Абарыгены Тасманіі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Абарыгены Тасманіі
(Palawah)
Last of the Tasmanians Woodcut 2 and 3 - Tasmanians.jpg
Малюнак 1870 г.
Агульная колькасць каля 19 тыс.
Рэгіёны пражывання Аўстралія
Мова палава
Рэлігія хрысціянства, анімізм, магія
Блізкія этнічныя групы

Абарыгены Тасманіі (сучасная саманазва Palawah) — карэннае насельніцтва Тасманіі. Да пачатку брытанскай каланізацыі Аўстраліі яны складалі некалькі моўных і этнічных супольнасцей. У выніку генацыду, які адбыўся ў XIX ст., чыстакроўных тасманійцаў не захавалася. Практычна зніклі іх мовы. Аднак у Тасманіі засталіся тыя, хто мае змешанае паходжанне і працягваюць лічыць сябе карэннымі тасманійцамі. У 2001 г. налічвалася 15 773 такія асобы[1][2].

Згодна перапісу 2011 г., у Тасманіі пражывала 19 625 абарыгенаў і тубыльцаў праліва Торэса[3], хаця трэба мець на ўвазе, што гэтая лічба ўключае таксама абарыгенаў Аўстраліі, а не толькі асабіста Тасманіі.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Па меркаванню вучоных, Тасманія была населена каля 35 тысяч гадоў таму. Да гэтага часу належыць найстаражытнейшая з пакуль знойдзеных археолагамі на востраве стаянак [4]. Некаторыя даследчыкі адсоўваюць гэтую дату да 40 тысячагоддзя да н.э. Характар знойдзеных ранніх прадметаў, а таксама супастаўленне моў абарыгенаў Цэнтральнай і Усходняй Тасманіі з мовай аўстралійскіх абарыгенаў Новага Паўднёвага Уэльса сведчаць пра тое, што перасяленне адбылося з Аўстраліі[5][6]. Хаця міграцыя людзей сучаснага тыпу з Азіі ў Аўстралію патрабавала наяўнасці навыкаў мараплаўства, большасць вучоных схіляецца да думкі, што перасяленне з Аўстраліі ў Тасманію адбывалася па сушы, паколькі няма доказаў, што тасманійцы да прыходу еўрапейцаў умелі вырабляць судны, годныя для плавання на вялікія адлегласці. У перыяд апошняга ледавіковага перыяду ўзровень акіяну быў значна ніжэйшы, і на месцы сучаснага Басава праліва існаваў сухапутны мост. Відавочна, ён быў пакрыты вадой не пазней за 8 тысячагоддзе да н.э. Прыкладна ў гэты час у Аўстралію трапілі сабакі дынга, але ў Тасманію яны перабрацца не здолелі[7].

Такім чынам, асаблівая культура карэнных насельнікаў Тасманіі развівалася ў сувязі з яе ізаляцыяй. Лад жыцця паляўнічых і збіральнікаў рабіў абарыгенаў вельмі залежнымі ад зменаў клімату і пераўтварэнняў у навакольнай прыродзе.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Тасманіец (мал. 1870 г.)
Судна абарыгенаў, мал. 1855 г.

Абарыгены Тасманіі вялі лад жыцця, заснаваны на прысвойванні прыродных рэсурсаў. Галоўнымі заняткамі да прыходу еўрапейцаў былі паляванне і збіральніцтва. Яны не ведалі металаў, амаль не апрацоўвалі ракавіны і косткі жывёлін (хаця карысталіся імі), а метады апрацоўкі каменю заставаліся надзвычай прымітыўнымі. Большасць каменных прылад тэра-вата атрымоўвалі з дапамогай звычайнага адбівання сколаў. Такая тэхніка нагадвае апрацоўку каменю, вядомую ў іншых частках свету ў перыяд мезаліту і нават палеаліту. Тэра-вата мелі ўніверсальны характар. Імі разбіралі дзічыну, завастралі дзіды, рэзалі трыснёг і г. д.

Палявалі на кенгуру і вамбатаў, розных птушак. Ужывалі шмат рознай расліннай ежы, грыбоў. Перажаваныя ягады ферментавалі і пазней пілі як алкагольны напой. Жыхары ўзбярэжжаў забівалі пінгвінаў і ластаногіх, збіралі малюскаў. Рыбу па невядомай прычыне яны не елі[8].

