Азартная гульня

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Шулеры, карціна Караваджа, 1594

Азартная гульня (фр.: jeu de hasard, літаральна «гульня выпадку») — гульня, у якой выйгрыш цалкам альбо ў значнай ступені залежыць не ад майстэрства гульцоў, а ад выпадку. Гульня, у якой выйгрыш у асноўным залежыць ад майстэрства гульцоў, азартнай не з'яўляецца нават пры наяўнасці элементаў выпадковасці (напрыклад, прэферанс альбо покер).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Зала ігральных аўтаматаў у казіно

У Старажытнай Індыі, як і ва ўсім свеце, была вядомая гульня ў косці. Зборнік ведыйскіх гімнаў «Рыг-Веда» змяшчае паэму «Скаргі гульца», якая перасцерагае ад захапленні азартнымі гульнямі: «Не гуляй у косці, а ары сваю баразну! Знаходзь асалоду ва ўласнасці сваёй і шануй яе высока! Глядзі за скацінай сваёй і за жонкаю сваёй, нікчэмны гулец!». У кнізе «Бхавіш'я-Пурана» ёсць апавяданне, звязанае з азартнымі гульнямі: нейкі прынц страціў усё, у тым ліку ўласную жонку, гуляючы ў косці. Эпас «Махабхарата» азартнай называе гульню ў косці, якую тым не менш апісвае досыць падрабязна.

Ёсць звесткі аб захапленні азартнай гульнёй (у косці) старажытных грэкаў, асабліва карынфян. Толькі ў Спарце азартная гульня была поўнасцю забаронена[1]. Азартныя гульні таксама ўпамінаюцца ў грэчаскай міфалогіі. Паводле грэчаскай легенды, Паламед прыдумаў гульню ў косці, каб забавіць грэчаскіх салдат, якія нудзіліся ў чаканні пры аблозе Троі. Грэчаскі біёграф Плутарх згадвае пра персідскую царыцу Парысаціс, гарачую прыхільніцу гульні ў косці.

Старажытнарымскае права, цалкам усведамляючы шкодны ўплыў азартных гульняў, з усёй строгасцю аднеслася да іх і пастанавіла, што прайграныя ў недазволеныя гульні (якія ў Рыме называліся alea , у адрозненне ад дазволеных, ludi, qui virtutis causa piunt ) грошы прайграўшы можа выпатрабаваць назад[1].

Надзвычайна папулярныя былі азартныя гульні ў германцаў. Старажытны германец прайграваў не толькі сваю маёмасць, але і свабоду: таго, хто прайграў і ўжо не меў чым заплаціць, прадавалі ў рабства. Хоць ужо ў XIII стагоддзі сталі з'яўляцца заканадаўчыя абмежаванні, а ў XIV стагоддзі і ў Германіі, як і ўсюды, пачалі забараняць ігральныя дамы (упершыню ўзніклі ў XII стагоддзі ў Італіі); але да найноўшага часу ў маленькіх германскіх дзяржавах да ігральных дамоў у выглядзе рулетак і іншых прытонаў улады не толькі ставіліся памяркоўна, але і заахвочвалі іх, бо тыя плацілі небагатым казначэйствам значныя падаткі. Пры ўзвышэнні Прусіі і аб'яднанні Германіі ў гэтай галіне адбылася значная рэформа — ігральныя дамы ў германскіх землях зніклі. Да закона 1 ліпеня 1868 года аб закрыцці ігральных дамоў і наступнага аб'яднання Германскай імперыі пад агульным заканадаўствам, Германія была сумна вядомая дзякуючы сваім ігральным дамам у Бадэн-Бадэне, Бад-Даберане, Бад-Эмсе, Вісбадэне, Гамбургу і інш.[1]

Азартныя гульні ад старажытнасці, наколькі можна судзіць на аснове крыніц, практыкаваліся толькі ў выглядзе закладу і кідання костак. З вынаходствам каля 1423 года мастацтва гравіравання па дрэве і медзі, у Іспаніі і Германіі мастакі пачалі вырабляць карты, якія служылі першапачаткова для варажбы, а затым сталі прыладай гульняў, заснаваных на варажбе, г.зн. азартных гульняў. Першапачаткова картачная гульня, якая была заняткам цёмных элементаў, служыла майстэрскай формай падману, і ўжо ў 1494 годзе выходзіць трактат «Liber vagatorum», які выкрывае падманныя прыёмы картачных шулераў. Гульня вялася ў прытонах, шынках, і ў 1541 годзе ў Англіі быў выдадзены першы закон аб праследаванні гаспадароў ігральных прытонаў. Да гэтага часу па англійскаму агульнаму праву гаспадары ігральных дамоў праследуюцца як арганізатары «агульнашкодных спраў (англ.: common nuisance), якія ствараюць спакусу гультайства і збіраюць разам значную колькасць распусных людзей»[2].

