Аляксандр Дамінікавіч Лапа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Дамінікавіч Лапа
Герб «Любіч»
Герб «Любіч»
Бабруйскі павятовы маршалак
1844 — 1859
Папярэднік Юзаф Габрыэлевіч Булгак
Пераемнік Адам Тадэушавіч Ратынскі
Мінскі губернскі маршалак
1859 — 1863
Папярэднік Людвік Антонавіч Слатвінскі
Пераемнік Яўстах Станіслававіч Прушынскі

Нараджэнне 1802(1802)
Смерць 1869(1869)
Расійская імперыя
Род Лапы
Бацька Дамінік (Даміян) Лапа, старадубскі земскі рэгент, паручнік расійскіх войск
Маці Шульц
Жонка Антаніна Комар
Дзеці

Дамінік-Леў (нар.28.06.1831), Міхал (нар.14.12.1833), Антоній-Юзафат (нар.26.09.1841), Баляслаў-Гілярый (нар.23.10.1843), Вацлаў (нар.12.07.1846), Анэля (нар.25.04.1838), Аляксандра, Мальвіна (нар.23.04.1830),

Марыя (Марыяна)
Веравызнанне каталік
Адукацыя
Аўтограф Выява аўтографа
Узнагароды
ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені ордэн Святога Станіслава 3 ступені
Медаль «У памяць вайны 1853—1856»
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксандр Дамінікавіч Лапа (польск.: Aleksander Łappa, руск.: Александр Доминикович Лаппа), 1802—1869, — грамадскі дзеяч, буйны землеўласнік на Беларусі, бабруйскі павятовы маршалак (1844—1859), мінскі губернскі маршалак (1859—1863), калежскі асэсар.

Паходжанне і сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да сярэднезаможнага маянтковага каталіцкага шляхецкага роду Лапаў гербу «Любіч».

Аляксандр Дамінікавіч Лапа нарадзіўся ў спадчынным маёнтку Рудабелка ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні ў каталіцкай шляхецкай сям'і Дамініка (Даміяна) Лапы, старадубскага земскага рэгента (упам. у 1784 г.), і шляхцянкі Шульц. Яго поўнае каталіцкае імя, дадзенае пры хросце, было Аляксандр-Дыянізій Дамінікавіч Лапа. Бацька Дамінік у расійскія часы служыў у расійскім войску ў драгунскім палку, з чынам паручніка пайшоў у адстаўку і асеў у сваім маёнтку Рудабелка (вёскі Рудабелка і Карпілоўка), дзе ў 1814 г. налічвалася 447 рэвізскіх душ, пачаў займацца добраўпарадкаваннем маёнтка і жыць размераным вясковым жыццём.

Аляксандр Лапа ажаніўся з Антанінай Комар, ад якой меў дзевяць дзяцей: 1) Дамінік-Леў (нар.28.06.1831), 2) Міхал (нар.14.12.1833), 3) Антоній-Юзафат (нар.26.09.1841), 4) Баляслаў-Гілярый (нар.23.10.1843), 5) Вацлаў (нар.12.07.1846), 6) Анэля (нар.25.04.1838), 7) Аляксандра, 8) Мальвіна (нар.23.04.1830), 9) Марыя (Марыяна).

Старшым братам Аляксандра быў Міхал (Юзаф-Мацей-Міхал) Дамінікавіч Лапа (1798—1840), які служыў пры імператары ў Пецяргофе (Санкт-Пецярбургская губерня) паручнікам лейб-гвардыі Ізмайлаўскага палку і стаў дзекабрыстам. Міхал прысутнічаў на таемным сходзе ў Рылеева і Абаленскага напярэдадні паўстання на Сенацкай плошчы 14 снежня 1825 г. (ст.ст.). За ўдзел у таемным таварыстве і пратэсту супраць прыняцця прысягі расійскаму імператару Мікалаю І Міхал быў асуджаны і высланы на Каўказ. Пасля даравання ад Мікалая І ў 1835 г. толькі ў 1840 г. вярнуўся дамоў і пасяліўся ў вёсцы Александрыя, якая ўваходзіла ў склад маёнтка Рудабелка яго брата Аляксандра, і неўзабаве памёр[1].