Падобнае жыццезабеспячэнне занадта абмяжоўвала іх колькасць. Па прыкладных падліках, на Тасманіі магло адначасова існаваць да 6 тысяч чалавек[9]. Тым не менш, большасць назіральнікаў у канцы XVIII — пачатку XIX ст. адзначала, што абарыгены не галадалі і выглядалі здаровымі[10].

Матэрыяльная культура карэнных тасманійцаў можа падацца надзвычай простай. Аснову баявой і паляўнічай зброі складалі дзіды і булавы. Дзіды прадстаўлялі сабою доўгія завостраныя калы, 2 - 3, а часам да 4 метраў у даўжыню. Жыхары поўначы карысталіся дзідамі з вышчэрбленымі канцамі. Навершы маглі атручваць трупным ядам. Булавы з'яўляліся завостранымі з абодвух бакоў кароткімі каламі, на якіх рабілі толькі насяканні для зручнага трымання ў руцэ. Абарыгены кідалі дзіды да 40 м. Булаву пры кіданні трымалі гарызантальна, прычым у палёце яна круцілася.

Тасманійцы не ведалі ткацтва, але асвоілі спіральна-валікавую тэхніку пляцення. Вопраткай служылі скуры кенгуру. Іх завязвалі як фартух наперадзе або накідвалі на плечы. Нават у прахалоднае надвор'е многія хадзілі голымі.

Абарыгенам прыходзілася стала змяняць месца паселішча, таму замест капітальных жытлаў яны рабілі навесы, але часам узводзілі круглыя драўляныя хаціны. Судны для перамяшчэння па вадзе былі невялікімі, умяшчалі некалькі чалавек. Яны нагадвалі гібрыд лодкі з плытом. Майстраваліся з доўгіх трубак скручанай кары розных відаў эўкаліптаў, сплеценых з дапамогай звычайнай травы.

Рабілі ўпрыгожванні з ракавін (звычайна кара́лі), шаравалі цела і валасы охрай[11], наносілі сабе шрамы. Захаваліся пятрогліфы абарыгенаў, высечаныя на камянях.

Складаных сацыяльных аб'яднанняў накшталт племені ў абарыгенаў не было. Яны аб'ядноўваліся ў групы, якія складаліся з сем'яў рознага ўзросту, не абавязкова сваяцкіх. Колькасць сем'яў у групе рэдка перавышала 3 - 4, але ўзгадваліся групы да 48 чалавек. Групы вандравалі па пэўнай тэрыторыі, стала мелі кантакт і абмен з іншымі групамі, перш за ўсё тымі, хто размаўляў на блізкім дыялекце [12]. Усяго налічвалася каля 20 вялікіх дыялектных груп. Сучасны тасманійскі гісторык Ліндал Раян на аснове супастаўлення археалагічных знаходак і сведчанняў відавочцаў сцвярджае, што на Тасманіі існавала 9 кантактных тэрыторый, для якіх былі характэрныя больш-менш агульная культура і сталыя ўзаемасувязі паміж рознымі групамі[13]. Сапраўдных правадыроў не было, але ў XIX ст. пад час сутычак з брытанцамі з'явіліся тыя, хто кіраваў іншымі ўзброенымі мужчынамі. Іх улада была вельмі абмежаванай.

Пра рэлігійныя вераванні вядома мала. Назіральнікамі ўзгадваліся вера ў начныя і дзённыя духі, свяшчэнныя камяні і простыя магічныя рытуалы. Прыродным шклом і косткамі памерлых сваякоў карысталіся як абярэгамі. Часам каля нябожчыкаў клалі хворых, каб тыя прагналі злых духаў і вылечылі хваробу. Памерлых хавалі ў пячорах, дуплах дрэў або спальвалі. Верылі, што пасля смерці душа трапляе ў іншы свет, багаты дзічынай[14].

Генацыд[правіць | правіць зыходнік]

Бой паміж абарыгенамі і пасяленцамі
Пракламацыя для абарыгенаў, 1816 г.

У 1803 г. пачалася каланізацыя Тасманіі Вялікабрытаніяй. Брытанцы лічылі, што ў абарыгенаў няма правоў на іх зямлю, а, значыцца, няма сэнсу заключаць з імі якія-небудзь пагадненні. Абарыгены не лічыліся брытанскімі паддадзенымі, а, значыцца, не мелі роўных юрыдычных правоў з каланістамі. Казус выявіўся ўжо ў 1804 г., калі ў маі таго года адбылася першая ўзброеная сутычка паміж абарыгенамі і пасяленцамі. Суддзя канстатаваў немагчымасць прыцягнення карэнных тасманійцаў да судовай адказнасці[13]. Гэта стала адной з прычын наступнага апраўдання пераследу абарыгенаў без санкцый суда і "ачысткі" ад іх прылеглых да калоній земляў. Прыніжэнню падвяргаліся нават тыя з іх, хто жыў далёка ад брытанцаў.

