Быцень (Івацэвіцкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Аграгарадок Быцень)
Аграгарадок
Быцень
Царква Св. Язафата і манастыр пасля пераходу да РПЦ Масквы
Царква Св. Язафата і манастыр пасля пераходу да РПЦ Масквы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1555
Насельніцтва
1 911 чалавек
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1645
Паштовыя індэксы
225281
Аўтамабільны код
1
СААТА
1234808006
Быцень на карце Беларусі ±
Быцень (Івацэвіцкі раён) (Беларусь)
Быцень (Івацэвіцкі раён)
Быцень (Івацэвіцкі раён) (Брэсцкая вобласць)
Быцень (Івацэвіцкі раён)

Бы́цень[1] (трансліт.: Bycień, руск.: Бытень) — аграгарадок у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Быценскага сельсавета. Насельніцтва 1911 чал. (2014). Знаходзіцца за 28 км на паўночны ўсход ад Івацэвічаў, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Даманава; на аўтамабільнай дарозе Івацэвічы — Слонім.

Часам сустракаецца форма назвы Бытэнь[2][3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першы пісьмовы ўспамін пра Быцень як маёнтак у Слонімскім павеце Новагародскага ваяводства, уладанне роду Давойнаў датуецца 12 мая 1555. Пазней мясцовасць перайшла да князёў Сямёна Адзінцэвіча і Фёдара Галаўні, у 1560 — да Яна Хадкевіча. Станам на 1570 тут было 25 дамоў, 11 кастрычніка 1570 Соф’я Хадкевіч адпісала трэцюю частку маёнтку свайму пляменніку Я. Хадкевічу, таго ж года Станіслаў і Крыштаф Андрушкевічы прадалі яму свае землі ў наваколлі.

Хрыстос Уседзяржыцель. 16 ст. Успенская царква (1654). Дошка, яечная тэмпера. 150х110х3

У кан. XVI ст. Быцень перайшоў да шляхецкага роду Трызнаў. У 1607 Рыгор Трызна з жонкай Раінай Сапяжанкай фундавалі тут будову манастыра, які неўзабаве зрабіўся апорай грэка-каталіцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1615 Папа Рымскі надаў манастыру прывілей на адкрыццё духоўнай школы (навіцыянту). Тутэйшым настаяцелем быў Іасафат Кунцэвіч. У 1626 Мікалай Трызна заснаваў у Быцені шпіталь на 10 месцаў. 30 ліпеня 1640 у сваім тэстаменце ён перадаў манахам мястэчка і маёнтак Быцень, а таксама завяшчаў пахаваць сябе ва Успенскай царкве.

У Трынаццацігадовую вайну (16541667) Быценскі манастыр даў прытулак базыльянам з Вільні, Полацку, Віцебску, Мінску. Настаяцель Б. Цярлецкі вывез сюды з Віленскага Траецкага манастыра цудоўны абраз Маці Боскай. Апроч таго, тут захоўваўся абраз Жыровіцкай Маці Боскай.

У пач. XVIII ст. у Быцені збудавалі мураваную Траецкую царкву, у 17301737 у ёй паставілі разны іканастас і 11 алтароў. З 1766 у мястэчку працавала суконная фабрыка. У 1779 па працяглых судовых працэсах маёнтак перайшоў у валоданне нашчадкаў Трызнаў — Тызенгаўзаў.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Быцень апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Слонімскім павеце. У 1839 пры скасаванні уніі расійскія ўлады інтэрніравалі ў Быценскі манастыр непакорных уніяцкіх святароў[4]. Станам на 1858 у мястэчку было 134 двары. У 1864 дзеля русіфікацыі края адкрылі народнае вучылішча. На 1866 у Быцені існавалі валасная і грамадская ўправы, 2 царквы, сінагога, школа, суконная фабрыка, заезны дом, нямала крамаў, базар; за 2 вярсты ад мястэчка — маёнтак Планта, у ім бровар, піўны і соладавы заводы. У 1890 пачало працаваць мукамольнае прадпрыемства.

