Аксіялогія

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Аксіялогія (ад стар.-грэч.: ἀξία — каштоўнасць, і грэч.: λόγος — вучэнне) — вучэнне аб прыродзе каштоўнасцей, іх ролі і месцы ў сацыяльнай рэчаіснасці, аб структуры каштоўнаснага свету. Аксіялогія, як філасофская дысцыпліна, даследуе катэгорыю «каштоўнасць», характарыстыкі, структуры і іерархіі каштоўнаснага свету, спосабы яго пазнання і яго анталагічны статус, а таксама прыроду і спецыфіку каштоўнасных меркаванняў.

Пытанні аксіялогіі пачалі асэнсоўвацца яшчэ ў антычным свеце (Сакрат, Платон, Арыстоцель і інш.) і распрацоўваліся на працягу ўсёй гісторыі сусветнай філасофскай думкі (П. Абеляр, В. Віндэльбад, Г. Рыкерт, М. Шэлер, М. Вебер і інш.). Прадмет аксіялогіі — гістарычна абумоўленыя этычныя, эстэтычныя і іншыя каштоўнасці ў іх узаемасувязі і ў адносінах да сацыякультурнай сферы і структуры асобы. Базавай для аксіялогіі з'яўляецца праблема абгрунтавання магчымасці існавання каштоўнасцей у структуры быцця і іх сувязі з прадметнай рэальнасцю.

У культуралагічнай навуцы аксіялагічная праблематыка займае істотнае месца ў сувязі з шырока распаўсюджанай трактоўкай культуры як сукупнасці ўсіх каштоўнасцей, створаных чалавецтвам, а таксама з актуальнасцю, практычнай важнасцю праблемы ідэалаў (як абагульненых уяўленняў аб дасканаласці ў розных сферах жыццядзейнасці грамадства). Аксіялагічны аналіз лічыцца важнай састаўной часткай пры вывучэнні працэсаў інкультурацыі, звязаных з засваеннем чалавекам сістэмы культурных норм і каштоўнасцей.

Распрацоўкай разнастайных пытанняў, звязаных з аксіялогіяй, займаюцца пераважна прадстаўнікі структурна-функцыянальнага падыходу. Перыяды грамадскіх, духоўна-культурных крызісаў павышаюць увагу да асэнсавання ролі і месца каштоўнасцей у жыцці грамадства. У сярэдзіне XX ст. ўзнікла ідэя прыярытэтнасці агульначалавечых каштоўнасцей (свабода і правы чалавека, захаванне міру, пераадоленне экалагічнай і тэхнагеннай катастроф, новых пагроз чалавецтву і інш.).

Аксіялогія ўключае і вывучэнне каштоўнасных аспектаў іншых філасофскіх, а таксама асобных навуковых дысцыплін, а ў больш шырокім сэнсе — усяго спектру сацыяльнай, мастацкай і рэлігійнай практыкі, чалавечай цывілізацыі і культуры ў цэлым.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Аксіялогія // Культуралогія: Энцыкл. даведнік / Уклад. Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
  • Каган, М. С. Философская теория ценности. — СПб., 1997.
  • Кюнг, Г. Брентано, Гуссерль и Ингарден об оценивающих актах и познании ценностей // Логос. — 1995. — № 6. — С. 117 — 126.
  • Лосский, Н. Ценность и бытие: Сборник / Николай Лосский. — Харьков — М. — Назрань: Фолио — АСТ, 2000. — 860, [1] с. — (Р. Х. 2000, Серия «Религиозная философия»). — ISBN 966-03-0722-5.
  • Огурцов, А. П. Аксиологические модели в философии науки // Философские исследования. — 1995. — № 1. — С. 7 — 36.
  • Проблема ценности в философии: Сборник статей / АН СССР. Ленинградская кафедра философии; Под ред. А. Г. Харчева (глав. ред.) и др.]. — Л. — М.: «Наука», [Ленинградское отделение], 1966. — 261 с.
  • Розов, Н. С. Ценностив проблемном мире. - Новосибирск, 1998.
  • Ценностные ориентации в гуманитарном познании: научно-аналитический обзор литературы по аксиологической проблематике, вышедшей в УССР / АН УССР, Институт философии АН УССР, Отдел научной информации по общественным наукам; В. А. Филюшин. — Киев, 1989. — 48 с.
  • Шохин, В. К. Аксиология / В. К. Шохин // Новая философская энциклопедия / Институт философии Российской академии наук, Национальный общественно-научный фонд; научно-редакционный совет: В. С. Степин (председатель) и др.; руководители проекта: В. С. Степин, Г. Ю. Семигин: в 4 т. Т. 4: А — Д. — М.: Мысль, 2010. —741, [1] с. — ISBN 978-2-244-01116-6. — С. 62 — 67.
  • Шохин, В. К. Классическая философия ценностей: предыстория, проблемы, результаты // Альфа и Омега. — 1998. — № 18 (3). — С. 283 — 308.