Айны

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Айны
айн. アィヌ
Агульная колькасць 15000 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання  Японія
Мова айнская мова
Рэлігія політэізм, анімізм, хрысціянства, будызм
Блізкія этнічныя групы

А́йны (саманазва: айн. アィヌ) — народ у Японіі, карэннае насельніцтва Хакайда. Агульная колькасць (2016 г.) — 15 000 чал.[1]

Маюць уласную мову, якая з’яўляецца ізаляванай, але тыпалагічна падобная да японскай мовы. Рэлігійная прыналежнасць — політэізм, анімізм.

Хаця ў 1 тысячагоддзі н. э. продкі айнаў займалі востраў Хакайда, паўночны захад вострава Хонсю, поўдзень Сахаліна і Курыльскіх астравоў, у нашы дні яны жывуць пераважна на Хакайда, у значнай ступені асіміляваны японцамі. Толькі ў 2008 г. у Японіі былі прызнаны правы айнаў як карэннага народа.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Агульная саманазва айну (літаральна «чалавек») увайшла ва ўжытак і стала прыжывацца сярод айнаў толькі з XIX ст. Дагэтуль розныя групы называліся на найменню мясцовасці, дзе жылі. Напрыклад, сару ўта-ра — людзі ракі Сару, або соя ўта-ра — людзі паўвострава Соя. Акрамя таго, у айнаў сустракаліся саманазвы з коранем кур (таксама ад слова «чалавек, мужчына»). Ніўхі клікалі іх «куга», «хуі», «кудзі», рускія — курыльцы. У Японіі сустракаліся розныя назвы айнаў, якія часцяком прымалі абразлівае значэнне[2], але бліжэй да нашага часу замацавалася назва эдза, перанесеная і на востраў Хакайда.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Айнская мова з’яўляецца ізалятам. Фізічныя антраполагі адносяць айнаў да асобнай айнскай (курыльскай) расы, якая сумяшчае тыповыя мангалоідныя і некаторыя аўстралоідныя рысы. Гэта робіць праблему іх паходжання даволі складанай. У мінулым выказваліся розныя меркаванні, у тым ліку аб сваяцтве айнаў з індаеўрапейцамі або індзейцамі[3][4]. У наш час захоўваюцца тры асноўныя версіі:

Першая і другая версіі звязаны са спрэчкамі вакол культуры Дзёмон, якую многія даследчыкі атаясняюць непасрэдна з продкамі айнаў[5]. Іх прыхільнікі адносяць айнаў да найстаражытнейшых насельнікаў Японскіх астравоў, што прыбылі ў палеаліце, аднак не маюць згоды адносна першаснага месца пражывання да перасялення. З пачатку XX ст. даследчыкі былі схільны адносіць старажытнае насельніцтва Японіі да выхадцаў з паўднёвага ўсходу, паколькі яно фізічна мела некаторыя аўстралоідныя рысы. Але ў апошнія дзесяцігоддзі пераважае версія аб міграцыі продкаў носьбітаў Дзёмон адначасова з Карэйскага паўвострава і Ахоцкага басейна. Археалагічныя раскопкі сведчаць пра тое, што эпоха Дзёмон суправаджалася некалькімі міграцыямі, у тым ліку з поўдня і захаду. Цікава, што многія прыхільнікі прамога атаесамлення Дзёмон з продкамі айнаў сцвярджаюць, што яны былі і аднымі з продкаў сучасных японцаў. У 2013 г. японскія лінгвісты высунулі гіпотэзу аб паходжанні айнскай мовы ад прадстаўнікоў Ахоцкай культуры[6].