У Першую сусветную вайну Быцень занялі нямецкія войскі, пазней бальшавікі. 24 лютага 1919 аддзел польскага войска пад камандаю маёра Уладзіслава Дамброўскага адбіў мястэчка з рук бальшавікоў. Ён прымусіў уцякаць кіраўніцтва 4-га Рэвалюцыйнага Варшаўскага палка Чырвонай арміі, здабылі цяжкі кулямёт, ваенную кухню, 100 ручных кулямётаў, 500 гранатаў, мільён куляў да кулямётаў і два тэлефоны. У палон трапілі 50 салдат. Польскі бок страціў 1 забітага і 8 параненых. У змаганні асабліва вызначыліся падпаручнікі Валентыновіч, Марэшка і Барскі, а таксама артылерысты з панцарнага цягніка 'Канёў'[5]. Аднак гэта быў толькі правакацыйны наступ, па якім польскія сілы пакінулі мястэчка. Быцень быў заняты зноў 28 лютага аддзелам капітана Шчэнсновіча, у часе наступу польскіх войскаў у бок ракі Шчары. 1 сакавіка бальшавікі атачылі мястэчка. З яго вырвалася толькі польская кавалерыя, а пяхота засталася ў Быцені і баранілася да канца. У змаганнях загінулі 10 польскіх салдат разам з падпаручнікам Фалькоўскім, астатнія, у тым ліку 4 цяжка параненыя з падпаручнікам Сабалеўскім, патрапілі ў бальшавіцкі палон. Змаганне паміж польскімі і бальшавіцкімі сіламі трывала да 6 сакавіка, калі мястэчка канчаткова заняла польскае войска ў выніку смелага наступу аддзелу капітана В. Камяроўскага з групы войскаў генерала В. Івашкевіча-Рудашанскага[6]. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.

У 1939 Быцень увайшоў у БССР, дзе ў 1940 стаў цэнтрам раёна Баранавіцкай вобласці8 студзеня 1954 у Брэсцкай вобласці). Статус паселішча панізілі да вёскі. У гэты час тут працавалі пачатковая школа, бальніца, пошта, лесапільны завод, шавецкая і кравецкая арцелі. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 да 10 ліпеня 1944 Быцень знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 14 кастрычніка 1957 вёска ўвайшла ў склад Івацэвіцкага раёна25 снежня 1962 да 6 студзеня 1965 у Бярозаўскім раёне). Станам на 1970 тут было 699 двароў, на 2014 — 835 гаспадарак. У 2008 годзе вёсцы нададзены статус аграгарадка[7]. У 2011 годзе да Быценю далучаны тэрыторыі суседніх вёсак Зарэчча і Козіна[8].

Быценская суконная фабрыка[правіць | правіць зыходнік]

Быценская суконная фабрыка дзейнічала ў 1766—1914 y мястэчку Быцень. У час паўстання 1794 разбурана, за перыяд 1796—1858 адноўлена і значна расшырана. Да 1890 вырабляла сукны, пасля — шарсцяныя коўдры. Сыравіна — воўна авечак. У 1860 дзейнічаў паравы рухавік, y 1879 працавала 17 ткацкіх станкоў, 6 часальных і 46 прадзільных машын, y 1913 — паравая машына (20 к.с.) і паравы кацёл, былі прадзільнае, ткацкае і апрэтурнае аддзяленні. Працавала да 90 рабочых (1878).

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

У Быцені працуюць КБА, сярэдняя школа, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, бальніца, паліклініка, клуб, бібліятэка, пошта, лазня.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Успенская царква (1654)
Яўрэйскія могілкі ў Быцені

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя ўраджэнцы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. Ізабела Гатоўчыц. Галасы стагоддзя. Мінулы век у памяці сучаснікаў // «Радыё Свабода», 19952000.
  3. Адам Мальдзіс. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека(недаступная спасылка). — Мн., 1990.
  4. Алесь Зайка. Быцень: багатая гісторыя былога мястэчка Архівавана 11 сакавіка 2010. // «Газета для вас» № 13 (691), 27 сакавіка — 3 красавіка 2009.
  5. Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 59—60.
  6. Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 64.
  7. «О преобразовании некоторых сельских населенных пунктов Ивацевичского района в агрогородки. Решение Ивацевичского районного Совета депутатов от 21 февраля 2008 года № 62» (руск.)
  8. Решение Ивацевичского районного Совета депутатов от 27 сентября 2011 года № 81 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Бытенского сельсовета Архівавана 27 кастрычніка 2019.
  9. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
  10. Byteń (2) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. S. 518.
  11. Мікалай Камінскі, Валерый Шаблюк. Быцень // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 152.
  12. Мікалай Камінскі, Валерый Шаблюк. Быцень // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 151.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]