Аварыя Bombardier CRJ-100 у Ерэване 14 лютага 2008 года

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аварыя Bombardier CRJ-100 у Ерэване
Агульныя звесткі
Дата 14 лютага 2008
Час 04:19 (UTC+4)
Характар Левы крэн пры ўзлёце, дотык левага крыла паверхні зямлі, пераварот і разбурэнне паветранага судна, пажар
Прычына Утварэнне інея на паверхні крыла, «паліўнае абледзяненне»
Месца Сцяг Арменіі Арменія, Ерэван, Аэрапорт «Звартноц»
Загінулыя 0
Параненыя 7
Паветранае судна

Самалёт у жніўні 2007
Мадэль CRJ-100LR
Авіякампанія Белавія
Пункт вылету Сцяг Арменіі Арменія, Ерэван
Пункт прызначэння  Беларусь, Мінск
Пасажыры 18
Экіпаж 3
Выжылых 21 (усе)

Аварыя Bombardier CRJ-100 у Ерэване 14 лютага 2008 года — авіяцыйнае здарэнне без чалавечых ахвяр з самалётам CRJ-100LR (CL-600-2B19), нацыянальны і рэгістрацыйны знакі EW-101PJ, адбылося ў ерэванскім аэрапорце «Звартноц». Паветранае судна эксплуатавалася авіякампаніяй «Белавія» і выконвала рэгулярны пасажырскі міжнародны рэйс BRU-1834 па маршруце Ерэван - Мінск.

Самалёт[правіць | правіць зыходнік]

Паветранае судна Canadair Regional Jet CRJ-100LR (CL-600-2B19), завадскі нумар 7316, было выпушчана 15 красавіка 1999 г. і на момант аварыі мела 15563 лётных гадзін і 14352 цыклы ўзлёт-пасадка.

Экіпаж і пасажыры[правіць | правіць зыходнік]

На борце самалёта знаходзіліся 3 члены экіпажа і 18 пасажыраў з пяці краін:

Краіна Колькасць
Сцяг Арменіі Арменія 10
Сцяг Грузіі Грузія 5
Сцяг Расіі Расія 1
Сцяг Украіны Украіна 1
Сцяг Беларусі Беларусь 1
Усяго 18

Гісторыя палёту[правіць | правіць зыходнік]

Экіпаж самалёта ў складзе камандзіра паветранага судна (КПС), другога пілота і бортправадніка выканаў 13 лютага 2008 года міжнародны рэйс BRU-1833 Мінск-Ерэван. У час выканання рэйса адхіленняў і няспраўнасцяў у працы самалёта выяўлена не было. Пасля высадкі пасажыраў была праведзена планавая пасляпалётная праверка, самалёт быў запраўлены 2200 літрамі (1802 кг) паліва маркі Jet A-1. З-за прагназуемага пагаршэння умоў надвор'я на асноўным запасным аэрадроме Гомель камандзірам паветранага судна было прынята рашэнне аб павелічэнні запраўкі самалёта на 400 літраў (328 кг). Агульная колькасць паліва на борце, з улікам рэшткаў у баках паліўнай сістэмы пасля пасадкі (2700 кг), склала 4830 кг. Запраўка самалёта рабілася праз заправачную гарлавіну, размешчаную на правым крыле.

У далейшым КПС і другім пілотам быў праведзены візуальны і тактыльны (далонню) кантроль стану ПС, у выніку якога было ўстаноўлена, што ўсе плоскасці былі чыстыя і сухія. На падставе гэтага было вырашана не рабіць апрацоўку антыаледзяняльнай вадкасцю.

Пасажыры занялі месцы ў пасажырскім салоне, багаж быў загружаны ў багажнае аддзяленне, груз і пошта адсутнічалі.

Абставіны катастрофы[правіць | правіць зыходнік]

Пасля атрымання дыспетчарскага дазволу, экіпаж зрабіў запуск рухавікоў. Праз 43 секунды пасля запуску рухавікоў было уключана абаграванне паветразаборнікаў рухавікоў, супрацьаледзяняльная сістэма крыла не ўключалася. Пры выкананні ўзлёту у самалёта ўзнік прагрэсавальны левы нахіл. У працэсе развіцця нахілу левае крыло закранула паверхню ўзлётна-пасадачнай паласы (УПП), пасля чаго паветранае судна выкацілася за межы паласы на грунт, перавярнулася праз правае крыло, і ў працэсе некіравальнага руху перасекла УПП, спыніўшыся справа ад яе. Пры перавароце праз правае крыло адбылося разбурэнне самалёта і выцяканне паліва з бакаў. У выніку гэтага ўзнік наземны пажар, які быў патушаны пажарнымі камандамі аэрапорта.

Члены экіпажа раненняў не атрымалі. Пасля спынення экіпаж пакінуў самалёт праз разлом у насавой частцы фюзеляжа і правёў эвакуацыю пасажыраў. У выніку аварыі 7 пасажыраў атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці і былі шпіталізаваны ў Рэспубліканскую клінічную бальніцу горада Ерэвана.

Прычыны катастрофы[правіць | правіць зыходнік]

Па заключэнні МАК непасрэднай прычынай здарэння паслужыла ўтварэнне шаці на паверхні левага крыла (у першую чаргу на пярэдняй абзе крыла), у выніку чаго пагоршыліся апорныя ўласцівасці гэтага крыла на этапе ўзлёту. Гэта прывяло да завалу самалёта налева пасля адрыву ад УПП і дотыку левага крыла аб паверхню УПП і наступнага разбурэння судна і пажару. Найбольш верагоднай прычынай утварэння шаці з'яўляецца «паліўнае абледзяненне», калі з-за мінусавай тэмпературы паліва, якая засталася пасля папярэдняга палёту ў баках, на паверхні фюзеляжа кандэнсуецца вільгаць і можа ўтварыцца лёд.