Аляксандр Іванавіч Цвікевіч

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Аляксандр Іванавіч Цвікевіч (псеўд. А. Гвоздзь, А. Галынец) (22 чэрвеня 1888, Брэст30 снежня 1937, Мінск) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, юрыст, філосаф, публіцыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 22 чэрвеня 1888 г. у Брэсце ў сям'і фельчара чыгуначнай бальніцы. Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1912), да 1914 працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Брэсце. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны — у бежанстве ў Туле, дзе прымаў актыўны ўдзел у працы камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 у Маскве стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады.

Удзельнічаў у працы Першага Усебеларускага з'езда, быў абраны сакратаром прэзідыўма, ад бежанцаў-беларусаў уваходзіў у склад Рады з'езда. У студзені 1918 Выканкам І Усебеларускага з'езда накіраваў Аляксандра Цвікевіча разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім на мірныя перамовы ў Брэст. Не атрымаўшы дазволу ўдзельнічаць у перамовах асобнай дэлегацыяй, Цвікевіч і Рак-Міхайлоўскі вымушаны былі ўвайсці ў дэлегацыю УНР у якасці дарадцаў.

У канцы сакавіка 1918 быў накіраваны ў Кіеў у складзе надзвычайнай дыпламатычнай місіі. Падчас дзейнасці місіі Цвікевіч вырашаў пытанні беларуска-ўкраінскай мяжы, дамагаўся прызнання адроджанай беларускай дзяржаўнасці і перагляду Брэсцкага міру, вёў перамовы з місіямі іншых дзяржаў наконт фінансавай дапамогі ўраду БНР. Пад яго кіраўніцтвам быў наладжаны выпуск газеты «Белорусское эхо», арганізавана Беларуская гандлёвая палата ў Кіеве. 29 мая 1918 беларуская місія звярнулася да расійскай мірнай дэлегацыі і падала яе кіраўніку Х. Ракоўскаму ноту, падпісаную Цвікевічам і М. Доўнар-Запольскім, гаворачы аб патрэбе прызнання расійскім савецкім урадам незалежнасці Беларусі.

У ліпені 1918 Аляксандр Цвікевіч увайшоў у склад кіраўнічых органаў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў.

Вясной 1919 урад БНР накіроўвае Цвікевіча ў Берлін, дзе ён павінен быў вырашаць фінансавае пытанне — атрымаць па акрэдытыве ўкраінскую пазыку. Пасля адмовы германскіх улад выдаць грошы ездзіў у Вену, каб атрымаць частку з іх у аўстрыйскім банку.

З 1921 па 1923 Цвікевіч займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага. Быў старшынёй І Усебеларускай канферэнцыі ў Празе, якая адбывалася ў верасні 1921 г. На гэтай канферэнцыі ў яго рэдакцыі была прынята рэзалюцыя па віленскім пытанні. У 1922 Цвікевіч разам з В. Ластоўскім зрабілі спробу ўключэння беларускага пытання ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі.

У 1923, у сувязі з нязгодай часткі беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячаў з палітыкай урада БНР В.Ластоўскага быў сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам. На Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне ў 1925 пад уздзеяннем поспехаў і дасягненняў палітыкі беларусізацыі ў БССР Аляксандр Цвікевіч прыняў рашэнне аб спыненні дзейнасці Рады міністраў БНР і прызнанні Мінска адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі. У лістападзе 1925 Цвікевіч з сям'ёй пераехаў у Мінск.

Пасля пераезду ў БССР працаваў у Наркамаце фінансаў, потым — вучоным сакратаром у Інбелкульце. З 1929 працаваў у Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук.

4 ліпеня 1930 г. быў арыштаваны, абвінавачаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ў Пярмі, Ішыме, потым у Сарапуле (Удмуртыя). Паўторна арыштаваны 17 снежня 1937. 30 снежня 1937 Аляксандр Цвікевіч быў расстраляны ў Мінску.

Рэабілітаваны па першым прыгаворы 10 чэрвеня 1988, па другім — 31 мая 1989.