Прыхільнікі трэцяй версіі лічаць, што айны сфарміраваліся на поўначы Японіі пазней за эпоху Дзёмон у выніку кантактаў прадстаўнікоў культуры Сацумон з прадстаўнікамі Ахоцкай культуры. Спярша гэта версія была заснавана на археалагічных матэрыялах, але ў нашы дні часткова пацвярджаецца генетыкамі, якія выявілі агульнае паходжанне айнаў з іншымі жыхарамі Японскіх астравоў, у тым ліку рукюйцамі, але ў той жа час адзначылі іх блізкасць да палеазіяцкіх народаў (ніўхаў, каракаў, іцельменаў)[7][8].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рассяленне айнаў у канцы XVIII стагоддзя

У 1 тысячагоддзі н. э. продкі айнаў займалі востраў Хакайда, паўночны захад вострава Хонсю[9], а таксама поўдзень Курыльскіх астравоў, дзе сфарміравалася паўднёвакурыльская археалагічная культура, блізкая да Дзёмон і Сацумон[10], і поўдзень Сахаліна, дзе былі прадстаўлены аніўскай і паўднёвасахалінскай лакальнымі культурамі[11]. У канцы 1 тысячагоддзя н. э. яны ўжо апрацоўвалі жалеза і ведалі земляробства.

На поўдні айны-эмісі суседнічалі з дзяржавай Ямата, з якой склаліся варожыя адносіны. Згодна японскім крыніцам, у 658659 гг. палкаводзец Абэ но Хірафу здзейсніў паход на 180 суднах на землі айнаў і падпарадкаваў іх[12]. Відавочна, гэтая перамога мела часовы характар, бо ў 725 г., 776 г., 788 г., 792 г., 801 г. прадстаўнікі Ямата зноў накіроўвалі ваенныя экспедыцыі супраць айнаў. Захопленых у палон ператваралі ў рабоў або перасялялі ва ўнутраныя вобласці Хонсю. У 780 г., 878 г., 1051 г. айны поўначы Хонсю арганізоўвалі вызваленчыя паўстанні. Важную ролю ў барацьбе з айнамі Хонсю адыгралі самураі. У XII — XIII стст. японцы здолелі замацавацца на поўначы Хонсю і пачаць гандлёвыя адносіны з жыхарамі Хакайда. Нягледзячы на асіміляцыю, частка айнаў Хонсю праіснавала на паўночным узбярэжжы да XVIII ст.

У XIV ст. японскія перасяленцы здолелі замацавацца на поўдні вострава Хакайда. У 1457 г. яны нанеслі паражэнне найбольш актыўнаму айнскаму правадыру Кошамаіну[13]. У 1590 г. Хакайда і землі на поўнач былі перададзены японскім сёгунам феадальнаму клану Мацумаэ, які атрымаў выключнае права на гандаль з айнамі як Хакайда, так і іншых зямель. Мацумаэ імкнуліся праводзіць памяркоўную палітыку ў дачыненні да тубыльцаў. Айны прыцягваліся да гандлю, рыбалоўства, забеспячэння драўнінай, але не атрымлівалі правоў, роўных з японцамі. У 1669 г. успыхнула паўстанне айнаў на чале з правадыром Шакушаіна. Яно пачыналася як вайна паміж родамі тубыльцаў за мясцовыя рэсурсы, але хутка перарасло ў супрацьстаянне Мацумаэ, якія былі аслаблены з-за спрэчак з сёгунам. Мацумаэ запрасілі паўстанцаў на перагаворы і ўпэўнілі, што выканаюць усе іх патрабаванні, але ў выніку Шакушаін і яго саюзнікі былі забіты. Ваенныя дзеянні працягваліся да 1672 г. У 1789 г. айны з поўначы Хакайда забілі 70 японцаў на востраве Кунашыр. У адказ, японскія ўлады арыштавалі 37 мужчын-айнаў, а таксама некаторых членаў іх сямей. У першай палове XIX ст. становішча тубыльцаў Хакайда значна пагоршылася, паколькі Мацумаэ і залежныя ад іх феадалы захоплівалі вусці рэк, дзе нераставалі рыбы, найбольш урадлівыя землі і ўчасткі лясоў. Многія айны былі вымушаны бязвыплатна адпрацоўваць павіннасці.

