Блонь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Аграгарадок Блонь)
Аграгарадок
Блонь
Блонь у 2022 г. На фоне царква Святой Тройцы
Блонь у 2022 г. На фоне царква Святой Тройцы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Вышыня цэнтра
157 м
Водныя аб’екты
Насельніцтва
  • 2 038 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1713
Паштовы індэкс
222831
Аўтамабільны код
5
Блонь на карце Беларусі ±
Блонь (Беларусь)
Блонь
Блонь (Мінская вобласць)
Блонь

Блонь[1] (трансліт.: Bloń, руск.: Блонь) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Блонскага сельсавета. Месціцца за 1 км на поўдзень ад Мар’інай Горкі, 51 км ад Мінска, 4 км ад чыгуначнай станцыі Пухавічы, на рацэ Цітаўка.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Першапачатковая назва — сяло Балоннае, Балонскае. Балонь, балонне — нізкі заліўны луг каля ракі[2][3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл езуітаў у Блоні, другая палова XIX ст.

У пісьмовых крыніцах Блонь вядома з XVI стагоддзя. У 1582 годзе сяло Балоннае (Балонскае) у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Маёнтак Блонь належаў розным асобам. Адзін з іх, Юзаф Бака, у 1745 годзе заснаваў у Блоні місію езуітаў. Юзаф (1707—1780), сын Адама Бакі, скарбніка мсціслаўскага, у 1723 годзе ўступіў у ордэн езуітаў і пабудаваў у 1742 годзе ў Блоні драўляны касцёл, а ў 1745 годзе — драўляны кляштар (дом, які стаў рэзідэнцыяй езуіцкай місіі). Паводле мясцовых паданняў, касцёл і рэзідэнцыя злучаліся падземным ходам. Пасля смерці Юзафа Бакі маёнтак Блонь перайшоў ва ўласнасць айцоў-езуітаў[4], але дзейнасць езуіцкай місіі была спынена.

Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. З 1793 года сяло ў Пухавіцкай воласці Ігуменскага павета, з 1795 года Блонь атрымала статус мястэчка.

Паводле перапісу 1800 года былі мястэчка і сяло Блонь, у якіх быў касцёл, 2 царквы і карчма. У 1826 годзе была пабудавана Свята-Троіцкая царква.

У пачатку XIX стагоддзя маёнтак ненадоўга перайшоў да Панінскіх, а потым да Асоўскіх. За ўдзел уладальніка маёнтка ў паўстанні 1863 года, расійскія царскія ўлады канфіскавалі маёнтак, а пазней перадалі яго ва ўладанне чыноўніку Іосіфу Бонч-Асмалоўскаму, сапраўднаму стацкаму саветніку, члену Губернскай прысутнасці па сялянскіх справах. Анатоля Бонч-Асмалоўскага, сына Іосіфа, выгналі за ўдзел у хваляваннях з Пецярбургскага ўніверсітэта і саслалі ў Блонь да бацькі. Бацька завяшчаў сядзібу сыну без права продажу[5]. Паводле спісу землеўладальнікаў Пухавіцкай воласці Мінскай губерні 1889 года, падрыхтаванага І. Е. Краўцовым, Асмалоўскі-Бонч Анатоль Восіпавіч, дваранін, праваслаўны, валодаў, сярод іншых, маёнткам Блонь Пухавіцкай воласці на 880 дзесяцін зямлі.

У 1869 годзе ў Блоні адкрыта народнае вучылішча, у якім на 1892 года вучылася 55 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі. У 1877 годзе закладзены крухмальны завод. Паводле звестак 1866 года ў сяле была праваслаўная царква, касцёл, вадзяны млын, народнае вучылішча (65 вучняў), адбываліся 2 штогадовыя таржкі, у маёнтку Бонч-Асмалоўскіх была бібліятэка і народніцкі гурток на чале з Анатолем Бонч-Асмалоўскім.

