Альпінарый

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Альпінарый у батанічным садзе (Кракаў, 2006)

Альпінарый (камяністы сад, альпійская горка) — дэкаратыўная кампазіцыя, якая фарміруецца з камянёў, кветак і нізкарослых кустоў.

Камень падкрэслівае прыгажосць раслін, таму ад яго памераў, формы і колеру залежыць дэкаратыўнасць усёй горкі. Могуць выкарыстоўвацца рознапамерныя камяні — ад невялікіх да буйных; для аматарскіх горак іх звычайна бяруць масай 15-30 кг, як правіла адной пароды і тэкстуры. Каменная кампазіцыя можа стварацца як з аднолькавых (буйных або сярэдніх), так і з розных па велічыні камянёў. Пры ўкладцы іх імкнуцца размясціць натуральна, "пад прыроду", як бы імітуючы горны ландшафт: нагрувашчваючы адзін на адзін, паасобку і групамі. Звычайна пад такі сад адводзяць месца ў некалькі квадратных метраў свабоднай формы.

Будуюць камяністы сад у наступнай паслядоўнасці. Па пазначаным контуры выбіраюць глебу на глыбіню 30-35 см. На суглінках і цяжкіх глебах на дно катлаваны насыпаюць жвір або друз (каля 10-15 см), на пераўвільготненых — да 20 см, на лёгкіх (пясчаных) глебах дно высцілаюць слоем суглінку (10-15 см). Потым у катлаван і ўверх да пажаданай вышыні альпійскай горкі насыпаюць урадлівую (2 часткі лісцевай, 2 тарфяной, 1 перапрэлай дзярновай зямлі і 0,5 часткі пяску). Калі вышыня горкі перавышаше 60 см, катлаван не капаюць, бо для развіцця каранёў раслін досыць глыбіні насыпной зямлі. Потым па паверхні насыпнога грунту раскладваюць камяні так, каб яны не выглядалі штучнымі ўтварэннямі і паміж імі заставаліся дастатковыя прасветы для пасадкі розных раслін.

Дэкаратыўны эфект альпінарыя на працягу ўсяго года (у т.л. і зімой) дасягаецца правільным падборам відаў раслін. У першую чаргу звяртаецца ўвага на сцелістыя расліны і нізкарослыя з яркай афарбоўкай кветак, лісця і пладоў. Як правіла, у кампазіцыі ўключаюцца хвойныя расліны — ядловец, мікрабіёта, елка канадская канічная, туя шарападобная карлікавая, кедравы сланік і інш. Яны эфектныя на фоне камянёў і асабліва ўзбагачаюць фарбавы каларыт горкі вясной і восенню. 3 лісцевых раслін для камяністых садоў найбольш прыдатныя барбарыс Тунберга пурпуровалісты, барвенак, брызгліна крылатая і нізкая, верас, гартэмзіі дрэвападобная стэрыльная і мяцёлчатая, бружмель альпійскі, кізільнікі шрызантальны і ружовы, курыльскі чай кустовы, магонія, міндаль нізкі і трохлопасцевы, плюшч, зяноўцы рускі і чарнеючы, рададэндраны, самшыт, вятроўнік Бумальда, язміны вянечны карлікавы і Лемуана, фарзіцыя паніклая і інш. Асартымент кветкавых раслін уключае такія віды, як астыльба, бадан таўсталісты, ворлікі веерападобныя, зверабой паўзучы, гваздзік перысты, сумнік, касачы нізкі і сібірскі, лотаць, званочак карпацкі, колхікум, крокус, лубін шматгадовы, седум, цюльпаны групы Грэйга і Каўфмана, сцыла, флоксы дзярністы і шылападобны, пярэсна веснавая, хінадокса і іншыя.

Фактары, што абумоўліваюць прынцыпы размяшчэння раслін на альпійскіх горках, у сваёй аснове тыя самыя, што і для іншых кустова-кветкжвых кампазіцый: у цэнтры садзяць найбольш цікавыя і дэкаратыўныя расліны, на пярэднім плане — прыгожаквітучыя, лісцева-дэкаратыўныя і нізкарослыя з арыгінальным галінаваннем. Расліны аднаго віду, формы ці сарты высаджваюць паасобку або групамі, але не раскідаюць па ўсёй горцы. Для ўзмацнення кантрасту перад групамі раслін высаджваюць адну-дзве невялікія, але арыгінальныя расліны. Пажадана, каб на горцы расліны і іх групы поўнасцю не змыкаліся паміж сабой, паміж імі існавалі дастатковых памераў разрывы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. - Мн.: БелЭн, 1993.
Commons