На поўначы, наадварот, у XII—XIII стст. назіралася паспяховае пашырэнне тэрыторыі айнаў-кувэй. Яны занялі ўсе Курыльскія астравы, поўдзень Камчаткі, прасунуліся да цэнтральнай часткі вострава Сахалін, дзе былі вымушаны спыніцца, бо сутыкнуліся з чжурчжэнямі[14]. Сахалін фармальна ўваходзіў у склад Кітая, але статус айнаў не быў вызначаны. Звычайна яны не лічыліся падданымі імператара.

У другой палове XVII ст. цікавасць да Камчаткі, Курыльскіх астравоў і магчымасці ўстанаўлення зносін з Японіяй праяўляла Расія. У 1697 г. Камчатка была далучана да Расіі, мясцовае насельніцтва, у тым ліку камчатскіх айнаў абавязалі выплочваць ясак. У 1706 г. старшыня камчацкіх астрогаў паслаў ваенны атрад супраць камчацкіх айнаў «для умирительства на немирных иноземцев»[15]. Пасля эпідэміі 1800 г. узгадкі пра айнаў на поўдні Камчаткі знікаюць.

У 1710 г. якуцкі ваявода загадаў даследаваць Курыльскія астравы і сабраць з яго жыхароў ясак. У 1711 г. экспедыцыя на чале з Іванам Казырэўскім высадзілася на востраве Шумшу, дзе сустрэла ваеннае супраціўленне тубыльцаў і была вымушана вярнуцца[16]. У 1713 г. І. Казырэўскі ўзначаліў яшчэ адну экспедыцыю на паўночныя Курыльскія астравы. На востраве Парамушыр адбылася бітва, прайграная айнамі. І. Казырэўскі прымусіў астравіцян выплаціць ясак і захапіў заложнікаў[17]. У 1721 г. атрад, пасланы Пятром I для геадэзічнай разведкі, зноў прымусіў выплочваць даніну жыхароў паўночных Курыл. У 1730 г. казакі захапілі 5 бліжэйшых да Камчаткі астравоў. Нягледзячы на супраціўленне айнаў, расійскія ваенныя і разведвальныя экспедыцыі збіралі даніну ў 1738 г., 1750 г., 1755 г., 17661766 гг., 17751777 гг. На карце Расійскай імперыі 1745 г. большая частка Курыльскіх астравоў была пазначана як расійская.

У выніку пабораў многія айны Курыльскіх астравоў перасяляліся на поўдзень, так што Кацярына II у 1779 г. была вымушана забараніць узымаць даніну з тубыльцаў[18]. У XIX ст. Курыльскія астравы ператварыліся ў прадмет тэрытарыяльных спрэчак паміж Расіяй і Японіяй[19]. Японія стымулявала перасяленне сваіх падданых на поўдзень Курыл, пабудову там умацаванняў і ўцягванне мясцовых айнаў у гандлёвыя адносіны. У 1875 г. Расія перадала Японіі правы на Курыльскія астравы, узамен атрымаўшы правы на Сахалін. У 1899 г. на Курылах налічвалася ўсяго 62 айна, прычым большасць з іх жыла на поўдні. Сахалін ў 1897 г. насялялі 1795 айнаў[20]. У 1905 г. паўднёвы Сахалін перайшоў пад кантроль Японіі.

З пачаткам рэформ Мэйдзі японскія цэнтральныя ўлады пазбавілі буйных феадалаў правоў на зямлю. Урад стымуляваў перасяленне на Хакайда японскіх рыбакоў і земляробаў для арганізацыі сучаснай гаспадаркі. Перасяленцы часцяком падманам авалодвалі маёмасцю айнскіх абшчын. У 1877 г. землі айнаў апынуліся ў складзе дзяржаўнага зямельнага фонда. Айнам забаранялася рабіць татуіроўкі, а таксама прыносіць у ахвяру жывёл. Паводле закона 1899 г. айны атрымалі статус «былых абарыгенаў», у адносінах якіх праводзілася палітыка асіміляцыі, у тым ліку абавязковае прыманне японскіх імён і навучанне ў японскіх школах. Разам з гэтым, закон гарантаваў вылучэнне зямельных надзелаў, датацыі бедным сем'ям, медыцынскую дапамогу, адсутнасць зямельных падаткаў, абараняў ад злоўжыванняў гандляроў.

У 1884 г. усіх айнаў поўначы Курыльскіх астравоў перасялілі на Шыкатан, дзе для іх былі пабудаваны дамы, дазвалялася займацца жывёлагадоўляй і зборам водарасцей. Да 1908 г. дзейнічаў дазвол на штогадовую вандроўку на іншыя астравы для палявання на ластаногіх. У 1922 г. на Шыкатане жыло 50 айнаў, у 1929 г. — 31[21]. На Сахаліне ў 1914 г. налічвалася 10 паселішчаў айнаў. На іх былі распаўсюджаны правілы, якія ўжо існавалі на Хакайда. У 1933 г. айны атрымалі японскае грамадзянства. У 19461949 гг. пасля ўключэння Сахаліна і Курыльскіх астравоў у склад СССР, мясцовыя айны як японскія грамадзяне былі інтэрнаваны ў Японію.

Ужо ў міжваенны перыяд у Японіі з’явіліся грамадскія дзеячы, якія адстойвалі правы айнаў. Пасля II Сусветнай вайны на Хакайда сфарміраваліся айнскія культурныя і сацыяльныя арганізацыі[13]. Разам з гэтым, працягвалася палітыка асіміляцыі, адбывалася фактычная дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце[22]. Толькі ў 2008 г. былі прызнаны правы айнаў як карэннага народа[23].

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Гаспадарчыя заняткі[правіць | правіць зыходнік]

Паляўнічыя айны, XIX ст.

З канца XVIII стагоддзя галоўнымі гаспадарчымі заняткамі айнаў былі рыбалоўства і паляванне на марскіх звяроў[24]. Айны Хакайда і Сахаліна аддавалі перавагу лову прахадных відаў рыб, асабліва ласасёвых, у вусцях рэк. На Курыльскіх астравах атрымалі распаўсюджанне марское рыбалоўства і паляванне на марскіх звяроў. На ластаногіх палявалі сезонна, на кітоў — вельмі рэдка, хаця лічылі выкінутых на бераг касатак падарункам багоў. Прылады лову: розныя сеткі, атручаныя стрэлы, пасткі, дубінкі, падхватнікі, астрогі, гарпуны, дзіды, паходні для прыцягнення рыбы ўначы, вуды і іншае.

У лесе палявалі на працягу года на барсукоў, аленяў, мядзведзяў, дробных жывёл. Паляўнічыя карысталіся лукам і стрэламі, ладзілі розныя пасткі, зімою карысталіся снегаступамі. Стрэлы прапітвалі атрутай[25], на навершы ставіліся знакі таго або іншага паляўнічага.

Збіральніцтва было не асноўным, але важным заняткам пераважна жанчын. На марскім беразе яны збіралі малюскаў, крабаў, водарасці, у лесе — дзікі часнык, арэхі, грыбы і ягады. Айны выкарыстоўвалі каля ста відаў траў і хмызнякоў для гатавання ежы і лекаў.

Айну трымалі сабак, якія аказвалі дапамогу ў час палявання, рыбалоўства і ў якасці цяглавага транспартнага сродку, старых сабак забівалі на мяса На Хакайда была выведзена парода айну. На Сахаліне і Курыльскіх астравах трымалі лайку. На паўднёвым захадзе Хакайда знаходзіўся важны раён конегадоўлі. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя коні і каровы з’явіліся ў гаспадарцы айнаў Сахаліна. Зафіксаваны выпадак трымання аленяў, хаця самі айны пра іх не клапаціліся, а перадавалі на гадоўлю оракам[26].

Земляробства здаўна існавала ў айнаў Хакайда, але не паўсюдна. У горных раёнах, часам уздоўж рэк вырошчвалі проса і ячмень, некаторыя карняплоды. У XVIII стагоддзі сталі вырошчваць бульбу. Агароды размяшчаліся каля жылля. Зямлю апрацоўвалі самаробнымі матыкамі, палкамі, рыдлёўкамі. Паступова распаўсюдзіліся японскія інструменты з металічнымі навершамі.

