Алімпіяда Эпірская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алімпіяда Эпірская
стар.-грэч.: Ὀλυμπιάς
Нараджэнне каля 375 да н.э.
Смерць 316 да н.э.
Род Спіс кіраўнікоў Старажытнага Эпіра[d]
Бацька Неапталем I[2]
Муж Філіп II Македонскі[2]
Дзеці Аляксандр Македонскі[2][3] і Клеапатра[d][2]
Дзейнасць палітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Алімпіяда (грэч. Ὀλυμπιάς, лац.: Olympias, каля 375 — 316 г. да н.э.) — эпірская і македонская царыца, жонка македонскага цара Філіпа II і маці Аляксандра Македонскага.

Пасля смерці сына Алімпіяда захапіла ўладу ў Македонію ў 317 да н.э. і стала валадарыць ад імя свайго ўнука Аляксандра IV, сына Аляксандра Вялікага. Аднак на наступны год была зрынута дыядохам Касандрам і пакарана смерцю.

Македонская царыца[правіць | правіць зыходнік]

Алімпіяда была дачкой эпірскага цара Неапталема I, які лічыў сябе нашчадкам паўміфічнага Ахіла. Народжаная з імем Паліксена, яна ў дзявоцтве насіла імя Міртала, а пасля вяселля Філіп даў ёй імя Алімпіяда, у гонар спартыўнага спаборніцтва; у канцы жыцця яна зноў змяніла імя на Стратаніку.[4]

Спакушэнне Алімпіяды Зеўсам. Фрэска палацца дэль Тэ, Дж. Рамана, каля 1530

Паводле слоў Плутарха, Філіп II упершыню сустрэў Алімпіяду на востраве Самафракія, дзе іх абодвух прысвячалі ў містэрыі. Неапталем валадарыў нядоўга, на эпірскі прастол узыйшоў яго брат Арыба, які і выдаў у 359 да н.э. пляменніцу Алімпіяду за Філіпа. У 356 да н.э. у іх нарадзіўся сын Аляксандр, які стаў пазней Аляксандрам Вялікім, а потым і дачка Клеапатра. Існавала легенда, быццам бацькам Аляксандра быў не Філіп, якога адштурхвала любоў Алімпіяды да змей, а Зеўс, які авалодаў Алімпіядай падчас навальніцы. Сам Аляксандр падтрымліваў існаванне гэтай легенды ў палітычных мэтах, але лічыў сваім бацькам менавіта Філіпа.

Зменлівасць Філіпа і раўнівасць Алімпіяды прывялі да ахаладжэння іх пачуццяў, пераломным момантам стала жаніцьба ў 337 да н.э. Філіпа на юнай македонскай арыстакратцы Клеапатры. Філіп і раней браў іншых жонак, але тыя ў сілу свайго сацыяльнага статусу не маглі паўплываць на становішча ўладалюбівай эпірскай царэўны. Алімпіяда з'ехала на радзіму ў Эпір. Праз год Філіп быў забіты, і яна вярнулася ў Македонію, дзе ў адсутнасць цара Аляксандра, яе сына, жорстка расправілася з суперніцай Клеапатрай і яе нованароджанай дачкой.

Падчас паходаў Аляксандра Алімпіяда ўвесь час пісала яму і, маючы вялікі аўтарытэт у вачах сына, ачарняла людзей яго асяроддзя, у тым ліку македонскага намесніка Антыпатра. Аднак Аляксандр не дазваляў маці ўплываць на дзяржаўныя справы.

Яшчэ да смерці Аляксандра Алімпіяда з'ехала ў Эпір у 324 да н.э. (або раней) з-за сварак з Антыпатрам, дзе яна адчула сябе поўнаўладнай царыцай і адкуль выцесніла дачку Клеапатру, удаву загінулага эпірскага цара Аляксандра Малоскага.

Барацьба за македонскі трон[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Аляксандра ў 323 да н.э. Македонія засталася за Антыпатрам. Алімпіяда кіравала ў Эпіры, пакуль яе ўнук Неапталем ад дачкі Клеапатры, законны спадчыннік эпірскага царства, падрастаў.

У пошуках падтрымкі іншаму свайму ўнуку, Аляксандру IV, абвешчанаму намінальна царом Македоніі нароўні з Філіпам Арыдэем адразу пасля нараджэння (праз месяц пасля смерці Аляксандра Вялікага), яна заключыла саюз з Палісперханам, які павінен быў стаць пераемнікам памерлага ў 319 да н.э. Антыпатра. У Македонію тым часам кіравала Эўрыдзіка, жонка недзеяздольнага Філіпа Арыдэя.

Палісперхан уграз у барацьбе за рэгенцтва з сынам Антыпатра Касандрам і бег у Эпір.