Але, паступова азартныя гульні распаўсюджваюцца і пры двары, і сярод шляхты. Эпохай росквіту гэтых гульняў з'яўляецца час Людовікаў XIII і XIV ў Францыі, прычым адначасова з гэтымі гульнямі распаўсюджваецца і шулерства, на якім неаднаразова лавілі самых знатных асоб вышэйшага грамадства. Мода на азартныя гульні ад французскага двара пераходзіць і да іншых двароў Еўропы (дагэтуль большасць азартных гульняў захоўваюць свае французскія назвы), і азартная гульня становіцца любімым заняткам дваранства. Буржуазія канца XVIII стагоддзя, умацоўваючы свой уплыў у грамадстве, таксама імкнулася засвоіць «дваранскую моду», але распаўсюджанне азартных гульняў сярод буржуазіі набывае значнасць толькі з 30—40 гг. XIX стагоддзя (у Германіі і Расіі яшчэ пазней). Класавае раздзяленне ў азартнай гульні пачало знікаць толькі са стварэннем вялікіх ігральных дамоў, дзверы якіх былі адкрытыя для ўсіх. Да таго азартная гульня толькі тады лічылася ганебнаю, калі яна вялася па-за сваім класавым кругам[2].

Ігральныя «клубы» ў Расійскай імперыі, якія ўзнікалі з XIX стагоддзя, мелі рэзкі саслоўна-класавы характар («Англійскі» — для шляхты, «Купецкі», «Прыказчыцкі» і інш.)[2].

Адносіны да азартных гульняў[правіць | правіць зыходнік]

Барацьба з пабочнымі з'явамі, звязанымі з празмерным азартам з даўніх часоў складала адну з задач адміністрацыйнай і крымінальнай палітыкі амаль ва ўсіх краінах свету. Грамадска-шкодныя праявы зводзяцца да развіцця ў насельніцтва пагоні за лёгкім непрацоўным даходам, які абяцае парою хуткае ўзбагачэнне, але часта прыводзіць да залежнасці і жабрацтва; да спакусы рызыкаваць на чужы кошт, ад чаго павялічваецца колькасць растрат і прысваенняў; да развіцця ігральных падманаў, павелічэнню колькасці асоб, якія жывуць на кошт іншых[2].

Нягледзячы на азартны характар, покер на сённяшні дзень у заканадаўчым парадку прызнаны афіцыйным відам спорту ў цэлым радзе краін. Федэральны суд Нью-Ёрка прызнаў, што покер з'яўляецца гульнёй, дзе «пераважны ўплыў на вынік аказвае майстэрства»[3]. Спартыўны брыдж афіцыйна прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам у якасці віду спорту і ўвайшоў у праграму першых Сусветных інтэлектуальных гульняў у Пекіне ў 2008 годзе.

Залежнасць[правіць | правіць зыходнік]

Прывычка да азартных гульняў можа сфарміраваць у чалавека псіхалагічную залежнасцьлудаманію. Гэтая залежнасць можа прадстаўляць як сацыяльную, так і медыцынскую праблему для грамадства. Аднымі з фактараў рызыкі з'яўляюцца асабістыя якасці: эмацыянальная няўстойлівасць, паніжаны самакантроль.

Залежныя паводзіны суправаджаюцца дэпрэсіўнымі разладамі. Даследчыкі адзначаюць прыкметы змененай свядомасці, у тым ліку, паглынутасць гульнёй, канцэнтрацыю ўвагі на гульні з адначасовай адлучанасцю ад навакольнай рэчаіснасці.

Пры абследаванні ў Маскве 96 чалавек, якія звярнуліся па дапамогу ў сувязі з паталагічнай залежнасцю ад гульні ў гульнявыя аўтаматы, у 15 выпадках былі выяўлены суіцыдальныя думкі, у 36 — астэнічныя расстройствы[4].

У літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

Азартным гульням і іх ўплыву на лёс захопленага імі чалавека было прысвечана некалькі твораў рускіх класікаў. У Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна на азартнай гульні завязаны сюжэт яго аповесці «Пікавая дама». Камедыйная п'еса Мікалая Васільевіча Гогаля «Ігракі» апісвае вобраз махляроў. Таксама тэму азартнай гульні ў якасці завязкі сюжэта выкарыстаў Міхаіл Юр'евіч Лермантаў у творах «Маскарад», «Штос» і «Тамбоўская казначэіха». Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі прысвяціў раман «Ігрок», які расказвае аб духоўным асляпленні чалавека, чыім сэнсам жыцця стаў азарт. Восіп Эмілевіч Мандэльштам у вершы «Казіно» вобразна апісвае свой стан, калі аказваецца ў асяроддзі ігральных апаратаў. У апавяданні «Геніяльны ігрок» Аляксандр Сцяпанавіч Грын уводзіць у сюжэт ідэю бяспройгрышных карт, якая забівае ідэю самой гульні. У апавяданні «Сістэма» Аляксандра Іванавіча Купрына расказваецца пра непераможнага гульца з Монтэ-Карла, якому, з-за яго здольнасцей, уладальнікі казіно закрылі доступ у свае ўстановы.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 1,2 Азардные игры // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) — СПб., 1890—1907.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 П. И. Люблинский «Азартная игра» // Большая советская энциклопедия, 1 издание, — М.: Советская энциклопедия, 1926, Т. 1, С. 635—638
  3. Федеральный судья признал покер игрой мастерства
  4. Малыгин В. Л., Хвостиков Г. С., Малыгин Я. В. Особенности характерологических свойств патологических азартных игроков и психопатологические феномены, сопровождающие азартную игру // Прикладные информационные аспекты медицины. — Воронежская государственная медицинская академия им. Н. Н. Бурденко, 2007. — В. 10. — С. 135-141. — ISSN 2070-9277.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]