Аграгарадок Друя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Аграгарадок
Друя
бел.: Друя
Сцяг Герб
Сцяг
Герб
Каардынаты Каардынаты: 55°47′22″ пн. ш. 27°27′12″ у. д. / 55.789444° пн. ш. 27.453333° у. д. (G) (O) (Я)55°47′22″ пн. ш. 27°27′12″ у. д. / 55.789444° пн. ш. 27.453333° у. д. (G) (O) (Я)
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Першае згадванне
Насельніцтва
1,5 тыс. чалавек (2006)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2153
Паштовы індэкс
211960
Аўтамабільны код
2
Друя (Беларусь)
Друя
Друя
Друя (Віцебская вобласць)
Друя
Друя

Друя — аграгарадок у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на р. Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Друйкі. За 30 км на паўночны ўсход ад Браслава.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Існуе шэраг меркаванняў аб паходжанні назвы паселішча. Большасць з іх зыходзяць з таго, што яна ўтварылася ад назвы ракі. Паводле фіна-угорскай версіі чаргаванне гукаў «д» і «р» можа азначаць у перакладзе «вада». Паходжанне тапоніма звязваюць таксама з балцкім druіaз — вялікі, шырокі. У літаратуры пач. 20 ст. сустракаюцца паралелі паміж назвай Друя і словам драць (нібыта дзякуючы стромкаму цячэнню ракі і падводным камяням у гэтым месцы абдзіраліся лодкі, плыты). Цікавым з'яўляецца меркаванне, выказанае ў часопісе «Крывіч» (1923), што слова друя ў беларускай мове азначае другая. Так маглі назваць паселішча, перанесенае ў іншае, другое месца.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню згадваецца ў 1386 у хроніцы М. Стрыйкоўскага. Верагодна, што паселішча існавала ўжо ў перыяд Полацкага княства. У карысць гэтага меркавання тое, што ў вусці Друйкі знаходзіцца камень з надпісам 12 ст. (Гл.далей: Барысавы камяні). Некаторыя даследчыкі звязваюць з Друяй Новы замак Полацкай зямлі, які паводле «Хронікі Германа Вартберга» знаходзіўся ў 11 мілях ад Дынабурга. У скарзе на дзеянні крыжаносцаў, складзенай у 1413, згадваецца «de Drucha villa».

У 14—15 ст. Друя — умацаваны пункт Полацкай зямлі. «Мещане друйские» прыцягваліся да будаўніцтва замкавых умацаванняў у Полацку. У 1490 Друя знаходзілася ва ўладанні князя Ц. Масальскага, які атрымаў ад вялікага князя Аляксандра прывілей на месца, замак і друйскія воласці. 22.3.1506 Аляксандр надае прывілей на Друйскае «имение..., лежащее в Полоцкой земле», а таксама вёскі Залессе, Чурылавічы Г. Масальскай. Масальскія атрымалі права на вольны гандаль па Дзвіне. Паводле Полацкай рэвізіі 1552 Друя знаходзілася ва ўладанні братоў Юрыя і Івана Масальскіх. Івану належала 56 дымоў мяшчан і слуг, 7 корчмаў, 26 дымоў «к замку людей отчизных» і 6 дымоў «людей вольных». Ю. Масальскі валодаў 48 дымамі мяшчан. Замак знаходзіўся ў агульным карыстанні.

Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 Друя ўвайшла ў склад Браслаўскага павета. 17.9.1579 у Друі пабываў С. Баторый, які з войскам вяртаўся з-пад Пскова. У 1600 канцлер літоўскі Л. І. Сапега набыў маёнткі Друя, Чурылавічы, Дзедзін, Залессе, а ў 1611 — частку горада. Асноўная ж частка Друі заставалася за Масальскімі. 8.8.1618 г. Я. С. Сапега падпісвае прывілей на заснаванне побач з Друяй новага горада пад назвай Сапежын, разлічваючы ператварыць яго ў значны рамесны, гандлёвы і абарончы пункт. Сапежын атрымаў магдэбургскае права. Мясцовае кіраванне ажыццяўляў магістрат на чале з войтам, пасаду якога зацвярджалі аднак самі Сапегі. Герб Сапежына змяшчаў адлюстраванне віціны з ветразем на хвалях. Паводле прывілея справаводства ў магістраце павінна было весціся на лацінскай або польскай мовах. Прывілей Я. С. Сапегі неаднойчы пацвярджаўся вял. кн. літоўскімі ў 17—18 ст.

3 пераходам пад юрысдыкцыю Сапегаў усёй Друі магдэбургскае права пашырылася на іншыя часткі горада. Паводле інвентара 1643 у Друі выразна вылучалася некалькі частак. Найбольш старажытныя, у вусці Друйкі, налічвала 103 дымы. У Сапежыне мелася 108 дымоў, тут знаходзіліся рынак, ратуша і большасць з культавых збудаванняў Друі. Побач размяшчалася прадмесце з замкам. Існавала таксама задзвінская частка Друі — Прыдруйск (сучасны пасёлак Піедруя ў Латвіі). Усяго ў Друі налічвалася 306 дымоў, каля 100 корчмаў, каля 2 тыс. жыхароў. Сярод рамеснікаў былі рыбакі, ганчары, алейнікі, шаўцы, рымары, сядляр, каваль, кравец, цясляр і інш. Паводле магістрацкіх актаў 18 ст. вядомы таксама шапнікі, сніцары, ткачы, катляры, бляхары, мечнік, ліцейшчык і інш.

У 17—18 ст. Друя адносілася да сярэдніх гарадоў Беларусі, з'яўлялася значным рамесным і гандлёвым цэнтрам, дзе існавала цэхавая арганізацыя рамеснікаў. Гандлёвае значэнне Друі было абумоўлена Заходняй Дзвіной — важнейшай гандлёвай артэрыяй у сярэднявеччы. У 18 ст. праз Друю праходзіў таксама сухапутны гандлёвы шлях з Тарапца ў Кёнігсберг. У гэты перыяд Друя вядомая вытворчасцю і гандлем юфці. У 16—18 ст. у горадзе існавала мытная служба. Да ліку асноўных заняткаў жыхароў Друі адносілася таксама сельская гаспадарка. У 17—18 ст. Друя цэнтр латыфундыі — буйнога землеўладання Сапегаў (у 18 ст. называлася Друйскім графствам). Адметная роля Друі як культурнага асяродка. Адсюль паходзіць Друйскае Евангелле 16 ст. — адзін з шэдэўраў беларускай рукапіснай кнігі. Сярод рамеснікаў былі музыкі, скамарохі, муляры і багамазы. Тут нават навучалі іканапісу. За ўсю гісторыю Друі ў горадзе было пабудавана каля 20 храмаў. Многія з іх з'яўляліся выдатнымі помнікамі дойлідства. У горадзе дзейнічала некалькі манастыроў, у тым ліку бернардзінскі, дамініканскі, праваслаўны. Пры дамініканскім кляштары існаваў шпіталь, у якім у 1677 знаходзіўся кароткі час на вылячэнні вядомы харвацкі асветнік і энцыклапедыст Ю. Крыжаніч.

Значныя разбурэнні нанеслі Друі войны 16—17 ст., у час якіх горад неаднойчы разбураўся. У 1700 Аляксандр Сапега перадаў друйскія ўладанні ў дзяржанне барону Мантэўфелю, у 1705 імі кароткі час валодалі Агінскія. У 1701 праездам з Біржаў у Друі пабываў Пётр I, ён жа ў 1720 зрабіў грашовы ўклад у праваслаўны манастыр. Пацярпеў горад і ў час Паўночнай вайны (1700—1721). У 1725 у Друі налічвалася ўсяго 116 дамоў. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай да Расіі адышоў Прыдруйск. У Друі размяшчаліся пагранічныя часці Рэчы Паспалітай. 16.5.1776 у горадзе адбыўся вялікі пажар, падчас якога згарэла 125 дамоў. У 1790 налічвалася 488 драўляных дамоў, 13 камяніц, 6 заезжых дамоў, 3,4 тыс. жыхароў. 3 канца 18 ст. ёсць звесткі аб парафіяльнай школе (1774 — 9 вучняў, 1781 - 19, 1782 - 16). Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Друя ўвайшла ў склад Расіі, была мястэчкам, пазней заштатным горадам Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 г. Віленскай губ.