У кожнай айнскай сям'і займаліся рамяством. Выраб тканін і вопраткі лічыліся жаночай справай. На Хакайда карысталіся спецыяльнымі ткацкімі станкамі. Было шырока распаўсюджана пляценне. Мужчыны славіліся як выдатныя разбьяры, апрацоўшчыкі косці і драўніны, таксама была вядома апрацоўка металаў, выраб мужчынскіх і жаночых нажоў, наканечнікаў для паляўнічай і ваеннай зброі.

Кухня[правіць | правіць зыходнік]

У традыцыйнай кухні айнаў галоўную ролю адыгрывала рыба. Яе называлі цэп ці іпэ (літаральна «ежа» або «ядомае»). Лоўля мела сезонны характар, таму рыбу вэндзілі, радзей сушылі, варылі, пяклі або замарожвалі[27]. Асаблівую каштоўнасць меў рыбін або кітовы тлушч. Ім палівалі амаль усе стравы. На Сахаліне даданне тлушчу тлумачылі тым, што ён нейтралізуе атрутныя ўласцівасці некаторых карэнняў і траў.

Рыс куплялі ў японцаў, ён стаў звычайнай ежай пераважна ў айнаў Хакайда. Рыс і іншыя збожжавыя культуры варылі, падавалі разам з рыбай і мясам. Соль таксама была рэдкім пакупным прадуктам. Яе часцяком замянялі марской вадою. У ежу таксама дадавалі для смаку белую гліну.

Найбольш распаўсюджаныя стравы — суп ахаў або рур, каша саё, вараныя гародніна і расліны раташкеп[28]. Елі з дапамогай палачак і лыжак. На Хакайда і Сахаліне былі вядомы відэльцы.

Вопратка і ўпрыгожванні[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная вопратка шылася са скур дзікіх звяроў, рыбы і нават птушак. Доўгі час была распаўсюджана вопратка з валокнаў вязу або крапівы. З канца XVIII ст. распаўсюджваецца бавоўна, якую прывозілі з Хонсю.

Усю традыцыйную вопратку ўмоўна падзяляюць на некалькі відаў[29]:

  • Капараміп: вопратка з тонкай белай тканіны з вялікай колькасцю аплікацый
  • Руунпэ: тонкая вопратка з аплікацыямі
  • Чыкаркарпэ: вышытае адзенне

Мужчыны і жанчыны мелі як верхнюю, так і споднюю бялізну. Сподняя бялізна звычайна рабілася з аднаго кавалка тканіны.

Знешняе аблічча айнаў моцна адрознівала іх ад японцаў дзякуючы белай скуры і вялікай колькасці валасоў на галаве і целе. Пасля падлеткавага ўзросту мужчыны звычайна не галіліся і мелі доўгую бараду[30]. Жанчылі рабілі рытуальныя татуіроўкі на тварах і целе[31]. Былі шырока распаўсюджаны шкляныя і тканныя бусы[32] з цяжкімі медальёнамі.

Жытлы[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйны дом у музеі на Хакайда

Вёскі айнаў катан будаваліся каля рэк. Кожны катан быў прадстаўлены адным бацькоўскім родам з 4 — 7 сямей.

У мінулым асноўным відам жытла з’яўлялася зямлянка. З канца XVIII ст. айны Хакайда залежалі ад японскіх лаўцоў рыбы і былі вымушаны перамяшчаць свае катан з месца на месца, таму там традыцыйны від паселішча хутка прыйшоў у заняпад. Замест зямлянак пачалі ўзводзіць каркасныя дамы з бамбука, травы і кары[33]. Звычайна такі дом меў памеры 7×5 м. Уваход у выглядзе калідора рабілі з захаду, ён адначасова з’яўляўся каморай. Каля ўвахода мясцілі агмень. Насупраць ўвахода — вокны. Найбольш каштоўныя рэчы, у тым ліку зброю клалі на ўзвышэнне каля сцяны. На земляную падлогу клалі цыноўкі. Да ўсходняй часткі дома прымыкаў алтар нусасан. Акрамя дома будаваліся іншыя сямейныя пабудовы — асобныя прыбіральні для мужчын і жанчын, адрыны для захавання драўніны, вяндлярні і інш.