Сястра Гелена Дамінікаўна Лапа пайшла за маянткоўца Бабруйскага павета Адама Ігнатавіча Быкоўскага (нар. у 1805 г.), які ў 1841 г. быў выбраны павятовымі дваранамі на пасаду дэпутата па нагляду за правільным продажам гарачых напояў у Бабруйскім павеце.

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Аляксандр Лапа вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Магілёве, а пасля ў нямецкім пансіянаце пастара Коленса ў Санкт-Пецярбуругу. Пазней быў студэнтам універсітэта ў Дэрпце (Ліфляндская губерня), дзе вывучаў прыродазнаўства.

Маёнтак і службовая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Чатыры разы бабруйскае дваранства выбірала Аляксандра Лапу бабруйскім павятовым маршалкам (1844—1859), а пасля гэтага губернскае дваранства выбрала прыкметнага маршалка і гаспадарлівага маянткоўца і мінскім губернскім маршалкам (1859—1863), апошнім з выбару дваранства. (Пазней, з 1862—1863 гг., губернскія маршалкі ў «заходніх губернях» прызначаліся міністрам унутраных спраў Расійскай імперыі без выбару дваранамі губерні).

У вачах дваранства Мінскай губерні Лапа лічыўся ўзорным маянткоўцам, прыбытковая гаспадарка якога вызначалася прагрэсіўным і гуманістычным ладам жыцця. У сваім маёнтку Рудабелка Аляксандр Лапа сабраў добрую бібліятэку, якой мог карыстацца любы жадаючы, у тым ліку і селянін. Яго сяляне былі дастаткова забяспечаны зямлёй: дзесяціна пад дом і агароды плюс на кожнага работніка ў сям'і — 6 дзесяцін пашні і 3 — сенакосаў. Прыгонныя працавалі на пана 3 дні ў тыдзень летам і 2 дні зімой. Ім не забаранялася рыбачыць, паляваць і збіраць грыбы ў панскіх валоданнях, карыстацца лесам для будаўніцтва хат і іншага. Для пастарэлых сялян Аляксандр стварыў дамы дабрачыннасці. Шляхі і масты ў маёнтках Лапы былі ў выдатным стане. У панскім двары меліся 2 вінакурныя заводы, карчма, 5 малацільных машын, вадзяныя млыны, крупарушка і сукнавальня. Ва ўсіх адносінах гэта была заможная і квітнеючая гаспадарка.

І не дарма Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808—1884) менавіта Аляксандру Дамінкавічу Лапе, выбранаму дваранствам з павагі на пасаду бабруйскага павятовага маршалка (1844—1859), з якім даўно сябраваў і ў якога любіў гасцяваць у маёнтках Рудабелка і Александрыя, прысвяціў сваю народную аповесць «Купала» (1855), напісаўшы ў прадмове такое: «Яснавяльможны пан! Кожнае божае стварэнне прывязваецца да роднага кута, у якім, выходзячы з мацярынскага лона, выдала першыя гукі, у якім, падтрыманае чулымі, клапатлівымі рукамі бацькоў, ставіла першыя крокі. Таму я, выхаванец Бабруйскага павета, ужо ў пазнейшыя часы, неаднаразова наведваючы зямлю бацькоў, з цікавасцю прыглядаўся да быту сялян, якія насялялі бабруйскія нівы. У тых вандроўках, праязджаючы праз вашы маёнткі, вока маё не раз з асалодай спачывала на дагледжаных гаспадарчых пабудовах руплівага народа. Радасцю поўнілася сэрдца, калі ўбачыў там усялякі дастатак, які сведчыў пра заможнасць жыхароў. У той час усхвалявана ўскрыкнуў: "Бог жыве з тымі людзьмі! Не панская тут, але бацькоўская кіруе рука!" Каму ж тады, уласна, магу прысвяціць гэту працу, як не апекуну слабых, як не бацьку сялян? І палічу за гонар, калі яго шаноўнае прозвішча ўпрыгожыць гэту працу».