Рэвалюцыйная дзейнасць Бонч-Асмалоўскіх[правіць | правіць зыходнік]

Сядзіба Бонч-Асмалоўскіх у Блоні

У 1899 годзе Анатоль Бонч-Асмалоўскі са сваёй жонкай Варварай Бонч-Асмалоўскай (Вахоўскай) заснавалі ў вёсцы так званую Блонскую сялянскую арганізацыю, якая праіснавала да 1908 года, у межах якой праводзілі адукацыйна-асветніцкую дзейнасць сярод сялян. Найбольш кемлівым сялянам гаспадары маёнтка давалі кнігі, праводзілі ў маёнтку вечарынкі для сялян, сваіх дзяцей пасылалі ў мясцовую сельскую школу, летам аддавалі ў работнікі да сялян. Пасля ўзнікнення ў Мінскай губерні ў канцы 1890-х гадоў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі, адным з кіраўнікоў якой стаў Бонч-Асмалоўскі, сярод жыхароў Блоні і суседніх вёсак узмацнілася рэвалюцыйная агітацыя. Гэтаму садзейнічалі таксама сябры Бонч-Асмалоўскага па партыі, таксама народнікі, муж і жонка С. Клячко і Л. М. Клячко-Радзівонава, якія ў 1896 годзе прыехалі ў Пухавічы[6]. У выніку, у 1899 годзе сярод сялян Блоні ўзнік тайны гурток самаразвіцця і ўзаемадапамогі. У ім налічвалася каля 20 чалавек: М. і А. Цехановічы, Н. і C. Мігуцкія, Р. Абрачынскі, М. Васкабойнік, А. Буцанец і іншыя. Гурток меў бібліятэку, аказваў матэрыяльную дапамогу сялянам. На сходах гурткоўцы абмяркоўвалі палітычныя і эканамічныя праблемы, распаўсюджвалі рэвалюцыйную літаратуру. Пад уплывам гуртка знаходзіліся і жыхары суседніх вёсак — Клятное, Кляцішын, Сінча, Церабуты. У 1898—1899 гадах у маёнтку некалькі месяцаў жыла народніца Кацярына Брэшка-Брашкоўская. Таксама ў Блонь прыязджалі нарадаволец С. П. Кавалік, народнікі Р. А. Гершуні, Я. К. Судзілоўская, Е. У. Нікіфарава і Л. П. Нікіфараў, марксісты С. Мяржынскі і П. Румянцаў, рускі пісьменнік Я. Чырыкаў і іншыя. У 1901 годзе гурток быў разгромлены. Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М. Цехановіч на 4 гады адпраўлены ў ссылку, астатнія ўзяты пад асобы нагляд паліцыі.

У 1903 годзе вакол селяніна В. Катка (Федарончыка), які знаходзіўся пад уплывам эсэраў, пачаў складацца новы гурток. У яго ўвайшлі жыхары Блоні В. Кавальчук, Р. Сарачынскі, В. Цехановіч і А. Буцанец. Сходкі праводзілі ў доме В. Слаболера. Удзельнікі гуртка распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэлігійныя погляды. Аднак, ужо ў траўні 1903 года, Каток быў высланы на жыхарства ў Мінск, і дзейнасць гуртка была прыпынена. Зноў актывізавалася ў канцы 1904 года, пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і М. Цехановіча, якія ў 1905 годзе заснавалі суполку Усерасійскага сялянскага саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арганізацый РСДРП і Беларускай сацыялістычнай грамады.

Сумеснымі намаганнямі рэвалюцыйных партый у Блоні пачалася падрыхтоўка сялян-агітатараў, якія разыходзіліся па суседніх маёнтках і вёсках. Агітатары наймаліся батракамі, кавалямі і цеслярамі, яны вялі масавую прапаганду рэвалюцыйных ідэй, рыхтавалі выступленні сялян супраць памешчыкаў. Прадстаўнікі Блоні — Анатоль Бонч-Асмалоўскі і Р. Гайдук — удзельнічалі ва Устаноўчым з’ездзе Усерасійскага сялянскага саюза (31.07 — 1.08.1905). З дапамогай свядомых сялян — М. Лукашыка, М. Цехановіча, Катка, С. Мігуцкага, Дз. Васкабовіча, В. Шыбайлы рэгулярна праводзіліся мітынгі, якія збіралі да 500 чалавек з навакольных мясцін. З 1906 года, у сувязі з узмацненнем паліцэйскага рэжыму, дзейнасць палітычнага гуртка ў Блоні страціла сваю актыўнасць, паменшыўся ўплыў РСДРП і Беларускай сацыялістычнай грамады. Анатоль Бонч-Асмалоўскі с жонкай і сынам, а таксама найбольш актыўныя з сялян былі прыцягнуты да судовага следства. У сядзібе выявілі склад забароненай літаратуры, якая паступала ў Блонь з-за мяжы і перадавалася ў Пецярбург.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Новы касцёл Святога Яна, пач. XX ст.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы.

