Абацтва Сен-Дэні

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Базіліка Сен-Дэні

Абацтва Сен-Дэні (фр.: Abbaye de Saint-Denis) — бенедыктынскае абацтва ў Сен-Дэні, паўночным прыгарадзе Парыжа, галоўны манастыр сярэднявечнай Францыі.

У I стагоддзі на гэтым месцы існавала рымскае паселішча пад назвай Катуліяк. Паводле падання, сюды, з адсечанай галавой у руках, прыйшоў з Манмартра першы біскуп Парыжа святы Дыянісій Парыжскі (часта атаясамляецца з Дыянісіем Арэапагітам).

У 475 г., з блаславення святой Жэнеўевы над магілай святога пабудавалі першую базіліку. Пры каралю Дагаберы I тут быў заснаваны манастыр бенедыктынаў, і ў 630 г. базіліка была перабудавана і стала галоўным храмам манастыра.

Найбольшага росквіту абацтва дасягнула ў часы абата Сугерыя, пры ўдзеле якога ў 1137-1144 гг. была пабудавана манастырская царква - першы будынак у гатычным стылі, які аказаў уплыў на развіццё готыкі ў Францыі. У пачатку XIII ст. Людовік IX Святы загадаў перанесці ў базіліку прах сваіх папярэднікаў і стварыць для іх надмагіллі. З гэтага моманту царква служыла магільным склепам французскіх каралёў. Абацтва, дзе пахаваны амаль усе (за выключэннем трох чалавек) каралі Францыі, а таксама члены іх сем'яў, часта называюць «каралеўскі некропаль Францыі».