Касцёл бернардзінцаў

У канцы 18 ст. праз Друю праходзіў паштовы тракт Пецярбург—Вена, у пачатку 19 ст. 27.2.1800 указам Сената Друі было пацверджана права на самакіраванне. Праект герба ад 1860 змяшчаў адлюстраванне яліны, трох шасціканцовых крыжоў і Пагоні. У 19 ст. уладальнікамі Друі былі Ігестромы, Мілашы. У час вайны 1812 году ў наваколлі Друі адбылося некалькі сутычак часцей корпуса П. Вітгенштэйна пад камандаваннем Я. Кульнева з французскай кавалерыяй. У 1825 у Друі налічваліся 2447 жыхароў, 426 драўляных дамоў, 15 камяніц, 54 лаўкі, 31 піцейны дом, дзейнічалі 3 манастыры. У 1864 16 малюнкаў з выглядам архітэктурных помнікаў і прадметаў даўніны Друі зрабіў мастак Дз. Струкаў. У 1875 замалёўку бернардзінскага касцёла зрабіў Н. Орда. У 1904 насельніцтва Друі складала 5472 чалавекі. Меліся 359 дамоў, 52 лаўкі, 13 культавых пабудоў, 3 гарбарныя заводы (10 рабочых), 275 рамеснікаў. Штогод праводзілася 8 кірмашоў. У пачатку 20 ст. ствараюцца першыя рабочыя арганізацыі.

У час 1-й сусветнай вайны Друя — прыфрантавы горад з 5-тысячным гарнізонам расійскіх войск, вялізнай колькасцю тылавых устаноў. Для патрэб фронту была пабудавана вузкакалейка Бальбінава—Друя—Браслаў—Опса. 10.3.1917 арганізаваны Савет афіцэрскіх і салдацкіх дэпутатаў, пазней Савет рабочых дэпутатаў. Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917. У лютым—снежні 1917 Друя акупіравана германскімі войскамі. Пасля вызвалення ў складзе Браслаўскага раёна (павета). 3 сакавіка 1919 цэнтр павета. 22.8.1919 у Друі адбыўся з'езд батракоў Браслаўшчыны. 30.8.1919 горад заняты польскімі часцямі. 5.7.1920 — войскамі Чырвонай Арміі.

Друя ў 1921-39 г. у складзе Польшчы, мястэчка ў Браслаўскім павеце Віленскага ваяводства, цэнтр гміны, 514 дамоў, 3375 жыхароў (1931). У гэты перыяд пракладзена чыгуначная ветка Друя - Варапаева, вузкакалейка Друя - Дукшты. У Друі размяшчаліся польскія пагранічныя часці, мытня. У 1923-39 г. дзейнічаў Друйскі кляштар айцоў марыянаў, пры якім працавала гімназія.

3 верасня 1939 у складзе БССР, з 15.10.1940 гарадскі пасёлак Мёрскага (з 1963 — Браслаўскага) раёнаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны акупантамі было створана яўрэйскае гета, жыхары якога расстраляны. Вызвалена 6.7.1944 часцямі 29-й Полацкай стралковай дывізіі. У 1971 — 2,5 тыс. жыхароў. У 1995 — 702 двары, 1614 жыхароў.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Маюцца прафтэхвучылішча меліярацыйных работ, сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, магазіны, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання, чыгуначная станцыя.

Шэраг паданняў звязаны з былым бернардзінскім кляштарам, з востравам на р. Заходняя Дзвіна.

Выдатныя мясціны[правіць | правіць зыходнік]

Будынак былой сінагогі ў Друі. Мастак А. Наліваеў.
  • камень з надпісам (12 ст.)
  • кляштар бернардзінцаў з касцёлам св. Троіцы (архітэктар Людвік Грынцэвіч)
  • рэшткі парка
  • драўляная царква на могілках
  • фрагменты забудовы (пач. 20 ст.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Друя // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / рэд. Л.К. Калошына. – Мн., 1981. – С. 90-91.
  • Друя // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К.В. Велічковіч і інш. – Мн., 1998. – С. 674-676.
  • Дучыц Л.У. З гісторыі гарадоў і пасёлкаў / Л.У. Дучыц // Край блакітных азёр. – Мн., 1988. – С. 15-18.
  • Шпакоўская Г. Друя / Г. Шпакоўская // Народная слова. – 2006. – 15.7.
  • Ярашэвіч А. З гісторыі Друі / А. Ярашэвіч // Браслаўская звязда. – 1989. – 18.3.

У Сеціве[правіць | правіць зыходнік]