Альберт Швейцэр
Альберт Швейцэр (ням. Albert Schweitzer; 14 студзеня 1875, Кайзерсберг, Верхні Эльзас — 4 верасня 1965, Ламбарэнэ) — нямецкі тэолаг, філосаф, музыкант і ўрач, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1952).
Вучыўся ў Страсбурскім (1893-98, 1905-08) і Парыжскім (1898-99) універсітэтах. У 1903-05 кіраўнік семінарыі св. Фамы ў Страсбургу. У 1913 заснаваў першую ў Экватарыяльнай Афрыцы бальніцу для мясцовага насельніцтва (г. Ламбарэне, Габон), дзе працаваў (з перапынкамі) да канца жыцця.
Выступаў з арганнымі канцэртамі ў Германіі, Швецыі, Вялікабрытаніі і іншых еўрапейскіх краінах, вылучаўся віртуознай тэхнікай і глыбокім разуменнем прыроды арганнай музыкі, найперш твораў І. С. Баха. У працы «І. С. Бах» (1908) імкнуўся ацаніць яго творчасць з новых эстэтычных пазіцый. Даследаваў гісторыю аргана.
У цэнтры яго філасофскіх поглядаў — праблема ўзаемадзеяння чалавека з божым і зямным светам. Прааналізаваўшы гісторыю рэлігій свету, прыйшоў да высновы, што хрысціянства — адзінае вучэнне, якое спалучае ў сабе разуменне недасканаласці зямнога і імкненне да пераўтварэння свету ў адпаведнасці з божай задумай. Асноўную перавагу хрысціянскага вучэння бачыў у яго этычнай накіраванасці, якую лічыў асновай найвышэйшага тыпу духоўнасці («Хрысціянства і сусветныя рэлігіі», 1924). На яго думку, у аснове сапраўднай этыкі ляжыць прынцып «глыбокай пашаны да жыцця». Лічыў, што ў аснове жыццесцвярджальнага светапогляду ляжьшь «перажыванне» свету, а не яго пазнанне, што рацыяналізм і веды прыводзяць да песімізму. Паводле Альберта Швейцэра, еўрапейская культура знаходзіцца ў глыбокім заняпадзе, што выяўляецца ў панаванні матэрыяльнага над духоўным, грамадства над індывідуумам і абумоўліваецца крызісам еўрапейскага светапогляду. Сцвярджаў, што выратаваць культуру можа толькі стварэнне па-філасофску абгрунтаванага светапогляду, які б спалучаў у сабе аптымізм і этыку «пашаны да жыцця» і быў накіраваны на духоўна-маральнае ўдасканаленне чалавека і грамадства («Культура і этыка», 1923). Аўтар прац «Тайна месіянізму і пакуты: Нарыс жыцця Хрыста» (1901), «Містыка апостала Паўла» (1930), «Праблема свету ў сучасным свеце» (1954), «Гуманнасць» (апубл. 1966) і інш.
Доктар філасофіі (1899), тэалогіі (1900), медыцыны (1913). Ганаровы доктар шэрагу еўрапейскіх і амерыканскіх універсітэтаў.
| Нобелеўская прэмія міру | |
|---|---|
| 1951—1975 |
Ліён Жуо (1951) • Альберт Швейцэр (1952) • Джордж Маршал (1953) • УВКААНСБ (1954) • Лестэр Боўлс Пірсан (1957) • Жорж Пір (1958) • Філіп Ноэль-Бэйкер (1959) • Альберт Лутулі (1960) • Даг Хамаршэльд (1961) • Лайнус Карл Полінг (1962) • МКЧК (1963) • Марцін Лютэр Кінг (1964) • ЮНІСЕФ (1965) • Рэнэ Касэн (1968) • МАП (1969) • Норман Эрнэст Барлоўг (1970) • Вілі Брандт (1971) • Генры Кісінджэр / Ле Дык Тхо (1973) • Шон Макбрайд / Эйсаку Сато (1974) • Андрэй Дзмітрыевіч Сахараў (1975) |
|
Поўны пералік • (1901—1925) • (1926—1950) • (1951—1975) • (1976—2000) • (2001—2025) |
|

