Аляксей Мікалаевіч Хвастоў
Аляксей Мікалаевіч Хвастоў (руск.: Алексе́й Никола́евич Хвосто́в) (1 (12) чэрвеня 1871—5 верасня 1918), дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі, міністр унутраных спраў (1915—1916).
Дваранін. Буйны землеўласнік Валагоцкай, Варонежскай, Арлоўскай і Тульскай губерніяў. У 1893 скончыў Імператарскі Аляксандраўскі ліцэй з срэбным медалём. Працаваў службоўцам у розных дэпартаментах Сената. З 1898 — намеснік пракурора Цвярскога акруговага суду. З 1900 — намеснік пракурора Маскоўскага акруговага суду. З сакавіка 1904 мінскі, з кастрычніка 1904 — тульскі віцэ-губернатар. З 2 чэрвеня 1906 па 1910 – валагоцкі губернатар. З 23 жніўня па 1912 – ніжагародскі губернатар, пакінуў свой пост у сувязі з абраннем у Дзяржаўную Думу ад Арлоўскай губерніі. Старшыня фракцыі правых у 4-й Дзяржаўнай думе, пазней — міністр унутраных спраў Расіі з 26 верасня 1915 па 3 сакавіка 1916. Падчас лютаўскай рэвалюцыі арыштаваны, пасажаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дапытваўся Надзвычайнай следчай камісіяй часовага ўрада, абвінавачваўся ў растраце казённых грошай. Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі быў пакінуты ў зняволенні, у жніўні 1918 быў перавезены ў Маскву. Расстраляны падчас Чырвонага тэрору разам з групай святароў і правых палітыкаў (еп. Яфрэм Кузняцоў, прот. І. І. Васторгаў, М. А. Маклакоў, І. Г. Шчэглавітаў, З. П. Белецкі і інш.).