Справа ў тым, што каланіяльная адміністрацыя выкарыстоўвала аўстралійскі досвед стварэння катаржных паселішчаў, прычым першапачаткова ў Тасманію накіроўвалі катаржнікаў з самой Аўстраліі, якія караліся мінімум у другі раз. У 18041853 гг. было ўвезена больш за 70 тысяч зняволеных[15][16]. Умовы ўтрымання зняволеных былі вельмі цяжкімі, таму збеглыя злачынцы і вызваленыя катаржнікі імкнуліся падаліцца ад калоніі. Яны адрозніваліся жорсткасцю нават ва ўзаемных адносінах. Хаця існавалі прыклады мірнага суіснавання абарыгенаў і катаржнікаў, многія тубыльцы станавіліся ахвярамі вандроўных злачынцаў. Таксама пагрозу ўяўлялі кітабоі, што займаліся здабычай у Басавым праліве. Яны выкрадалі і эксплуатавалі жанчын, распаўсюджвалі інфекцыі[17].

Канфлікты часта ўзнікалі з-за непаразуменняў. Напрыклад, калі абарыгены палявалі хатнюю жывёлу брытанцаў. На пераслед з боку пасяленцаў тасманійцы адказвалі не менш жорсткімі нападамі, забівалі жанчын і дзяцей[18].

Вострай праблемай сталі хваробы, завезеныя еўрапейцамі. Ізаляваныя шмат тысячагоддзяў ад астатняга свету, карэнныя тасманійцы не мелі імунітэту супраць звыклых для белых людзей захворванняў. Такім чынам, да пачатку 1830-ых гг. засталося ўсяго некалькі соцень абарыгенаў[19].

Канчаткова "праблему" абарыгенаў Тасманіі вырашыла так званая "Чорная вайна". У лістападзе 1828 г. у адказ на патрабаванні пасяленцаў пакараць "дзікуноў" за напады было ўведзена ваеннае становішча. Яго асноўнай мэтай было пазбаўленне ад тых абарыгенаў, што працягвалі традыцыйны лад жыцця і быццам бы прадстаўлялі пагрозу для каланістаў. Дазвалялася страляць у любога тубыльца. Ваеннае становішча працягвалася да 1832 г. і скончылася амаль поўным знішчэннем абарыгенаў. Гісторык Джарэд Дайманд апавядае пра дзеянні брытанцаў наступнае: "Тактыка палявання на Тасманіі складалася ў стральбе, седзячы вярхом на кані, растаноўцы пастак і атручанай мукі ў месцах, дзе абарыгены маглі знайсці яе. Пастухі адразалі палавыя органы мужчын і глядзелі як тыя беглі кароткую адлегласць, пакуль не падалі і паміралі. На пагорцы, названым гара Перамогі, пасяленцы забілі 70 тасманійцаў і кінулі іх целы са скалы. Аднойчы паліцыя забіла 70 тасманійцаў, так што ў дзяцей выляцелі мазгі"[20].

Перасяленне на Фліндэрс[правіць | правіць зыходнік]

Частка грамадскасці была занепакоена вынішчэннем абарыгенаў. Меркавалася, што тубыльцы могуць быць "цывілізаваны" і больш не стануць пагражаць калоніі. Сярод такіх дзеячаў быў Джордж Огастэс Робінсан (17911866 гг.), просты брытанскі будаўнік з Англіі, які пераехаў у Тасманію ў 1824 г. У 1829 г., калі стала зразумелым, што нават пасля распраў дастатковая колькасць тубыльцаў працягвае хавацца ў лясах, улады прынялі яго прапанову стаць пасрэднікам у перагаворах. Робінсан спадзяваўся згуртаваць выжылых абарыгенаў у адным месцы і выхоўваць іх згодна хрысціянскім прынцыпам. Ён пакінуў Хобарт і даследаваў лукавіны Вялікай ракі (Great River) і Ойстэр-Коўв (Oyster Cove), дзе знайшоў рэшткі мясцовых груп і ўгаварыў іх прыняць удзел у праекце перасялення. Вяртанне Робінсана жывым разам з абарыгенамі ўпэўніла грамадскасць у яго добрасумленнасці, і ён атрымаў далейшую падтрымку.

