Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка
Alaksandar Justynijan Askierka. Аляксандар Юстыніян Аскерка.jpg
POL COA Oskierka.svg
Герб «Мурдэліа»
Паўстанцкі начальнік Вільні
1863 — 1863
Папярэднік: няма (пасада заснавана)
Пераемнік: Уладзіслаў Юліянавіч Малахоўскі
 
Веравызнанне: каталік
Нараджэнне: 1830({{padleft:1830|4|0}})
маёнтак Рудакоў, Рэчыцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Смерць: 1911({{padleft:1911|4|0}})
мястэчка Відзы Лаўчынскія, Нова-Аляксандраўскі павет, Ковенская губерня, Расійская імперыя
Род: Аскеркі
Бацька: Уладзіслаў Ігнатавіч Аскерка
Маці: Ядвіга Вінцэнтаўна Гечэвіч
Жонка: Тэадора (Тэадозія) Карлаўна-Рафалаўна Грабоўская
Дзеці: Ядвіга, Сафія (1873—1953), Марыя (1878—1961)

Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (польск.: Aleksander Oskierka, руск.: Александр Владиславович Оскерка), 1830, маёнтак Рудакоў Рэчыцкага павета, Мінская губерня, Расійская імперыя — 11(24).1.1911, мястэчка Відзы Лаўчынскія, Нова-Аляксандраўскі павет, Ковенская губерня, Расійская імперыя, — грамадскі дзеяч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў, публіцыст, выдавец. (Паводле іншых звестак нарадзіўся ў маёнтку Раеўшчына ў Вілейскім павеце).

У 1862 г. арганізаваў у Варшаве выданне беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў».

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да старажытнага каталіцкага шляхецкага роду Аскеркаў герба «Мурдэліа». Яго род некалькі пакаленняў адносіўся да рэгіянальнай эліты Мазырскага і Рэчыцкага паветаў ВКЛ. З'яўляўся праўнукам менскага кашталяна (1777—1779) графа Адама-Міхала Францавіча-Антоніевіча Ракіцкага, уласніка Брагіна.

Нарадзіўся ў сям'і Уладзіслава Ігнатавіча Аскеркі (1793—пасля 1844) і Ядвігі Вінцэнтаўны Гечэвіч (1805-?), якая была дачкой мінскага губернатара (1818—1831) Вінцэнта Янавіча Гечэвіча (1770—1840). Яго поўнае імя, дадзенае пры хросце, было Аляксандр-Юсцініян Уладзіслававіч Аскерка.

Бацька быў уласнікам маёнткаў Рудакоў у Рэчыцкім павеце і Раеўшчына ў Вілейскім павеце. З інвентарнага вопісу маёнтка Рудакоў, складзенага 1 лістапада 1844, вядома, што ён адносіўся да Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета і ўключаў вёску Рудня (13 сем'яў сялян). Вопіс быў складзены на валоданне маёнткам нашчадкамі маянткоўца — Сафіі, Генрыка (Генрыка-Юсціна), Аляксандра (Аляксандра-Юсцініяна) Уладзіслававічаў Аскеркаў. У іх уладанні былі занесены і фальваркі Мокіш (27 сем'яў) і Бабчын (40 сем'яў) у Рэчыцкім павеце, што былі іх спадчынай ад іх бабкі — графіні Ізабелы Адамаўны-Міхалаўны Ракіцкай, дачкі менскага кашталяна (1777—1779) графа Адама-Міхала Францавіча-Антоніевіча Ракіцкага. Усяго ў маёнтку ў 1844 лічылася 7 157 дзесяцін зямлі, 492 мужскіх і 466 жаночых душ. Акрамя таго ва Уладзіслава меўся яшчэ адзін сын Іпаліт-Эдмунд Уладзіслававіч Аскерка (1825—?), які, напэўна, памёр у маленстве, калі адсутнічаў у спісе спадчыннікаў.

