Азёры Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Возера Нарач
Возера Снуды
Возера Мядзель, выгляд з космасу

Азёры Беларусі. На тэрыторыі Беларусі больш за 10 тыс. азёр. Агульная іх плошча каля 2 тыс. км², агульны аб'ём вады каля 6 км³. Азёр плошчай больш за 10 км² налічваецца 20.

Самае вялікае па плошчы возера Нарач (79,6 км²), самае глыбокае — Доўгае возера (глыбіня 53,7 м). Да найбольшых належаць азёры Асвейскае (52,8 км²), Чырвонае (40,8 км²), Лукомскае (37,7 км²), Дрывяты (36,1 км²) і інш. Найбольш азёр на поўначы краіны — у Беларускім Паазер'і і на поўдні — у Беларускім Палессі. У асобных раёнах (Браслаўскі, Ушацкі) пад азёрамі да 10 % тэрыторыі.

Многія азёры ўтвараюць групы або ланцужкі, звязаныя невялікімі рэкамі і пратокамі, у іх ліку Ушацкая група азёр, якая ўключае каля 40 азёр, сістэма Браслаўскіх азёр (больш за 50), якую звязвае р. Друйка.

Катлавіны азёр найчасцей ледавіковага (пераважна на поўначы), рачнога, карставага паходжання. Азёры паўночнай часткі краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін на вышыні да 160—180 м над узроўнем мора. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы. Тыпы ледавіковых катлавін: падпрудныя, што ўтварыліся ад расталых ледавіковых вод у паніжэннях паміж марэннымі градамі, іх форма круглаватая або лопасцевая, схілы асіметрычныя (Нарач, Асвейскае возера, Мядзел, Дрывяты, Лукомскае возера і інш.); лагчынныя, што ўтварыліся ад ледавіковага выворвання вузкіх глыбокіх лагчын (глыбіня да 80—100 м) і эварзійнай дзейнасці талых вод (Доўгае, Саро, Сянно, Балдукі інш.); эварзійныя, што ўзніклі ад разбуральнай дзейнасці вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка і выбівала невялікія, але глыбокія (25—30 м) чашы са стромкімі схіламі і акруглым малюнкам берагавой лініі (Рудакова, Вісяты, Варанец, Жэнна, Светлае і інш.); тэрмакарставыя, што ўзніклі на месцы раставання лінзаў лёду ў марэнных адкладах у час адступання ледавіка, малыя і неглыбокія, часам акруглыя прасадачнага паходжання (Лісіцкае, Усомля, Канашы). Найбольш разнастайныя абрысы берагавой лініі ў складаных катлавінах азёр, утвораных у выніку ўзаемадзеяння некалькіх фактараў; у іх плане спалучэнне буйных мысаў і ўпадзін, высокіх паўастравоў і розных па форме заліваў (Крывое, Атолава, Лепельскае возера). Па ўсёй краіне, асабліва ў басейне рэк Дняпро і Прыпяць, шмат рачных азёр-старыц. Карставыя (Вулькаўскае, Свіцязь, Сомінскае возера, Лукаўскае возера і інш.) і суфазійныя катлавіны звязаны з вышчалочваннем вапнякоў, мелу, вымываннем гліністых часцінак і прасадкай грунту. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся мелкаводныя. Гэта азёры-разлівы, якія ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях і акружаныя тарфянымі балотамі (Чырвонае, Арэхаўскае, Олтушскае, Выганашчанскае возера і інш.).

Азёры паўночнай часткі краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін на вышыні да 160—180 м над узроўнем мора. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях і акружаныя тарфянымі балотамі (Чырвонае, Арэхаўскае, Олтушскае, Выганашчанскае і інш.).

У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы сцёк і атмасферныя ападкі, роля падземных вод малазначная. Узровень вады ў азёрах на працягу года амаль пастаянны, звычайна вагаецца ад 1 да 1,5 м; вясной узровень вады павышаецца, зімой і летам паніжаецца.

Да азёрнай расліннасці належыць фітапланктон (больш за 500 відаў), прадстаўлены дыятомавымі і сінезялёнымі водарасцямі. Макрафіты ўтвараюць палосы расліннасці, найчасцей уздоўж берага.

Прадстаўнікі зоапланктону займаюць сярод жывёльных арганізмаў азёр самую нізкую ступень, найбольш пашыраны галінаставусыя, весланогія рачкі. Сярод насельнікаў дна (бентас) — малюскі, алігахеты, хіранаміды, ракападобныя. У азёрах Беларусі больш за 20 відаў прамысловых рыб, найбольш каштоўныя з іх: лешч, сазан, шчупак, судак. Прамысловае значэнне маюць таксама віды, што ўзнаўляюцца або папаўняюцца штучна (напр., еўрапейскі вугор).

Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, арашэння зямель, рэгулявання сцёку, добраўпарадкавання населеных пунктаў і стварэння воднарэкрэацыйных сістэм, турызму.

[правіць] Літаратура

  • В. П. Якушка. Азёры // Блакiтная кнiга Беларусi: Энцыкл. / БелЭн; Рэдкал.: Н. А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994.
  • Озера Белоруссии / О. Ф. Якушко и др. — Мн.: Ураджай, 1988. — 216 с.

[правіць] У Сеціве

Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах