Абарона Быхава (1654—1655)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Абарона Быхава, 1654-1655)
Аблога Старога Быхава
Асноўны канфлікт: Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, 1654-1667
Дата 19(29) жніўня - 16(26) лістапада 1654
Месца Стары Быхаў
Вынік Перамога літоўскіх войскаў
Праціўнікі
Рэч Паспалітая Гетманшчына Запарожскія казакі
Сілы бакоў
каля 4000 чал.,
30 гармат[1]
8000-12000 чал.

Аблога Быхава праводзілася рускім войскам і ўкраінскімі казакамі пад камандаваннем I. Н. Залатарэнкі ў час вайны Расійскай імперыі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. Пачалася ў жніўні 1654 года і працягвалася 11 месяцаў. Горад абаранялі мясцовая шляхта, 18 харугваў мяшчан, сяляне Быхаўскага графства, 1000 чалавек наёмнай пяхоты, асобнае фарміраванне з 1000 яўрэяў.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Быхаў перашкаджаў казацкаму войску развіваць наступленне на Падняпроўі, «за пазухою аки змею маючи». Горад быў добра ўмацаваны, меў вялікі гарнізон, пагалоўна ўзброенае мужчынскае насельніцтва. «А в то і Быхове, — пісаў рускаму цару наказны атаман палка I. Н. Залатарэнка 29 жніўня, - шляхты немало и волощане, до того горада належачие, заперлися и Вашему Царскому Величеству поклонитеся не хотят». Яны праяўлялі, па словах атамана, «гордыню и непокорение дьявольское». Жыхары Быхава не рэагавалі на «прелестные грамоты» атамана, якія дасылаліся ў горад ад імя цара. Паводле дакументаў, адной з прычын упартага супраціўлення гараджан быў страх перад Залатарэнкам (большасць мяшчан яму не верыла). Другой прычынай з'яўляліся звесткі пра трагічны лёс жыхароў суседніх гарадоў: «а именно Шклов, Копысь и иные города, и тех городов всяких жилецких людей неволят, грабят и в полон емлют и до Москвы отвозят, и те де все городы ныне разорены н опустошены и быховцы де, слыша то, все на том и порешили, лучше де им в домех своих хотя помереть, нежели в неволю из воли самим себя отдавать». Залатарэнка прасіў цара «об огненной пушке и об огненных ядрах, чтобы есмя могли тех разорителей веры нашей православныя христианския с городом их зажечь, понеже город деревянный и зело домы большие и частые».