Дж. О. Робінсан здзейсніў яшчэ некалькі вандровак па Тасманіі ў суправаджэнні сваіх сыноў і далучаных да яго місіі абарыгенаў. Ён вёў падрабязныя дзённікі, а таксама вывучаў мову і культуру карэнных тасманійцаў. За кожнага абарыгена, што пагаджаўся далучыцца да яго, брытанец атрымоўваў шчодрую ўрадавую ўзнагароду. Такім чынам, у 1830 - 1833 гг. ён знайшоў і пераправіў на новае месца жыхарства на востраве Фліндэрс у Басавым праліве 167 чалавек.

Аднак пераселеныя абарыгены апынуліся ў цяжкіх умовах. Іх новае месца жыхарства не зусім адпавядала звыклым умовам, не хапала ежы (перасяленцы адмаўляліся есці прапанаваныя ім бульбу і авёс), да таго ж брытанская ахова больш нагадвала турэмшчыкаў. Сярод абарыгенаў пачаліся голад і хваробы. У кастрычніку 1835 г. Робінсан у якасці афіцыйнага абаронцы карэнных тасманійцаў узначаліў калонію і ўрэгуляваў яе забеспячэнне. Яго дзейнасць шырока асвятлялася сродкамі масавай інфармацыі.

Аднак прыхільнікі мірнага перасялення зусім не збіраліся захоўваць традыцыйны лад жыцця абарыгенаў. Перасяленцаў вымушалі апранаць еўрапейскае адзенне, наведваць касцёл і школу, у якой выкладалі настаўнікі-брытанцы, займацца земляробствам і гандляваць. Але абарыгены не маглі прыстасавацца да новых умоў. Хваробы і адчай прывялі да значнай смяротнасці.

У 1839 г. Робінсан, які атрымаў прапанову заняцца падобнай дзейнасцю ў Аўстраліі, пакінуў Фліндэрс. У 1852 г. ён вярнуўся на радзіму багатым і знакамітым чалавекам[21]. Улады працягвалі апекаваць яго праект. Але ў 1847 г. шэсць абарыгенаў прадставілі петыцыю да каралевы Вікторыі з просьбай вярнуць іх у Тасманію. Па яе наказу 47 выжылых тасманійцаў (14 мужчын, 23 жанчыны і 10 дзяцей) былі перавезены на станцыю Ойстэр-Коўв на поўдзень ад Хобарта[22]. Станцыя знаходзілася на месцы былой турмы, аднак перасяленцам прапаноўваліся лепшыя ўмовы, чым на востраве. 8 мая 1876 г. памерла Труганіні, апошняя жыхарка партыі выратаваных з Фліндэрс.

Трагедыя перасяленцаў, якія пагадзіліся на прапанову Робінсана, выклікала да жыцця міф аб поўным знішчэнні тубыльцаў Тасманіі. Але, як паказаў гісторык Ліндал Раян, Труганіні нават не была апошняй чыстакроўнай абарыгенкай. Міф пра знікненне карэнных тасманійцаў распаўсюджваўся таму, што гэтага жадалі ўлады і грамадскасць. Сапраўдная апошняя чыстакроўная абарыгенка Фані Кохрэйн Сміт памерла толькі ў 1905 г. Яна, як і многія іншыя абарыгены, не далучылася да Робінсана. Акрамя таго, захаваліся шматлікія нашчадкі ад сумесных шлюбаў брытанскіх перасяленцаў, чарнаскурых выхадцаў з Вест-Індыі, кітабояў з розных краін і жанчын-абарыгенак з Паўночнай і Усходняй Тасманіі. Яны склалі аснову сучасных абарыгенаў Тасманіі[13].

Сучасныя абарыгены Тасманіі[правіць | правіць зыходнік]

Сучасныя абарыгены Тасманіі — нашчадкі ад сумесных шлюбаў чыстакроўных жанчын-абарыгенаў з перасяленцамі, кітабоямі і маракамі з іншых краін (галоўным чынам з Вялікабрытаніі). Яны згубілі родную мову і традыцыйную культуру, прынялі хрысціянства, але ніколі не ўсведамляліся як паўнавартасныя члены белага грамадства. За імі замацаваліся мянушкі бунг (англ.: boong) і кун (англ.: coon, літаральна "янот"). Толькі ў 1960 - 1970-ых гг. сярод іх пачалося адраджэнне цікавасці да сваіх каранёў[23]. Гэтаму садзейнічала далучэнне Тасманіі ў 1967 г. да руху за паляпшэнне правоў карэнных жыхароў Аўстраліі.