Уладзіслаў Ігнатавіч Аскерка спачатку насіў тытул рэчыцкага падкаморыца, бо яго бацька Ігнат Ежавіч Аскерка (1758—1803), ажэнены з графіняй Ізабелай Ракіцкай, быў паслядоўна рэчыцкім гродскім суддзёй (1786—1793), рэчыцкім судовым падстаростам (1789—1795), рэчыцкім падстаростам (1797—1802), рэчыцкім павятовым падкаморым (1802—1803) і, паводле сведчання («крэдэнса») генерал-лейтэнанта і рэчыцкага судовага старосты графа Юзафа Міхалавіча Юдыцкага, яшчэ і шамбялянам (упам.1786) караля Станіслава-Аўгуста. Сам жа Уладзіслаў Ігнатавіч Аскерка ў расійскія часы быў выбраны на дваранскіх выбарах у Мінску на дваранскую пасаду засядацеля І-га дэпартамента Галоўнага Суда Мінскай губерні (упам.1817), а пазней выбіраўся на дваранскіх выбарах на пасаду рэчыцкага павятовага падкаморыя (упам.1829).

Адукацыя і служба[правіць | правіць зыходнік]

У юнацтве Аляксандр Аскерка вучыўся ў Вільні ў «прыватным пансіёне». Скончыў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт, а пасля гэтага ў 1853—1857 служыў у грэнадзёрскім палку імя (прускага) караля Фрыдрыха-Вільгельма, быў на варце балтыйскіх берагоў падчас Крымскай вайны (1853—1855). Звольніўся з вайсковай службы «па хваробе» у рангу паручніка і пасяліўся ў сваім спадчынным маёнтку Раеўшчына ў Вілейскім павеце (маёнтак Рудакоў у Рэчыцкім павеце пасля смерці бацькі па спадчыне перайшоў да старэйшага яго брата Генрыка Уладзіслававіча Аскеркі) і пачаў кар'еру грамадскага дзеяча.

Праца над сялянскай рэформай[правіць | правіць зыходнік]

Вылучаўся ліберальнымі поглядамі, падчас падрыхтоўкі сялянскай рэформы па адмене прыгону працаваў з 30 жніўня 1858 у Мінскім губернскім камітэце па сялянскіх справах (1858—1861) — быў не выбраны дваранамі ад павета, а прызначаны мінскім губернатарам (1858—1861) Эдуардам Келерам у камітэт (разам з маянткоўцам Мінскага павета графам Фларыянам Ржавускім) у ліку двух прадстаўнікоў ад губернскай улады. Браў удзел у працы рэдакцыйных камісій у Санкт-Пецярбургу, а з 1861 працягваў рыхтаваць умовы правядзення сялянскай рэформы ўжо ў Вільні — быў членам установы па сялянскіх справах. Як і многія дваране-маянткоўцы літоўска-беларускіх губерняў, якія распрацоўвалі праект сялянскай рэформы для цара, быў праціўнікам надзялення сялян зямлёй пасля адмены прыгону. У друку прапагандаваў ідэю земскага крэдыту. Быў супрацоўнікам Віленскай археалагічнай камісіі і камісіі, якая займалася апекаю над дзецьмі.

Удзел у паўстанні 1863—1864 гадоў[правіць | правіць зыходнік]

Напярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў увайшоў у склад групоўкі «белых» і стаў адным з яе актыўных кіраўнікоў у Літве і Беларусі. У газеце «Kurier Wileński» прапагандаваў неабходнасць стварэння сельскіх школ і бібліятэк для беларускага, польскага і літоўскага насельніцтва, якое пражывала ў Віленскай губерні. У 1862 г. арганізаваў у Варшаве выданне «тыражом кнігарні Цэльса Лявіцкага ў будынку Тэатра» у друкарні К. Кавалеўскага беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў». На 40 старонках брашуры змяшчаўся алфавіт, азы арыфметыкі і асноўныя рэлігійныя павучанні, сярод якіх: "Старайся, каб дзеткі твае вучыліся <...> чытаць і пісаць". Відавочна, пасля апублікавання Маніфесту 19 лютага 1861 аб адмене прыгону, каб забяспечыць эканамічныя інтарэсы шляхты ад яго стратных наступстваў, Аскерка стварыў і ўзначаліў Літоўскае земскае крэдытнае таварыства (ЛЗКТ). Меркавалася, што членамі яго стануць усе дваране-землеўладальнікі літоўска-беларускіх губерняў і такім чынам у рамках арганізацыі, непадкантрольнай дзяржаве, будуць аб'яднаныя землі і фінансы краіны. Гэта, побач з чаканым дыпламатычным ціскам з боку Велікабрытаніі і Францыі, быў адзін з тых мірных спосабаў дасягнення незалежнасці ад Расійскай імперыі, на якія спадзяваліся члены групоўкі «белых» у Літве і Беларусі.

Гісторык С.П. Марозаў падаў архіўныя звесткі, паводле якіх ЛЗКТ, магчыма, не ад самога заснавання, але было сапраўдным цэнтрам падрыхтоўкі паўстання, а ў выпадку яго перамогі стала б гатовым урадам для адноўленага Вялікага Княства Літоўскага [1]. Даследчык прывёў меркаванне нейкага чыноўніка з царскай адміністрацыі С. Крэйца, які ў другой палове 1860-х рыхтаваў да выдання выкрывальныя матэрыялы пра Аляксандра Аскерку: "если разобрать деятельность этого мирного революционера [Оскерки] и его намерения, они окажутся несравненно выше всех подвигов Сераковских, Звиждовских и Калиновских. Пресловутый воевода Сераковский просто приехал на готовое уже восстание, которого ни повести, ни поддержать не сумел. Калиновский <...> это был полусумасшедший человек, одарённый сильною волею, известной дозой ума и так называемой мужицкой хитростью <...>. Он стремился к осуществлению какой-то идеальной Литвы из простого народа <...>". Гэта ацэнка праціўніка.

А вось характарыстыка Якуба Гейштара (1827—1897), які быў знаёмы з Аскеркам з 1846 і моцна паўплываў на яго погляды. З урыўка становіцца зразумелым, чаму кандыдатура Аскеркі афіцыйна прапаноўвалася ў будучы Нацыянальны ўрад. "То быў чалавек замкнёны ў сабе, спакойны, халодны. Розум вялікі, погляд ясны, цвярозы, упартасць у працы непараўнальная, амбіцыя вялікая, але не кідкая, здольная вычэкваць, бо ўпэўненая ў сабе. Да апладысментаў не прагны, хоць імкнецца міжволі да прыцягнення на свой бок усіх, бо ніколі нікому востра не супярэчыў. Пачуццё моцнае, але ўмее падпарадкоўваць яго абавязку. Перад ніякай асабістай ахвярай не адступае, але халоднакроўна падпіша кожны прысуд. Пры тым, аднак, бракуе ініцыятывы, жыватворнага духу; натура болей пасіўная, але з уменнем прысвоіць чужую ідэю і лепей яе выканаць, чым тыя, хто яе падаў, бо крытычна яе ацэніць і настойліва давядзе да выканання. Меркаванне пра людзей і іх веданне даволі добрае, не спакушаецца бачнасцямі, пясцётнасцямі не забаўляецца, але ўмее быць добрым прыяцелям, мужам, бацькам і сынам. З яго пасіўным, чакальным характарам заўсёды і ўсюль можна быць карысным, але найменей у рашучыя хвіліны. У яго самастойныя погляды, у здольнасці вядзення самым чаго-небудзь не веру, але нават як міністр змог бы ўтрымацца і ні адну партыю супраць сябе канчаткова не настроіць… Ва Усолі [Аскерка] казаў, што ўдзелам у арганізацыі і паўстанні абавязаны мне. Але ні на хвіліну ён не вагаўся, не падманваўся, бачыў, што гэта не забаўка, дарога да смерці без розгаласу, без славы! У справе сялянскай быў прыхільнікам вызвалення з прыгону, у грамадзянскай сферы найлепшым працаўніком, чынным апекуном дзяцей [памерлага] Сыракомлі. Калі я поруч з іншымі, мажліва, быў жыватворным духам грамадзянскай арганізацыі, то ён быў галавой, якая ўпарадкоўвала, а ў значнай частцы рукой, якая найбольш працавала. Адмоўнай рысай у Аляксандры была заўжды тая залішняя пасіўнасць, спадзяванне на час. Ён і Францішак [Далеўскі] – то дзве скрайнасці. Францішак ні з чым не ішоў на кампраміс, Аляксандр ні з кім не ўспыляў". Той жа Якуб Гейштар заўважаў яшчэ, што Аскерка "доўгі час не быў для грамадства сімпатычны, пакуль шчырай працай, адданасцю справе не пераканаў усіх у сваёй высакароднай душы і вялікай карыснасці".

У канцы лютага 1863 увайшоў у склад паўстанцкага Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, дзе загадваў ваеннымі справамі і быў паўстанцкім начальнікам Вільні. Не падтрымліваў радыкальна-рэвалюцыйнай праграмы групоўкі «чырвоных». Лідар «чырвоных» Вінцэнт-Канстанцін Каліноўскі (1838—1864) некаторы час быў адным з яго памочнікаў, а пасля заняў яго месца. Аскерка быў арыштаваны 31 мая (12 чэрвеня) 1863 царскімі ўладамі. На допытах істотных паказанняў не даў. Быў прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ў 1863 пасля рэвізіі прысуду на 15 гадоў сібірскай катаргі з пазбаўленнем статуса двараніна ("прав состояния") і канфіскацыяй маёнтка. Быў адпраўлены да саляварняў Усолі ў Іркуцкай губерні.

Яго брат Генрык Уладзіслававіч Аскерка (1827—1866), паводле слоў Якуба Гейштара (1827—1897), выконваў функцыі паўстанчага начальніка Рэчыцкага павета, быў арыштаваны і знаходзіўся ў зняволенні ў Мінску ў гарадской турме («Пішчалаўскім замку»), але пазбег пакарання дзякуючы прыкрываючай пазіцыі падчас следства вязненага Баляслава Пятровіча Свіды (1822—1897), паўстанчага начальніка Рэчыцкага, Пінскага і Мазырскага паветаў. Але, верагодна, Генрых ніколі рэальна не прымаў функцый паўстанчага кіраўніка Рэчыцкага павета.

Жыццё ў сібірскай ссылцы[правіць | правіць зыходнік]

У сібірскую ссылку за Аляксандрам Аскеркам добраахвотна паехала яго нявеста Тэадора (Тэадозія) Карлаўна-Рафалаўна Грабоўская (заручаная з ім у час паўстання), дачка Касыльды Цяльшэўскай і пружанскага апеляцыйнага суддзі (1826), лідскага апеляцыйнага суддзі (1837) Караля-Рафала Феліцыянавіча Грабоўскага, уласніка маёнткаў Планты і Вялікага Мажэйкава. (Караль-Рафал Феліцыянавіч Грабоўскі быў сынам Феліцыяна Грабоўскага, пружанскага павятовага маршалка (1795—1798), далёкага сваяка Тадэуша Касцюшкі). Там жа ў Сібіры ва Усолі адбыўся іх шлюб. Сціплую цэрымонію каталіцкага абраду выканаў ксёндз-катаржнік. Тэадора мужна падзяляла з Аляксандрам лёс выгнання. Аскерка быў паважаным чалавекам і сярод зняволеных і пасяленцаў; абраны імі за старасту, усяляк дамагаўся паляпшэння ўмоў знаходжання людзей у месцах адбыцця пакарання. Царскім маніфестам катарга была заменена на пасяленне і Аскеркам з дзецьмі далі магчымасць перабрацца ў Іркуцк. У дарозе, аднак, здарылася бяда — памёр іх маленькі сын.

Вяртанне з Сібіры[правіць | правіць зыходнік]

Драўляная віла "Падгор'е" на рагу вуліц Гарматная Гара і Жаромскага ў Налэнчаве (Люблінскае ваяводства)

У 1868 Аскерку было дазволена вярнуцца ў еўрапейскую частку імперыі, але толькі не ў літоўска-беларускія губерні. Праз год сям'я дабралася да Салікамску ў Пермскай губерні, яшчэ праз два — да Екацярынаславу (сучасны Днепрапятроўск).

З 1872 Аляксандр Аскерка з жонкай і дачкой Ядвігай жыў у Варшаве, дзе пасля нарадзіліся яшчэ Сафія і Марыя. Рэдагаваў часопіс «Ateneum» і публікаваў артыкулы па сацыяльна-эканамічнай праблематыцы.

У 1882 купіў на імя жонкі пляц на паўднёвым адхоне вуліцы Гарматная Гара ў санаторна-курортным горадзе Налэнчаў і пабудаваў у 1882—1885 там драўляную вілу «Падгор'е» (Podgórze), у якой жыў улетку з сям'ёй, а таксама здаваў пакоі пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт Антон Адынец, які ў свае маладыя гады быў сябрам Адама Міцкевіча і Яна Чачота, і ветэраны паўстання 1863—1864 гадоў. У 1884 заўчасна памерла аслабленая сібірскімі выпрабаваннямі Тэадозія. Аскерка атрымаў дазвол ад варшаўскага генерал-губернатара на пераезд у родную краіну — у Вільню, дзе ў 1885—1904 служыў дырэктарам мясцовага філіяла Варшаўскага таварыства страхавання ад агню. У 1885 сваю драўляную вілу «Падгор'е» прадаў доктару Каралю Бену, які зрабіў там пансіянат, дзе адпачывалі ў свой час Баляслаў Прус, Антон Адынец, Генрык Сянкевіч, Ян Карловіч, Мечыслаў Карловіч і інш.[1]

Сафія Раствароўская (1873—1953), дачка Аляксандра Уладзіслававіча Аскеркі і жонка Тадэвуша Раствароўскага (1860—1928)

Паводле ўспамінаў свайго ўнука Андрэя Раствароўскага (1899—1980), сына сярэдняй дачкі Сафіі Аляксандраўны Аскеркі (1873—1953) і вядомага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага (1860—1928) (паводле яго праекту ў 1905–1906 у Рудакове пабудаваны сядзібны дом з чырвонай цэглы, рэшткі якога можна бачыць і сёння), у гэты перыяд дзед найчасцей гасцяваў у маёнтку Нароўля ў старэйшай дачкі Ядвігі Аляксандраўны з Аскеркаў Горват, жонкі Эдварда-Маўрыцыя Артуравіча Горвата (1866—1935), уласніка Нароўлі. Напэўна, Аляксандр Аскерка заязджаў і ў Рудакоў да пляменніцы Алены з Аскеркаў Ваньковіч, дачкі Генрыка Уладзіслававіча Аскеркі. Астатнія ж гады жыцця Аляксандр Аскерка правёў у малодшай дачкі — Марыі Аляксандраўны з Аскеркаў Мінейкі (1878—1961), жонкі Уладзіслава Мінейкі (1876—1953), у маёнтку Відзы Лаўчынскія ў Ковенскай губерні, што ў сучасным Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці Рэспублікі Беларусь. Памёр па афіцыйных дадзеных 11 (24) студзеня 1911, хоць паводле сведчанняў Андрэя Раствароўскага, памёр Аляксандр Аскерка на Вялікдзень (Пасху).

Пахаваны ў Вільні на могілках Роса. Як сведчылі сучаснікі, пахаванне Аляксандра Аскеркі, апошняга прадстаўніка былога паўстанцкага ўрада, нягледзячы на паліцэйскі і ваенны кардон, ператварылася ў вялікую патрыятычную маніфестацыю грамадскасці Вільні.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor ; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. “Kurjer Litewski”, 1913. — T. 1. — 422 s.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor ; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. “Kurjer Litewski”, 1913. — T. 2. — 384 s.
  • Beynar, L. Działalność Aleksandra Oskierki w Wilnie w latach 1861—1863 / L. Beynar // Księga pamiątkowa koła historyków słuchaczy uniwersytetu Stefana Batorego w Wilnie, 1923—1933. — Wilno, 1933;
  • Kosman, M. Dalewski i Oskierka bojownicy o sprawę narodową // Ciechanowicz J., Kosman B., Kosman M. Na wileńskiej Rossie. — Poznań, 1990;
  • Kieniewicz, S. Oskierka Aleksander / S. Kieniewicz // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław etc. : Ossolineum, 1979. — T. XXIV/2. Zesz. 101 : Orlikowski Stanisław — Ossoliński Józef. — S. 355—356.
  • Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001. — 504 s.
  • Аляксандр Юстыніян Аскерка (1830—1911) // Моя Хойникщина [Электронны рэсурс]. — [2].
  • Виноградов, Д. Хойникщина: Легенды, события, люди / Д. Виноградов. — Минск : Літаратура і мастацтва, 2010.
  • МАБ;
  • АЗБ;
  • ЭГБ, т. 1.