Аблога[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне снежня 1654 года пасля 10-тыднёвай аблогі Стары Быхаў дэблакіравала войска гетмана ВКЛ Я. Радзівіла і В. Гансеўскага і заняло яго, адцясніўшы казакоў да Новага Быхава. Толькі ў маі 1655 года войска Залатарэнкі зноў прыступіла да аблогі горада. У грамаце да насельніцтва ад 7 мая наказны атаман пісаў: «По сотнокротным упоминаньем упаминаю жебысте се поклонили Его Царскому Величеству, а над собою, женами и детми своими змиловалися. Бо ведайте о том певне, коли вас достанем през меч, а малого дитяти живити не будем. А в том на мудрый наш розсудок полецаем о респоне пильно вашу милость жадаем». Праз 10 дзён была паслана яшчэ адна грамата, на якую «Старого Быхова всяких чинов люди наказному гетману отказали: сдаваться де мы не хотим, а будем де сидеть, покаместа нашей мочи будет». Раздражнёны няўдалай аблогай горада Б. Хмяльніцкі загадаў Залатарэнку выкапаць перад гарадскімі брамамі роў, каб перашкодзіць вылазкам гарнізона, паставіць заслон з пяхоты і «оставить курятник» у спакоі. Казакі былі пераведзены ў цэнтр Беларусі, а іх месца заняла армія князя А. М. Трубяцкога (11 палкоў на чале з наёмнымі палкоўнікамі Е. Цыклерам, X. Юнкманам, Г. Фанстаданам, Л. Марцятусам, Я. Ронартам, А. Гохгардам, К. Крафертам, Е Франзбекам, А. Гамонтам, а таксама Т. Кундліным і Л. Р. Азар'евым). У чэрвені 1655 года да быхаўскіх мяшчан з граматамі аб здачы горада звярнуўся сам цар. Ён абяцаў «всей врожоной шляхте и всему рыцерству, также всем бурмистрам, радцам и лавникам и всем всякого чину градским и уездным людям» не чыніць разарэння, выдаць усім жыхарам жалаванне, заха-ваць за шляхтай правы, маёнткі і розныя льготы. Адначасова было паабяцана тым, хто будзе працівіцца здачы, «тех всех предадим мечу». Ваенныя дзеянні рускай арміі князя Трубяцкога працягваліся да 26 ліпеня. Князь некалькі разоў заклікаў быхаўцаў здацца, але тыя адхілялі прапановы. У данясенні цару ён пісаў: «И быховцы твоей милостивой грамоты не приняли, и тебе, великому государю, не добили челом, и город не сдали, и из городу на солдатские шанцы вылазки у них были не по один день и ночьми, и с твоими государевыми людьми пеших полков с солдаты, и с стрельцы, они, быховцы, бились; и твои, государевы ратные люди, быховцев побивали, и от шанцев в ров отбивали». Прычыну такога ўпартага супраціўлення царскія ваяводы бачылі ў магутнасці «каменного городка» — Быхаўскага замка,— а таксама ў тым, што «хлебных и железных запасов в городе много». Сваю ролю адыграла і грамата караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра ад 31.5.1655, паводле якой за мужнасць жыхары Быхава як уладанне падканцлера ВКЛ К. Л. Сапегі на 20 гадоў вызваляліся ад усіх падаткаў, за кошт каралеўскай казны дадаткова наймалася 300 чал. нямецкай пяхоты для далейшай абароны горада. У пачатку жніўня частка рускага войск з-пад Старога Быхава была перакінута да Слуцка і на Панямонне, аднак у пачатку кастрычніка сюды вярнуліся казакі пад камандаваннем Залатарэнкі. 7 кастрычніка аблога горада аднавілася. 8 кастрычніка «быховские сидельцы» зрабілі вылазку, у выніку якой загінуў Залатарэнка. У гэты час выбухнула паўстанне супраць казацкай старшыны. Запарожскае войска страціла баяздольнасць і «не могучи… болше держати Быхова в облеженю и оный узяти не могучи, отступили назад на Украину». У канцы 1655 руския войскі былі вымушаны паступова знімаць аблогу горада. Тут застаўся толькі 1 полк з 22 сотняў на чале з піалк. I. Нячаем, які складаўся пераважна з «пописавшихся» ў казакі сялян Усходняй Беларусі. У Быхаве, які моцна цярпеў ад абстрэлаў, асабліва ад «огненного наряду», прысланага царом, бушавалі частыя пажары, змяншаліся запасы хлеба, хоць рускія палонныя салдаты- ўцекачы паведамлялі, што з хлебам тут «нескудно». Найбольш цярпелі бедныя людзі, якія, паводле звестак тых жа салдат, «от того скучают, что де животины ў их в городе много» (дрэнна было з кармамі). Гарнізон Быхава меў 1000 чалавек наёмнай пяхоты, што абаранялі замак, на валах горада было 18 харугваў мяшчан, шмат узброных сялян з Быхаўскага павета і асобнае фарміраванне з 1000 яўрэяў.

У пачатку 1656 Быхаўская аблога была фактычна спынена ў сувязі з Віленскім перамір'ем 1656, якое забараняла рус. войскам і казакам чыніць «зацепки и наезды» незаваяваным населеным пунктам, асабліва Быхаву. Рус. цар чакаў вырашэння пытання пра абранне яго на трон Рэчы Паспалітай.

Зноскі

  1. Bobiatynski K. Od Smolenska do Wilna. Warszawa, 2006

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]