З эпірскім войскам і Палісперханам Алімпіяда ўварвалася ў Македонію ў 317 да н.э., у той час як Касандр з арміяй аблажыў Афіны. Македонскія воіны пры відзе Алімпіяды і яе ўнука, сына Аляксандра Вялікага, адмовіліся падпарадкоўвацца Эўрыдзіцы, жонцы Філіпа Арыдэя і без бою перайшлі на бок Алімпіяды. Неўзабаве намінальны цар Філіп Арыдэй і яго жонка Эўрыдзіка, якая мела рэальную ўладу, былі схоплены і кінуты ў вязніцу. Македаняне прызналі права Алімпіяды валадарыць ад імя ўнука, і кароткі час яна неабмежавана кіравала ў Македонію. У імкненні расправіцца з прыхільнікамі Касандра яна пакарала смерцю яго брата і каля сотні іншых знатных македанян. Як заўважыў Юстын: «Тым, што яна ўчыніла вялікую разню знатных людзей па ўсёй краіне, нібы толькі раз'юшаная жанчына, а не царыца, яна абараціла адданасць народа ў нянавісць»[5]. Па яе загадзе верныя фракійцы закалолі суперніка яе ўнука, цара Філіпа Арыдэя, і прымусілі яго жонку Эўрыдзіку павесіцца.[6]

Паражэнне[правіць | правіць зыходнік]

Пра паражэнне і пакаранне Алімпіяды найбольш падрабязна распавядае Дыядор Сіцылійскі.[7]

Касандр паспяшаўся вярнуцца з Пелапанеса і аблажыў Підну, дзе схавалася Алімпіяда. Палісперхан, зампёрты ў заходняй Грэцыі военачальнікам Касандра Каласам, выслаў за Алімпіядай невялікі паруснік, а таксама адправіў ганца з лістом да яе, прызываючы бегчы на гэтым парусніку.[8] Аднак Касандр даведаўся пра змест ліста і перахапіў паруснік. Алімпіяда беспаспяхова чакала ў прызначаным месцы абяцанага выратавання.

Аблога Підны зацягнулася. У крэпасці Алімпіяда мела верных ёй салдат, было нават некалькі баявых сланоў. На дапамогу сваячцы выйшаў эпірскі цар Эакід, аднак военачальнік Касандра перагарадзіў горныя праходы і ўтрымаў войска Эакіда ад далейшага прасоўвання. Пакуль Эакід знаходзіўся ў бяздзейнасці, яго падданыя ў Эпіры збунтаваліся і зрынулі свайго цара, што адбылося ўпершыню ў гісторыі Эпіра. Касандр паслаў у Эпір военачальніка Лікіска ў якасці рэгента. Іншы генерал Касандра Калас здолеў падкупіць салдатаў Палісперхана, так што той застаўся без арміі. У крэпасці Підны ўсе сланы і большая частка коней загінулі, пачалі паміраць ад голаду і людзі. Сярод абложаных было заўважана нават людаедства. Шмат салдатаў выйшла з Підны да Касандра, які ахвотна іх прымаў. На бок Касандра сталі пераходзіць македонскія гарнізоны і ў іншых гарадах, за выключэннем Пелы і Амфіпаля.

Страціўшы надзею на выратаванне, Алімпіяда здалася Касандру на ўмовах сваёй асабістай бяспекі ўвесну 316 да н.э., вырашыўшы, што Палісперхан здрадзіў. Па яе распараджэнні верны ёй Арыстон, начальнік гарнізона ў Амфіпалі, спыніў супраціўленне Касандру, хоць да таго атрымліваў перамогі ў сутычках з яго атрадамі. Арыстону абяцалі захаваць жыццё, але, асцерагаючыся яго папулярнасці, Касандр загадаў забіць военачальніка.

Смерць Алімпіяды[правіць | правіць зыходнік]

Алімпіядзе абяцалі захаваць жыццё, аднак пазней прыцягнулі яе да суда за кроў, разлітую ёю за час кіравання. У народным сходзе яе завочна прысудзілі да смерці. Дыядор Сіцылійскі паведамляе, што Касандр прапанаваў Алімпіядзе бегчы ў Афіны, абяцаючы карабель. Новы кіраўнік Македоніі баяўся быць абвінавачаным у смерці маці Аляксандра Вялікага. Алімпіяда адмовілася, аддаўшы перавагу адкрытаму суду перад македонскім народам.

Ведаючы зменлівасць настрояў македанян, Касандр не жадаў дапусціць новага суда. Ён паслаў 200 спецыяльна падабраных салдатаў з загадам забіць Алімпіяду. Салдаты ўварваліся да яе ў дом, але, убачыўшы яе ў царскім уборы, не вырашыліся падняць руку на маці Аляксандра Македонскага. Алімпіяду закідалі камянямі сваякі пакараных ёю людзей.[9] Па загадзе Касандра, які страціў брата і шматлікіх сяброў за год кіравання Алімпіяды, ёй было адмоўлена ў пахаванні.

Паводле слоў Дыядора:

«Такім быў канец Алімпіяды, якая набыла найвышэйшую годнасць для жанчыны свайго часу, быўшы дачкой Неапталема, цара Эпіра, сястрой Аляксандра [эпірскага цара], які здзяйсніў паход у Італію, а таксама жонкай Філіпа, самага магутнага сярод тых, хто кіраваў у Еўропе, і маці Аляксандра, чые дзеянні былі найвялікшыя і найбольш слаўныя.»[10]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. https://gr.euronews.com/2014/11/18/i-tryliki-olympiada-megas-alexandros-passarwna-molosson
  2. а б в г Любкер Ф. Olympias // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 950–951.
  3. Александр Великий // Военная энциклопедияСПб.: Иван Дмитриевич Сытин, 1911. — Т. 1. — С. 284–291.
  4. Плутарх, «Аб тым, што піфія не гаворыць..»
  5. Юстын, 14.6
  6. Дыядор, 19.11
  7. Дыядор, 19.35-36, 19.49-51
  8. Паліен, 4.11.3
  9. Паўсаній, 9.7
  10. Дыядор, 19.51

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]