Альфрэд Розенберг
Альфрэд Розенберг (ням.: Alfred Rosenberg) (12 студзеня 1893, Рэвель, Расійская імперыя – 16 кастрычніка 1946, Нюрнберг, Германія) – дзяржаўны і палітычны дзеяч Германіі, галоўны ідэолаг Нацыянал-Сацыялістычнай Нямецкай Работніцкай Партыі (NSDAP), рэйхсміністр па справах усходніх земляў ад 1941.
Прызнаны ваенным злачынцам на Нюрнбергскім працэсе (1.10.1946) і пакараны смерцю праз павешанне.
Змест |
[правіць] Жыццё ў Расійскай Імперыі
З сям’і прыбалтыйскіх немцаў: бацька – купец з Латвіі, маці – ураджэнка Эстоніі. Дзяцінства правёў у Эстоніі. У 1910 паступіў у Вышэйшую Тэхнічную школу ў Рызе, адкуль у 1915 разам са школай быў эвакуяваны ў Маскву, дзе ў 1917 атрымаў дыплом архітэктара (дыпломная праца – праект крэматорыя). У кастрычніку 1917 падтрымліваў бальшавікоў, але пасля перайшоў на скрайнія антыбальшавіцкія пазіцыі. У 1918 уцёк у акупаваную немцамі Прыбалтыку, дзе спрабаваў уступіць у антыбальшавіцкі вайсковы Дабраахвотніцкі корпус.
[правіць] Дзейнасць у NSDAP
У 1918 пераехаў у Мюнхен, дзе ўступіў у акультна-нацыяналістычную суполку “Туле”, што сталася адной з крыніцаў Нямецкай Работніцкай Партыі (DAP, надалей - NSDAP), у якую ўступіў у студзені 1919 раней за Адольфа Гітлера. У тым самым годзе пачаў працаваць у партыйнай газеце “Völkischer Beobachter” (“Народны аглядальнік”), рэдактарам якой стаў у 1923. У 1923-1924 узначальваў партыю ў сувязі з арыштамі кіраўніцтва пасля няўдалага “Піўнога путчу”. У 1929 заснаваў Вайсковую Лігу за Нямецкую Культуру, а пазней і Інстытут па вывучэнні нямецкага пытання. У 1930 абіраецца ў Райхстаг. У 1933 прызначаны кіраўніком упраўлення замежнай палітыкай NSDAP.
Розенберг лічыцца аўтарам ключавых паняццяў нацыскай ідэалогіі, як то “расавая тэорыя”, “жыццёвая прастора” (Lebensraum), “канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання”, адмовы ад Версальскага дагавору, змагання з “дэгенератыўным мастацтвам” і крытыкай хрысціянства. У 1920-1930-х пачаў выдаваць кнігі антысеміцкага зместу (1920 – “След яўрэяў у змене свету” і “Нізкая мараль у Талмудзе”, 1922 – брашура “Прырода, асноўныя мэты і прынцыпы NSDAP”, 1930 – “Міф ХХ стагоддзя”), што сталіся падмуркам нацыскай ідэалогіі. Паводле ягонае расавае тэорыі на самым нізе антрапалагічнай лесвіцы месціліся негры і семіты, на версе – “арыйцы” (скандынавы, фіны, галандцы, брытанцы і фламандцы на чале з немцамі). У адрозненні ад іншага кіраўніцтва Рэйху не лічыў славянаў ніжэйшай расай, а казаў, што пры спрыяльных умовах яны маглі б быць інтэграваныя ў арыйскую расу і нямецкую культуру. У той самы час японцам, як нямецкім хаўруснікам, быў нададзены тытул “ганаровых арыйцаў”.
[правіць] Другая Сусветная вайна
17 ліпеня 1941 ачоліў Рэйхміністэрства для акупаваных раёнаў Усходу (Reichministerium für die Besetzten Ostgebiete ці Ostministerium). Розенберг прапанаваў стварыць на захопленых землях СССР 4 Рэйхскамісарыяты: Остланд (Ostland), Украіна (Ukraine), Каўказ (Kaukasus) і Масква (Moskau), аднак былі створаныя толькі першыя два. Палітычнай мэтай акупацыі лічыў максімальнае паслабленне Расіі, шляхам раз'яднання яе земляў і перадачы іх новым адміністратыўным утварэнням – Беларусі, Дону, Украіне. Выступаў за стварэнне вакол Расіі санітарнага кардону з буферных дзяржаваў – Беларусі, Украіны, Цэнтральнай Азіі, якія б залежалі ад Рэйху, адначасова валодаючы пэўным самакіраваннем. Выступаў за роспускі калгасаў і надзяленне зямлёй сялянаў, спрыяў росту нацыянальнай свядомасці акупаваных народаў з мэтай мабілізацыі іх на змаганне з Расіяй.
На сканчэнні вайны быў арыштаваны аліянтамі. На Нюрнбергскім працэсе 1 кастрычніка 1946 за злачынствы супраць чалавецтва і за ўдзел у развязванні вайны быў асуджаны на смерць праз павешанне.
[правіць] Сям’я
Быў жанаты двойчы: у першы раз у 1915-1923 з этнічнай эстонкай Гільдай Леезман, і ў другі ад 1925 з Гедвігай Крамер, ад якой меў сына, які памёр у дзяцінстве, і дачку Ірэнэ (1930-).