Электрыфікаваная хата ў Блоні, 1929 г.

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Сядзіба Бонч-Асмалоўскіх нацыяналізаваная. У 1922 годзе працавала школа 1-й ступені. На базе колішняга маёнтка створаны саўгас «Чырвонае Полымя», меў 2 млыны, крупадзёрку, маслабойку, у 1924 годзе лесапільны і крухмальны завод, пры якім была электрастанцыя, малатарня, кармарэзка, мукамольня. з 20 жніўня 1924 года цэнтр Блонскага сельсавета Пухавіцкага раёна Менскай акругі, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці. У пачатку 1930-х працавалі саўгас «Блонь», калгас «Асаавіяхім», былі 2 кузні, 2 сталярныя і слясарныя майстэрні.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. Было спалена 119 з 189 дамоў[7].

У 1967 годзе да Блоні быў далучаны Пасёлак Саўгаса «Індустрыя».

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 1886 год — 86 двароў, 776 жыхароў
  • 1897 год — 935 жыхароў
  • пач. XX ст. — 158 двароў, 1034 жыхары; маёнтак — 156 жыхароў
  • 1917 год — 244 двароў, 1100 жыхароў; маёнтак — 214 жыхароў
  • 1970 год — 475 двароў, 1590 жыхароў
  • 1999 год — 1825 чалавек
  • 2002 год — 716 двароў, 1801 жыхар
  • 2010 год — 1740 чалавек
  • 2012 год — 1780 чалавек
  • 2019 год — 2038[8]

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтр Блоні

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Блонскі Дом культуры

З 19 жніўня 1982 г у вёсцы дзейнічае народны калектыў «Зарачанка»[10].

  • Блонская сельская бібліятэка (1953)
  • Раённы краязнаўчы музей (былы сядзібны дом Бонч-Асмалоўскіх)
  • Дом культуры

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

  • Сядзіба Бонч-Асмалоўскіх
    • Дом для прыслугі (XIX ст.)[11].
    • Крухмальны завод (XIX ст.)[12].
  • Царква Святой Тройцы
  • Брацкая магіла савецкіх воінаў
  • Брацкая магіла — «Папова горка». Ва ўрочышчы «Папова горка» ў 1966 годзе на месцы расстрэлу, знаходзіцца брацкая магіла і абеліск, дзе пахавана 1290 чалавек, з іх 30 партызан. 22 верасня 1941 года акупацыйнай уладай былі расстраляныя 1260 мірных грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці з Мар’інай Горкі і Пухавічаў.

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 29
  3. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, 1977–1984.
  4. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі//Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000
  5. Федарук А. Т. «Старадаўнія сядзібы Мінскага краю» — Мн.: Поліфакт. — Лекцыя, 2000. — 416 с.
  6. Чёрный передел в Блони.
  7. Поиск - Белорусские деревни, сожжённые в годы Великой Отечественной войны. db.narb.by. Праверана 24 красавіка 2024.
  8. Belarus. pop-stat.mashke.org. Праверана 24 красавіка 2024.
  9. https://blon.schools.by/ Архівавана 25 лютага 2019.
  10. http://www.gorka.by/?p=38632
  11. http://problr.by/usadba-bonch-osmolovskix-dom-dlya-prislugi.html
  12. https://orda.of.by/.add/showimage.php?image=../.ga/b/blon/krahmal/nf/.big/img_5977_1594.jpg
  13. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Блонь // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 118—119. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
  • Бонч-Асмалоўскі А. В. Эпоха 1905 г. Мае ўспаміны //Полымя. 1925, № 6-7
  • Зіміонка А. Сацыялістычны рух на Беларусі. II. Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў// Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культуры і рэвалюцыйнага руху. Мн., 1924. С. 152, 156.
  • Савіцкая Л. Група Бонч-Асмалоўскага // Полымя. 1967, № 5
  • Клейн Б. Дело Бонч-Осмоловских // Клейн Б. В годину испытаний: Ист.-лит. очерки. Мн., 1986
  • Афтанази Р. «Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej» 1991 — 97 гг.
  • Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748 с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
  • Алесь Карлюкевіч. У Блоні, дзе месціцца сядзіба рэвалюцыйных памешчыкаў // Маладосць, № 12, 2014
  • Jelski A. Błoń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. — S. 249.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]