімы. 1981. 18 чэрв.;
- Адамовіч А. Як дух змагання Беларусі... Нью-Йорк, 1983;
- Крывіцкі Л. (Луцкевіч Л.). Нельга абысці маўчаннем // Спадчына. 1991. №1;
- Гужалоўскі А. Сабранае застаецца, калі свой не адхінецца...: Іван Луцкевіч — збіральнік беларускіх старажытнасцяў // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10;
- Гарэцкі М. Псторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 283;
- Каваль А. (Каўка А.). Іван Луцкевіч — адраджэнец // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1993. Вып. 1.;
- Лабынцаў Ю. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993;
- Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994;
- Луцкевіч Іван // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.;
- ЭГБ, т. 4;
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