На Сахаліне зямлянкі доўгі час заставаліся зімовым відам жылля, хаця былі вядомы каркасныя пабудовы, падобныя на хакайдскія. На поўначы Сахаліна будавалі вялікія калектыўныя зямлянкі для некалькіх сем'яў, на поўдні — малыя, разлічаныя на адну сям'ю[34]. У аснове падземнага жылля была квадратная яма шырынёй 4-5×1 м. Пасярэдзіне ямы ўсталёўваліся чатыры слупы. Канцы слупоў зверху злучаліся бэлькамі. На бэлькі абапіраліся чатыры нахільныя жэрдкі, верхнія канцы якіх скрыжоўваліся, а ніжнія ўпіраліся ў край ямы. Да апорных жардзін прыстаўлялі нахільна жэрдкі сцен у выглядзе чатырохграннай піраміды. Усё гэта завальваецца галінамі, карай і зямлёй. Земляны насып меў форму круга. Уваход знаходзіўся на адхоне з паўднёвага боку і закрываўся высокімі дашчанымі дзвярыма.

На Курыльскіх астравах будавалі некалькі тыпаў паўпадземных жытлаў. На паўночных астравах ладзілі драўляныя юрты з плоскім дахам і акном з пузыра. На паўднёвых Курылах жылі ў хацінах у выглядзе ўсечанай піраміды, пастаўленай на слупы, з бакоў абсыпанай травою. На Ітурупе меліся наземныя дамы, падобныя на хакайдскія.

Ваенная справа[правіць | правіць зыходнік]

Айны доўгі час заставаліся ваяўнічым народам, пра што сведчыць іх супрацьстаянне з японцамі, кітайскія запісы XIV ст. аб нападах на ніўхаў і кітайскія войскі ў 1264 г., сутычкі з рускімі казакамі ў XVIII ст. Вядомы ўзаемныя войны паміж айнскімі паселішчамі, напады на суседзяў з мэтай абрабаваць або захапіць найбольш багатыя рыбныя ўгоддзі. У айнаў не было асобнага ваеннага саслоўя. Ваенныя атрады фарміраваліся з мужчын адной або некалькіх вёсак на чале саюзных правадыроў. Пра асобнае ваеннае выхаванне дзяцей не засталося звестак, аднак юнакоў з маленства вучылі паляванню, былі распаўсюджаны рытуалы і гульні, якія суправаджаліся дужаннем і біццём кіям. Вядомы выпадкі, калі ў вайне прымалі ўдзел жанчыны.

У ранніх японскіх запісах паведамлялася, што айны Хонсю ваявалі як пешымі, так і коннымі. Аднак айны Хакайда, якія займаліся конегадоўляй, аддавалі перавагу пешаму строю. На Сахаліне і Курыльскіх астравах напады таксама рабілі на лодках. З XIII — XIV стст. будавалі драўляныя ваенныя ўмацаванні цясі. Толькі на Хакайда знойдзена каля 500 рэштак такіх крэпасцей. Цела воінаў абаранялі даспехі. У японскай працы 1810 г. захаваўся малюнак сахалінскага айна ў ваенным халаце бэты з нашытымі пласцінамі. У 1933 г. японскі даследчык выявіў на Сахаліне айнскія даспехі са скур аленя і маржа. На японскіх малюнках айнскія воіны Хакайда мелі пласціністыя востраканечныя шлемы, якія закрывалі шыю і плечы, кірасы апраналіся на лубяныя халаты і вопратку са скур[35]. Айны высока цанілі зброю і браню японскіх майстроў.

У аснове тактыкі айнаў быў звычай абстрэльваць праціўніка стрэламі з атручанымі наканечнікамі. Шырока выкарыстоўваліся засады.

