Аляксандр Ануфрыевіч Шлюбскі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
(Пасля перасылкі з Аляксандр Шлюбскі)
Перайсці да: рух, знайсці

Аляксандр Ануфрыевіч ШЛЮБСКІ (16 чэрвеня 1897, в. Межава, цяпер Расонскі раён Віцебскай вобл. — 1941?; Псеўданімы: Алеся Гаротная, Звястун, А.Зніч, Казальнік, Этнограф. Крыптанімы: А., А. Г., А. Ш., Ал. Ш., Ал. Ш-скі.) — беларускі этнограф, фалькларыст, бібліёграф, літаратуразнаўца.

[правіць] Біяграфія

У 1922 г. скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1918—23 г. удзельнічаў у арганізацыі архіваў у Веліжы, Віцебску, Оршы, Полацку. 3 1923 г. працаваў у Інбелкульце, у 1929—30 г. у Інстытуце гісторыі АН БССР. Друкаваўся ў часопісах «Наш край», «Полымя», «Маладняк», у газеце «Савецкая Беларусь». Склаў разгорнутую інструкцыю «Звесткі па збіранні вуснай народнай творчасці ў Беларусі» (1919). Выступаў з артыкуламі пра культурна-асветнае жыццё Віцебшчыны, Мінска, пра падзеі грамадзянскай вайны на Беларусі, пра гісторыю беларускай літаратуры, перыядычнага друку: «Канфіскацыя твораў Дуніна-Марцінкевіча» (1923), «Да гісторыі канфіскацыі «Нашай нівы» (1925), «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага» (1926). Даследаваў старажытныя вераванні, матэрыяльную культуру беларусаў. Аўтар нарысаў-партрэтаў Е. Раманава, М. Нікіфароўскага, 3. Бядулі, У. Дабравольскага.

У творчай дзейнасці вучонага ёсць дзве фундаментальныя працы, якія не страцілі свайго значэння і сёння. Першая — грунтоўны бібліяграфічны даведнік «Матэрыялы да беларускае бібліяграфіі» (т. 4. Этнаграфія. 1927). У ёй сабраны, пазначаны, сістэматызаваны велізарны матэрыял — усё, што пісалася, публікавалася пра духоўную і матэрыяльную культуру беларусаў у рускай і польскай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, перыядычных выданнях, назапашвалася ў архіўных сховішчах. Прадоўжыць гэту працу Шлюбскага, нягледзячы на неаднаразовыя спробы вучоных, не ўдалося. Другая грунтоўная праца А. Шлюбскага (яна найбольш ацэньваецца фалькларыстамі) — яго «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» (ч. 1-2, 1927-28). Першапачатковая аўтарская назва збору «Крывічы». Збор змяшчае каляндарную і сямейна-абрадавую творчасць Віцебшчыны як этнаграфічнага рэгіёна. Кожнаму апублікаванаму цыклу Шлюбскі перадпаслаў бібліяграфію ўжо сабраных народна-паэтычных твораў, прадмову, у якой улічаны абрадавыя аспекты рэгіянальнага фальклору. Запісы зроблены і пададзены з улікам дыялектных асаблівасцей мовы ўсяго Падзвіння.

Арыштаваны ДПУ БССР 3.4.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; паводле пастановы Калегіі АДПУ ад 10.4.1931 высланы тэрмінам на 5 гадоў у Ніжні Ноўгарад (па гэтай справе рэабілітаваны 19.9.1960). Паўторна арыштаваны ў чэрвені 1935 УНКВД па Ленінградскай вобл. Асобай нарадай пры НКУС СССР 16.11.1935 прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі. Далейшы лёс невядомы. У 1990 пракуратура Ленінграда адмовіла ў рэабілітацыі па гэтай справе. Групавая справа А. Шлюбскага і інш. № 20951-с захоў­ваецца ў архіве КДБ Беларусі. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей.

[правіць] Творы

  • Сведения по собиранию устного народного творчества в Белоруссии. Велиж, 1919;
  • Паны і сяляне ў першай палове ХІХ стагоддзя. Мн., 1924;
  • Бядуля як этнограф. Мн., 1925;
  • Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і былога Вялікага княства Літоўскага. Коўна, 1925;
  • Крашаніна (набіванка). Віцебск, 1925;
  • Гісторыка-этнаграфічныя нататкі. Мн., 1928;
  • Набойка. Мн., 1928;
  • Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны (1927—1928);
  • Этнаграфічная дзейнасць Е. Р. Раманава. Мн., 1928

і інш.

[правіць] Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мінск: БелЭн, 2003. — Т. 15. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 5. Скамарохі — Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш — Мінск: БелСЭ ім. П. Броўкі, 1987. — Т. 5. — 703 с. — 10 000 экз.
  • Шлюбскі Аляксандр Ануфрыевіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя: у 12 т. / рэдкал.: П.У. Броўка і інш. – Мн., 1974. – Т. 11. - С. 339.
  • Этнограф, фалькларыст, бібліёграф // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / гал. рэд. Б.І. Сачанка [і інш.]. – Мн. - Віцебск, 1994. – С. 84-85.
  • ШЛЮБСКІ Аляксандр Ануфрыевіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • ШЛЮБСКІ Аляксандр Ануфрыевіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.3. Кн.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах