Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Кобрын)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Аляксандра-Неўскі сабор
52°12′51,41″ пн. ш. 24°21′30,62″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Кобрын
Канфесія Праваслаўе
Епархія Брэсцкая і Кобрынская
Благачынне Кобрынскае
Тып будынка сабор
Архітэктурны стыль класіцызм
Архітэктар Іван Ігнатавіч Калянкевіч
Будаўніцтва 18641868 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000392шыфр 112Г000392
Матэрыял цэгла
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Аляксандра-Неўскі сабор — праваслаўны храм у горадзе Кобрыне Брэсцкай вобласці. Размешчаны на беразе Мухаўца, па адрасе: вуліца Леніна, 18. Другі кафедральны сабор у Брэсцкай і Кобрынскай епархіі, цэнтр Кобрынскага благачыння. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны ў 1864—1868 гадах з цэглы ў гонар адмены прыгоннага права, на месцы брацкай магілы рускіх салдат, якія загінулі ў бітве пад Кобрынам 15 ліпеня 1812 года. Да закрыцця храма ў 1963 годзе на фасадзе былі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі з надпісам: «Под сенью сего святого храма покоятся кости русских воинов-героев, павших в Кобринском бою 15 июля 1812 года; Сей святой храм сооружен в память освобождения крестьян от крепостной зависимости 19 февраля 1861 года»[1].

Сабор пабудаваны на сродкі, сабраныя ў выглядзе кантрыбуцыі з удзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў. Праект і каштарыс будынка складзены губернскім архітэктарам Іванам Калянкевічам і ўхвалены ў 1864 годзе[2].

У 1960-я гады сабор закрыты і прыстасаваны пад філіял Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. У 1989 годзе вернуты праваслаўнай абшчыне, 12 верасня 1990 года, у дзень памяці Аляксандра Неўскага, паўторна асвячоны. Адрэстаўрыраваны ў 1990—1993 гадах.

Побач з саборам знаходзіцца манумент у памяць бою пад Кобрынам 1812 года. Настаяцель прыхода — протаіерэй Сергій Утрата[3].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Выгляд сабора збоку, 2014 год.

Помнік архітэктуры позняга класіцызму з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю[1]. Асноўны аб’ём крыжова-цэнтрычны, завершаны магутным васьмерыковым барабанам, а ў апошнія гады — маляўнічым 5-купаллем на шатрах. Да планіровачнага крыжа далучаюцца працяглы прытвор з вуглавымі прыдзеламі і прамавугольная апсіда з бакавымі невялікімі квадратнымі рызніцамі.

Для фасадаў характэрна стрыманая пластыка. Яны завершаны трохвугольнымі франтонамі, крапаваны вуглавымі лапаткамі і прамавугольнымі панэлямі, апяразаны фрызамі з шырынак, прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, акаймаванымі архівольтамі. Сцены галоўнага фасада, алтарнай часткі і тарцовых частак трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі.

Галоўны ўваход аформлены накладным магутным парталам, вылучаным накладным несапраўдным порцікам з лучковым франтонам, які абапіраецца на дзве плоскія пілястры. Над дзвярным прамавгольным праёмам — вялікае паўцыркульнае акно.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

У інтэр’еры вялізны асветлены аб’ём прытвора злучаны з трапезнай шырокім праёмам. Цэнтральная частка раскрыта арачнымі праёмамі ў трапезную, бакавыя нефы і алтарную частку. Сяродкрыжжа перакрыта купалам на ветразях, астатнія памяшканні — цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках.

У саборы быў мясцовашанаваны абраз «Маці Божая», перанесены са старажытнай кобрынскай Свята-Прачысценскай царквы.

Зноскі

  1. а б Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 246.
  2. А. М. Кулагін. Свята-Аляксандра-Неўскі сабор // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна // рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 624 с. ISBN 985-6302-44-7
  3. Православный приход кафедрального собора святого благоверного князя Александра Невского в г. Кобрине (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]