Сацыяльная арганізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнай сацыяльнай адзінкай айнаў была вясковая абшчына катан[36], якая складалася з некалькіх малых нуклеарных сямей (часцяком сваяцкіх), валодала навакольнымі тэрыторыямі і рэгулявала іх эксплуатацыю. Калі рэсурсы мясцовасці вычэрпваліся, рост насельніцтва абшчыны прыводзіў да яе падзелу і вылучэння іншага катан. Спрэчкі за рэсурсы маглі ператварыць жыхароў розных нават сваяцкіх абшчын у ворагаў, але ў час агульнай пагрозы абшчыны аб’ядноўваліся.

Абшчынамі кіравалі дарослыя мужчыны сінэ-ікасі-ікуру. Вылучаліся старэйшыны катан-кора-куру з шырокімі адміністрацыйнымі і рэлігійнымі паўнамоцтвамі. Іх улада перадавалася па мужчынскай лініі. Акрамя таго, мог мецца рэлігійны правадыр катан-айсара-камуй, звычайна стары чалавек. Пад уплывам японскіх традыцый з’явіўся інстытут старастаў. Ваенныя правадыры выбіраліся толькі ў час канфліктаў і істотнага ўплыву на мірнае жыццё не аказвалі. Пэўную ролю ў грамадстве адыгрывалі жаночыя сваяцкія арганізацыі сіне-хуцы-ікіру[37]. Наогул, становішча жанчын у грамадстве было даволі высокім.

У XVI — XVII стст. дзейнасць клана Мацумаэ прывяла да вылучэння буйных тэрытарыяльных аб’яднанняў айнаў Хакайда і поўдня Курыльскіх астравоў. Яны гуртаваліся вакол пэўнай гандлёвай факторыі або японскага паселішча. У будычым гэта садзейнічала супольнай барацьбе супраць японцаў.

У традыцыйным грамадстве мужчыны ўступалі ў шлюб ва ўзросце 17 — 18 гадоў, жанчыны — 15 — 16 гадоў[38]. Шлюбы заключаліся як па дамоўленасці паміж бацькамі, так і па жаданню маладых. Вяселлю папярэднічалі заручыны, якія суправаджаліся падарункамі сям'і нявесты. Да 2 — 3 гадоў дзеці не мелі пастаяннага імені, карысталіся мянушкамі або агіднымі найменнямі (айай, пайшы, шыён і г. д.). Дзяўчынам з 12 — 13 гадоў наносіліся татуіроўкі.

Фальклор[правіць | правіць зыходнік]

Фальклор айнаў надзвычай багаты, прадстаўлены казкамі, легендамі, генеалагічнымі паданнямі, міфамі, якія тлумачаць з’явы прыроды, паходжанне людзей і жывёл, маюць сацыяльны кантэкст. Забаўляльны характар мае цыкл гісторый пра першых людзей Панаумбэ і Пенаумбэ[39]. Спеўная традыцыя ўключае жаночыя гарлавыя спевы рэкухкара, рытмічныя рытуальныя песні упопа, эпічныя песні-маналогі юкар, любоўныя імправізацыі яісама, калыханкі лён'нока, танцавальныя песні рымсэ[40][41]. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — цытра, перкусіі, бамбукавы ідыяфон, тамбурын і інш. Танцы мелі рытуальны характар. У 2009 г.[42] яны былі ўнесены ў папярэдні спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Айнская мова — ізалят[43]. Не існуе фармальнай арфаграфіі для пісьма. Ужываюцца розныя алфавіты. У нашы дні знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Інау

Традыцыйная рэлігія айнаў заснавана на веры ў шматлікіх багоў і духаў камуі[44], якія сімвалізавалі сілы прыроды, аднак уяўляліся ў антрапаморфным выглядзе. Найбольш значныя камуі: Чуп — бог сонца, яго жонка Тэмбэ — багіня месяца, Конда-кора — бог неба, Кана — бог навальніцы, Фучы — багіня агню, Вака-Уш — валадарка паверхневых вод, Хашынаў-Ук — багіня палявання, Шырамба — бог раслін і інш.[45] Згодна міфам, камуі Аэайнакамуй, Аінуракур і Акікурмі з’яўляліся яшчэ і важнымі культурнымі героямі[40].