Навукова-публіцыстычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Аляксандр Цвікевіч з'яўляецца аўтарам 6 манаграфій і брашур, а таксама шматлікіх артыкулаў, эсэ і публікацый у тагачасным беларускім друку. У 1918 у Кіеве ён выдае брашуру «Кароткі нарыс узнікнення БНР» (на рускай мове), у якой дае кароткую даведку з гісторыі апошніх этапаў беларускага нацыянальна-палітычнага руху і адлюстроўвае ўсю справядлівасць барацьбы беларусаў за сваю дзяржаўнасць. З мэтай азнаёміць замежнага чытача з Беларуссю і яе нацыянальным рухам Аляксандр Цвікевіч у 1921 у Берліне на рускай мове выдае брашуру «Беларусь: палітычны нарыс».

З нагоды акупацыі польскімі войскамі Заходняй Беларусі Аляксандр Цвікевіч у 1921 г. напісаў кнігу «Адраджэньне Беларусі і Польшча», дзе прыйшоў да высновы, што галоўныя інтарэсы, якімі кіраваліся палякі пры захопе тэрыторыі Беларусі, былі не столькі палітычныя, колькі эканамічныя.

Падчас сваёй працы ў Коўне ва ўрадзе БНР Цвікевіч шмат друкуецца ў беларускіх газетах і часопісах, пераважна ў часопісе «Беларускі сьцяг». З-пад яго пяра выходзяць такія палымяныя артыкулы і эсэ, як «Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі», «Беларусь перад Гэнуэзскай канфэрэнцыяй», «Усе дарогі вядуць у Беларусь», «Эўразійцы» і г.д. Падпісваецца ў асноўным крыптонімам А. Ц. ці псеўданімамі Алесь Галынец, Алесь Незалежны. Там жа ў Коўне ён выдае манаграфію «Погляд П.Бяссонава на беларускую справу».

У 1926 у Рызе намаганнямі Кастуся Езавітава выходзіць наступная праца Цвікевіча «Вялікае апрашчэньне ці вялікае ўдасканаленьне?». Увесь змест гэтай кнігі быў звернуты да той часткі інтэлігенцыі, якая скептычна і адмоўна адносіцца да беларускага нацыянальнага адраджэння.

У 1929 у Мінску была надрукавана фундаментальная навуковая праца Аляксандра Цвікевіча «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX стст." У ёй аўтар зрабіў аналіз ідэалогіі і практыкі русіфікацыі Беларусі ў перыяд Расійскай імперыі, даў ацэнку розным накірункам «заходнерусізму». Фактычна адразу пасля выхаду гэтая кніга была забаронена, а амаль увесь яе тыраж быў знішчаны. Ацалела толькі некалькі кніг у прыватных зборах, што дало магчымасць перавыдаць яе ў 1993.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Кнігі, брашуры[правіць | правіць зыходнік]

  • Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. – Киев, 1918. – 21 с. (Рэпрынт. – Мн., 1990).
  • Беларусь: политический очерк. - Берлин: Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. - 33 с.
  • Адраджэнне Беларусі і Польшча. - Менск - Вільня. - Берлін: Выдавецкае таварыства "Вызваленне", 1921. - 191 с.
  • Вялікае апрашчэнне, ці вялікае удасканаленне?: З цыкла "Штодзен. думкі" / А.Галынец; Пад рэд. К.Езавітава. - Рыга, 1926. - 44 с. - (Бібліятэка беларуса-выбаршчыка; N 13)
  • Западно-руссизм: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. - Мінск: Беларус.дзярж.выд., 1929. - 340 с.

Артыкулы[правіць | правіць зыходнік]

  • Западная комуна / А. Гвоздь // Белорусское эхо. — 1918. — №. — 3 июня. — С.
  • Прямой долг / А. Гвоздь // Белорусское эхо. — 1918. — №. — 30 мая. — С.
  • Судьба Белоруссии / А. Цвикевич // Белорусская земля. — 1918. — № 1. — 1 марта. — С.
  • Беларусь перад Генуэзкай конфэрэнцыяй / А. Ц. // Беларускі сьцяг. - 1922. - № 1. - С. 10 - 13.
  • Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі / А. Галынец // Беларускі сьцяг. - 1922. - № 2-3. - С. 1 - 7.
  • Незалежнасьць - як програма сёнешняга дня / А. Галынец // Беларускі сьцяг. - 1922. - № 4. - С. 1 - 6.
  • "Эўразійцы" (новыя шуканьня расійскай думкі) / А. Ц-ч // Беларускі сьцяг. - 1922. - № 4. - С. 38 - 44.
  • Политический очерк Западной Белоруссии / А.И. Цвикевич // Западная Белоруссия. Сборник статей: книга 1. - Минск: БГИ, 1927. - С. 3 - 43.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons