Айн Рэнд

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Айн Рэнд (англ.: Ayn Rand, ˈaɪn ˈrænd; пры нараджэнні Аліса Разенбаўм; 20 студзеня (2 лютага) 1905, Санкт-Пецярбург6 сакавіка 1982, Нью-Ёрк) — амерыканская пісьменніца і філосаф, стваральніца філасофскага кірунку, якому яна дала назву аб'ектывізм.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Аліса Разенбаўм нарадзілася ў сям'і фармацэўта Залман-Вольфа (Зіновія Захаравіча) Разенбаўма і яго жонкі, зубнога тэхніка Ханы Беркаўны, старэйшай сярод трох дачок (Аліса, Наталля і Нора). Неўзабаве пасля нараджэння малодшай дачкі Норы ў 1910 годзе Зіновій Захаравіч пачаў загадваць буйной аптэкай Аляксандра Клінге на Неўскім праспекце і Знаменскай плошчы, і сям'я пераехала ў вялікую кватэру на другім паверсе асабняка над аптэкай. Ужо ў 1912 годзе Зіновій Захаравіч стаў суўладальнікам, а ў 1914 годзе – аднаасобным уладальнікам гэтай аптэкі.

Чытаць і пісаць Аліса навучылася ў 4 гады, а невялікія апавяданні пачала пісаць у дзяцінстве. У жаночай гімназіі яна вучылася разам з сястрой Уладзіміра Набокава Вольгай.

У 1917 годзе, пасля рэвалюцыі ў Расіі, уласнасць Зіновія Разенбаўма была канфіскаваная, і сям'я пераехала ў Крым, дзе Аліса скончыла школу ў Еўпаторыі.

Юнацтва[правіць | правіць зыходнік]

2 кастрычніка 1921 г. Аліса паступіла ў Петраградскі ўніверсітэт на спецыяльнасць "сацыяльная педагогіка" на трохгадовы курс, які аб'ядноўваў гісторыю, філалогію і права. У гады навучання яна пазнаёмілася з ідэямі Фрыдрыха Ніцшэ, якія зрабілі на яе вялікі ўплыў. Скончыла ўніверсітэт Аліса вясной 1924 года, хаця некаторыя крыніцы памылкова сцвярджаюць, нібыта яна была выключаная за "буржуазнае паходжанне". У 1925 годзе ў серыі "Папулярная кіна-бібліятэчка" асобнай кнігай выйшла першая друкаваная праца Алісы Разенбаўм "Пола Негры" – нарыс творчасці папулярнай кінаактрысы.

Пераезд у ЗША[правіць | правіць зыходнік]

У 1925 годзе Аліса атрымала візу для паездкі на навучанне ў ЗША і пасялілася ў Чыкага ў родных сваёй маці. Яе бацькі засталіся ў Ленінградзе і памерлі падчас блакады ў гады Другой сусветнай вайны. Абедзве сястры таксама засталіся ў СССР. Наталля Разенбаўм (1907–1945) скончыла Ленінградскую кансерваторыю. Элеанора Разенбаўм (у замужжы Дробышава, 1910–1999) эмігравала ў ЗША ў 1973 годзе па запрашэнні Айн Рэнд, але неўзабаве вярнулася ў Савецкі Саюз і да самай смерці жыла ў Санкт-Пецярбургу. Першае каханне Алісы – выпускнік Ленінградскага тэхналагічнага інстытута Леў Бекерман (1901–1937, Леа Каваленскі ў яе рамане "Мы – жывыя") быў расстраляны 6 мая 1937 г.

Аліса засталася ў ЗША і пачала працаваць статыстам у Галівудзе. Чатыры гатовыя кінасцэнарыі, якія яна прывезла з Расіі, не зацікавілі амерыканскіх кінапрадзюсараў. У 1929 годзе яна выйшла замуж за кінаакцёра Фрэнка О'Конара (1897–1979), 13 сакавіка 1931 года атрымала амерыканскае грамадзянства.

У 1927 г. студыя, дзе працавала Айн Рэнд, зачынілася, і да 1932 года пісьменніца перабіваецца на розных часовых працах: афіцыянткай, гандляркай газетных падпісак, а затым касцюмерам на студыі RKO Radio Pictures. У 1932 годзе яна змагла прадаць кінакампаніі Universal Studios сцэнарый "Чырвонай пешкі" (Red Pawn) за 1500 долараў, што на той момант было вельмі вялікай сумай. Гэтыя грошы дазволілі ёй пакінуць працу і засяродзіцца на літаратурнай дзейнасці.

Айн Рэнд памерла ад раку лёгкіх 6 сакавіка 1982 і была пахаваная на могілках Кенсіка ў горадзе Валхала, штат Нью-Ёрк. Паслядоўнікі філасофіі Айн Рэнд і яе чытачы склалі ля труны пісьменніцы кветкі ў выглядзе знаку долара – $.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Сваё першае апавяданне на англійскай мове "Муж, якога я здабыла" (The Husband I Bought) Рэнд напісала ў 1926 годзе, але надрукаванае яно было толькі ў 1984 годзе.

У 1936 годзе ў Амерыцы, а ў 1937 годзе ў Вялікабрытаніі выйшаў першы раман Айн Рэнд "Мы – жывыя" (We the Living) пра першыя гады існавання СССР. Пісьменніца аддала раману шмат сіл – твор пісаўся амаль 6 гадоў. Але крытыка палічыла "Мы – жывыя" слабым творам, амерыканскія чытачы таксама не выявілі вялікае цікавасці да гэтай кнігі. Аднак у 1942 годзе раман быў экранізаваны ў Італіі (Noi vivi), а сумарны тыраж склаў 2 мільёны асобнікаў.

У 1937 годзе яна напісала невялікую аповесць "Гімн" (Anthem), якая ў 1938 годзе выйшла ў Вялікабрытаніі. Другі буйны раман – "Выток" (The Fountainhead) – з'явіўся ў 1943 годзе, а трэці – "Атлант расправіў плечы” (Atlas Shrugged) – у 1957. Пасля "Атланта" Рэнд пачала пісаць філасофскія кнігі: "Капіталізм: невядомы ідэал" (Capitalism: The Unknown Ideal, 1966), "Для новага інтэлектуала" (For the New Intellectual, 1961), "Уводзіны ў эпістэмалогію аб'ектывізму" (Introduction to Objectivist Epistemology, 1979), "Новыя левыя: антыіндустрыяльная рэвалюцыя" (The New Left: The Anti-Industrial Revolution, 1971), "Філасофія: каму яна неабходная" (Philosophy: Who Needs It, 1982), "Цноты эгаізму" (The Virtue of Selfishness, 1964) і многія іншыя, а таксама чытаць лекцыі ў амерыканскіх універсітэтах.

У сваіх палітычных перакананнях Рэнд абараняла неабмежаваны (laissez-faire) капіталізм і лічыла адзінай правамернай функцыяй дзяржавы абарону правоў чалавека (у тым ліку правоў уласнасці).

На Захадзе Айн Рэнд шырока вядомая як стваральніца філасофіі аб'ектывізму, што ўгрунтаваная на прынцыпах розуму, індывідуалізму, разумнага эгаізму і ёсць інтэлектуальным абгрунтаваннем капіталістычных каштоўнасцяў у супрацьвагу папулярнаму ў той час сацыялізму. Вывучэннем і прапагандай літаратурнай і філасофскай спадчыны Айн Рэнд займаецца шэраг арганізацый у ЗША і іншых краінах, у першую чаргу Інстытут Айн Рэнд у Ірвайне (Каліфорнія).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]