У 1862 г., пасля адмены прыгона, у Рудабелцы і Касарычах за Лапам лічылася 775 душ былых прыгонных, а ва ўсіх яго маёнтках разам 1 722 душы часова абавязаных сялян.

Справа з «мінскім пратаколам» (1862)[правіць | правіць зыходнік]

Напярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў у патрыятычных мэтах разгарнуў актыўную дзейнасць, жадаючы дабіцца ад расійскіх улад злучэння Мінскай губерні (а разам з ёй і іншых «паўночна-заходніх губерняў») з польскімі губернямі ў рамках Расійскай імперыі ў нейкую асобную аўтаномію (якая б ахоплівала тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай да першага падзелу ў 1772 г.) і аднаўлення дзейнасці ўніверсітэта ў Вільні (ці ў іншым месцы Беларусі). 17 лістапада 1862 г. у Мінску губернскі дваранскі сход на чале з Лапам меў намер прадставіць на імя расійскага імператара Аляксандра II афіцыйны адрас (зварот), у якім мовілася б аб неабходнасці злучыць Мінскую губерню з польскімі губернямі. Планавалася прадставіць такія ж адрасы ад усіх губернскіх дваранскіх суполак краіны. Віленскі ваенны генерал-губернатар (1855—1863) Уладзімір Іванавіч Назімаў забараніў падачу адрасу, але мінскія дваране ўнеслі яго тэкст у пратакол пасяджэння губернскага дваранскага сходу, які падпісалі 255 чалавек — першым падпісаўся мінскі губернскі прадвадзіцель дваранства Аляксандр Лапа; а таксама падпісалі слуцкі павятовы маршалак Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч (1804—1878), дзяцька вядомага Эдварда Вайніловіча, віцэ-старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, і інш. Генерал-губернатар вымушаны быў распусціць дваранскі сход. Усе дакументы, якія тычыліся тых падзей, былі 21 студзеня 1864 г. выняты па загаду мінскага часовага ваеннага губернатара (1863—1864) Васіля Забалоцкага з канцылярый мінскага губернскага маршалка і Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу.

Ссылка і амністыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1863 г. калежскі асэсар Аляксандр Лапа быў высланы па загаду новага віленскага ваеннага генерал-губернатара (1863—1865) Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва (1796—1866) у Пермскую губерню за дапушчэнне падпісання «мінскага пратаколу». Маёнтак Рудабелка падпаў пад прымусовы продаж з-за асуджэння гаспадара на высылку, набыў яго ў 1867 барон А.Я. Урангель, які, у сваю чаргу, у 1874 г. прадаў Рудабелку генерал-маёру О.Ф. Ліліенфельду. З 1880-х гг. Рудабелка належала рускім памешчыкам Яхантавым, з 1907 г. — Іваненку (зяцю Каткова).

У 1868 г., пасля ўрадавай аміністыі, Аляксандру Лапе было дазволена ўладамі пражываць у Крэменчугу Палтаўскай губерні, дзе ён намерыўся заняцца гандлем дрэвам.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Смирнов, А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии / А.Ф. Смирнов. — М. : АН СССР, 1963. — 392 с.
  • Лазутка, С.А. Революционная ситуация в Литве, 1859—1862 / С.А. Лазутка. — М. : Высшая школа, 1961. — 260 с.
  • Раюк, А.Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863–1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
  • Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — № 1. — С. 58—63.
  • Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1964. — 707 с.
  • Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1965. — 586 с.
  • Дунін-Марцінкевіч, В. Купала // Выбраныя творы. — Мінск : Маст. літ., 2001.
  • Якушина, А. Меж двух крестов, или История жизни одного шляхтича(недаступная спасылка)
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 1. — 422 s.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 2. — 384 s.