Альтранштэцкі мір

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Альтранштэцкі мір
Дата падпісання 24 верасня 1706[1]
Месца падпісання
Мова лацінская мова

Альтранштэцкі мір — перамір’е, заключанае 13 (24) верасня 1706 года каралём шведскім Карлам XII і курфюрстам саксонскім Аўгустам II, адначасна каралём польскім, у вёсцы Альтранштэт  (ням.) (Саксонія) у часе Вялікай Паўночнай вайны. Заключэнню міру папярэднічала заваёва Карлам XII значнай часткі Рэчы Паспалітай.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ ў 1704 годзе, заваяваўшы Варшаву, Карл XII, скарыстаўшыся раздраямі сярод шляхты, змусіў Варшаўскую канфедэрацыю абвясціць Аўгуста II зрынутым і абраць каралём пазнаньскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага. Апошні заключыў хаўрус са Швецыяй, які забяспечыў апошняй палітычную і эканамічную перавагу ў Рэчы Паспалітай. Аднак дзеля замацавання дасягнутага поспеху Карл XII меў прымусіць Аўгуста II выракчыся польскай кароны і спыніць умяшальніцтва ў справы Рэчы Паспалітай. З гэтай мэтай Карл XII уварваўся ў Саксонію, дзе пасля шэрагу ваенных перамог прымусіў Аўгуста II падпісаць перамір’е.

Умовы[правіць | правіць зыходнік]

Паводле дагавора, што складаўся з 21 артыкула, Аўгуст II адрокся ад польскай кароны на карысць Станіслава Ляшчынскага, адмовіўся ад саюза з Расіяй, абавязаўся адклікаць саксонцаў з маскоўскай службы і выдаць Карлу XII расійскага прадстаўніка лівонца Паткуля, таксама як і ўсіх астатніх расійскіх служачых, што знаходзіліся ў Саксоніі. Аўгуст II абяцаў аддаць польскія фартэцыі Кракаў, Тыкоцін і іншыя з усёй артылерыяй і амуніцыяй шведам і пусціць у саксонскія ўладанні шведскія гарнізоны. Аўгуст II таксама абавязаўся апекаваць у Саксоніі лютэранскае веравызнанне. Шведскі кароль са свайго боку абавязваўся абараняць Аўгуста II ад рэпрэсій з боку Расіі і пры заключэнні з апошняй міру — абараняць інтарэсы саксонскага курфюрста.

Дагавор падпісалі ад Саксоніі Імгаф і Пфінгтэн, ад Швецыі — Карл Піпер. На патрабаванне Карла XII Альтранштэцкае перамір’е таксама падпісалі магнаты Рэчы Паспалітай Ян Станіслаў Ябланоўскі і Казімір Ян Сапега.

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Заключыўшы таемна ад Пятра I мір, Аўгуст II у той самы час намагаўся таемна ад Карла XII захаваць хаўрус з Расіяй. 29 кастрычніка 1706, ужо па ратыфікацыі самім Аўгустам II, саксонскія войскі бралі ўдзел на баку маскоўцаў у бітве пад Калішам, дзе шведскія войскі атрымалі паразу. Паводзіны Аўгуста II прымусілі Карла XII апублікаваць таемны Альтранштэцкі дагавор, чым вымусілі Аўгуста II да выканання яго ўмоў пад пагрозай страты спадчынных саксонскіх уладанняў.

Альтранштэцкі мірны дагавор, які сучаснікі лічылі капітуляцыяй, што «ня мела сабе падобных у гісторыі», аддала ва ўладу Карла XII усю Рэч Паспалітую і развязала яму рукі для наступу на Расію. Аднак пасля таго, як Карл XII пацярпеў паразу ў Палтаўскай бітве, Аўгуст паведаміў, што яго ўвялі ў зман уласныя ўпаўнаважаныя, 8 жніўня 1709 абвясціў дагавор нядзейсным, аднавіў саюз з Расіяй (Торуньскі саюзны дагавор) і з дапамогай рускіх вярнуў польскі сталец.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беспалов А. В. Северная война. Карл XII и шведская армия. Путь от Копенгагена до Переволочной. 1700—1709. — М: Рейтар, 1998.