У 1972 г. быў адчынены Тасманійскі цэнтр абарыгенаў. У 1976 г. адбылася першая гучная акцыя абарыгенаў Тасманіі, якія пахавалі рэшткі Труганіні паводле яе запавету ў моры.

У 1997 г. штат Тасманія афіцыйна папытаў прабачэнне ў абарыгеннага насельніцтва. У чэрвені 2005 г. было заканадаўча пацверджана, што абарыгенам у Тасманіі можа лічыцца той, хто мае паходжанне ад абарыгенаў, усведамляе сябе як абарыген і вызнаецца іншымі як абарыген. У лістападзе 2006 г. прынята рашэнне аб значнай фінансавай кампенсацыі абарыгенам Тасманіі за прынесеную ім у мінулым шкоду.

Аднак дзейнасць абарыгенаў і законы, накіраваныя на маральную кампенсацыю, выклікалі не толькі станоўчы, але і адмоўны рэзананс. Прыкладам таму з'яўляецца дзейнасць аўстралійскага пісьменніка Кейта Віндсчатла, які апублікаваў у 2002 г. кнігу, якая адмаўляла генацыд абарыгенаў Тасманіі. Кейт Віндсчатл лічыць, што выміранне абарыгенаў адбылося ў выніку эпідэмій, а не наўмыснай дзейнасці перасяленцаў і ўлад, што ваенныя сутычкі з абарыгенамі мелі лакальны характар, і, што гісторыя вымірання абарыгенаў была наўмысна скажоная ліберальнымі гісторыкамі. Кніга і артыкулы пісьменніка шырока абмяркоўваліся ў сродках масавай інфармацыі, што ў далейшым прывяло да абвінавачвання сучасных абарыгенаў у фальсіфікацыі правоў на спадчыну сваіх продкаў для атрымання кампенсацыі. Гісторыкі Тасманіі абвяргаюць яго погляды[24][25].

Цэнтры захавання культуры абарыгенаў Тасманіі[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыі абарыгенаў Тасманіі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. West B. A. Encyclopedia of the Peoples of Asia and Oceania. - New York, 2009 P.18
  2. Richard Flanagan, The lost tribe
  3. People characteristics - Aboriginal and Torres Strait Islander
  4. Tasmanian Aboriginal People and History
  5. переселеніе John A Taylor, PALAWA (ABORIGINAL) LANGUAGES
  6. The Peopling Of Australia
  7. Archaeology and the Oldest Tasmanians
  8. Rebe Taylor, The polemics of eating fish in Tasmania: the historical evidence revisited
  9. Народы Австралии и Океании. / Под ред. С. А. Токорева, С. П. Толстова. - М.: Издательство Академии наук СССР, 1956 С. 272
  10. David Woodward, ABORIGINAL TRADITIONAL DIET
  11. Patsy Cameron, SHELL NECKLACES
  12. West B. A. Encyclopedia of the Peoples of Asia and Oceania. - New York, 2009 P.17
  13. 13,0 13,1 13,2 Tasmanian Aborigines: A History since 1803, by Lyndall Ryan
  14. Народы Австралии и Океании. / Под ред. С. А. Токорева, С. П. Толстова. - М.: Издательство Академии наук СССР, 1956 С. 277 - 279
  15. Convicts in Tasmania
  16. Convict History and Genealogy
  17. The Chaotic Years
  18. Roth, H. Ling (Henry Ling), Butler, Marion E; Garson, J. G. The aborigines of Tasmania. - London, K. Paul, Trench, Trübner & co, 1890. Р. 91 - 95
  19. Genocidal History Of The Tasmanian Aboriginies
  20. Цыт.: Runko Rashidi, Black War: The Destruction of the Tasmanian Aborigines
  21. Robinson, George Augustus (1791–1866)
  22. Julie Gough, OYSTER COVE
  23. Jim Everett, ABORIGINALITY
  24. Historian dismisses Tasmanian aboriginal genocide "myth"
  25. James Boyce, THE FABRICATION OF ABORIGINAL HISTORY?