Для шанавання вышэйшых істот айны выкарыстоўвалі інау, што звычайна ўяўлялі сабою ўпрыгожаныя тычкі. Акрамя таго, шанаваліся сакральныя прадметы, чэрапы мядзведзяў і іншых жывёл. У айнскіх паселішчах арганізоўвалася мядзвежае свята[46], прычым мядзведзяў лавілі і выкормлівалі загадзя.

У нашы дні многія вернікі спавядаюць будызм і хрысціянства.

Зноскі

  1. Ainu in Japan
  2. Спеваковский, А. Б. Айны: проблемы истории и традиции этноса. Автореферат диссертации по истории
  3. The Ainu Language
  4. First Peoples Of Japan: Ainu Civilization And Its Unknown Origin Архівавана 4 ліпеня 2016.
  5. Гл.:Гаджиева Екатерина Александровна, Страна Восходящего Солнца. История и культура Японии. Глава 1. Древняя Япония
  6. Sean Lee, Toshikazu Hasegawa, Evolution of the Ainu Language in Space and Time
  7. Genetic origins of the Ainu inferred from combined DNA analyses of maternal and paternal lineages
  8. JOHN TRAVIS, Jomon Genes: Using DNA, researchers probe the genetic origins of modern Japanese
  9. Ainu History and Culture Архівавана 8 ліпеня 2013.
  10. Археология Курильских островов
  11. История Сахалинской области
  12. Naval Expedition of Abe no Hirafu
  13. а б Mitsuharu Vincent Okada, The Plight of Ainu, Indigenous People of Japan
  14. Василевский Александр Александрович, Народы Курильских островов и сопредельных территорий в эпоху средневековья. Начало японской колонизации Хоккайдо и ее роль в истории айнов.
  15. Цыт. па: Русские на Курилах. Кто первым описал Курильские острова?
  16. Иван Козыревский
  17. В. Богданов, Судьба исследователя Курил и Японии Ивана Козыревского: (Новые биогр. Сведения об авт. «Чертежа камчадальского носу и морским островам») Архівавана 14 ліпеня 2014.
  18. Северные острова принадлежат айнам
  19. Страницы истории(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 чэрвеня 2016. Праверана 28 чэрвеня 2016.
  20. Ольга Мурашко, Айны в России
  21. А. А. Василевский, Айну Курильских островов. Исторический очерк
  22. Recognition at last for Japan's Ainu
  23. Diet officially declares Ainu indigenous
  24. The Ainu — some cultural aspects
  25. THE AINU — REVIVING THE INDIGENOUS SPIRIT OF JAPAN
  26. Соколов А. М. Айны: от истоков до современности, с. 378
  27. Traditional food systems of Indigenous Peoples: the Ainu in the Saru River Region, Japan
  28. Eating Habits Архівавана 25 студзеня 2013.
  29. Clothing Архівавана 24 студзеня 2013.
  30. The Ainu Peoples of Japan
  31. Tattooing Among Japan's Ainu People
  32. Ainu Jewelry and Ornaments
  33. Housing Архівавана 11 ліпеня 2016.
  34. А. М. Соколов, Традиционное айнское жилище: к вопросу о культурном своеобразии айнов Хоккайдо, Сахалина и Курильских островов
  35. А. М. Соколов, ЗАЩИТНОЕ СНАРЯЖЕНИЕ АЙНОВ
  36. Соколов А. М. Айны: от истоков до современности, с. 224
  37. Соколов А. М. Айны: от истоков до современности, с. 226—228
  38. Life of Ainu Архівавана 6 ліпеня 2016.
  39. BASIL HALL CHAMBERLAIN, AINO FOLK-TALES
  40. а б Oral Literature Архівавана 19 лютага 2020.
  41. Japan: Ainu Songs
  42. unesco.org
  43. Ainu pronunciation and language — Omniglot
  44. The Mythology of Okami Kamui
  45. THE TOP GODS IN AINU MYTHOLOGY
  46. The Bear Ritual of the Ainu

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]