Андрэй Грамыка
Андрэ́й Андрэ́евіч ГРАМЫ́КА (5(18) ліпеня 1909, в. Старыя Грамыкі, Свяцілавіцкі сельсавет, Веткаўскі раён, Гомельская вобласць — 2 ліпеня 1989) — савецкі дзяржаўны дзеяч і дыпламат, старшыня Прэзыдыума Вярхоўнага Савета СССР (1985—1988).
У 1944 г. узначальваў дэлегацыю СССР на канферэнцыі ў Думбартан-Оксе (ЗША) па стварэнні ААН, падпісаў Статут ААН.
Змест |
[правіць] Пачатак біяграфіі
Паходзіў з шляхецкага роду, большая частка якога ў часы Расійскай імперыі была пераведзена ў падатныя станы. У афіцыйных біяграфіях пазначалася сялянскае паходжанне і тое, што яго бацька быў селянінам, працаваў на заводзе. З 13 гадоў Андрэй хадзіў з бацькам на заробкі, часцей на нарыхтоўку і сплаў лесу. Пасля заканчэння 7-гадовай школы працягнуў адукацыю ў прафесійным тэхнічным вучылішчы і тэхнікуме ў Гомелі, затым — у Старабарысаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме (в. Старабарысаў Барысаўскага раёна Мінскай вобласці)[1].
У 1932 закончыў Мінскі сельскагаспадарчы інстытут, паступіў у аспірантуру.
У 1931 годзе ажаніўся, у 1932 нарадзіўся сын Анатоль, будучы вучоны-афрыканіст.
[правіць] Навуковая дзейнасць
У 1934 годзе групу аспірантаў, сярод якіх быў і Грамыка, перавялі ў Маскву, ва Усесаюзны навукова-даследчы інстытут эканомікі сельскай гаспадаркі. Пасля абароны ў 1936 годзе дысертацыі кандыдата навук па праблемах эканомікі сельскай гаспадаркі Грамыка стаў старэйшым навуковым супрацоўнікам, а потым — вучоным сакратаром Інстытута эканомікі Акадэміі навук СССР.
[правіць] Дыпламатычная дзейнасць
[правіць] Пасол
У 1939 годзе быў прыняты на службу ў Народны Камісарыят Замежных спраў СССР, на пасаду кіраўніка аддзелу краін Амерыкі. У кастрычніку 1939 году накіраваны ў сталае прадстаўніцтва СССР у ЗША, саветнікам.
У жніўні 1943 года 34-гадовы Грамыка зрабіўся паслом СССР у Вашынгтоне; адначасова — пасланнік СССР на Кубе. Удзельнічаў у падрыхтоўцы канферэнцый у Ялце, Патсдаме, Думбартан-Оксе і Сан-Францыска, што зрабіла яго прыўчасным да фармавання пасляваеннай геапалітыкі.
У 1946—1948 Грамыка — першы прадстаўнік СССР у ААН і адначасова намеснік міністра замежных спраў СССР, у 1949—1952 і з сакавіка 1953 да лютага 1957 — першы намеснік міністра замежных спраў СССР. У 1952—1953 — пасол СССР у Вялікабрытаніі.
Доктар эканамічных навук (1956).
У жніўні 1947 года часопіс «Time» пісаў: «Як сталы прадстаўнік Савецкага Саюза ў савеце Бяспекі ААН, Грамыка робіць сваю работу на ўзроўні найвышэйшай кампетэнтнасці». На Захадзе Грамыка атрымаў мянушку «Mr. Nyet» (Містэр «Не») за своеасаблівы стыль вядзення перамоў.
Быў удзельнікам, а потым — кіраўніком дэлегацыі на 22 сесіях Генеральнай Асамблеі ААН.
[правіць] Міністр
15 лютага 1957 года быў прызначаны на пасаду міністра замежных спраў СССР, на якой служыў 28 гадоў — да 2 ліпеня 1985. На час яго службы трапілі самыя напружаныя часы «Халоднай вайны» — у прыватнасці, Грамыка вёў савецка-амерыканскія перамовы падчас Карыбскае крызіса. Адначасова з 24 сакавіка 1983 па 2 ліпеня 1985 — 1-ы намеснік Старшыні Савета Міністраў СССР.
Працаваў над дагаворам аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, касмічнай прасторы і пад вадой, што быў падпісаны ў 1963 годзе, над актам аб ненападзе з Заходняю Германіяй і 4-баковым пагадненнем аб Заходнім Берліне.
Поспехам Грамыкі як дыпламата было перадухіленне вайны паміж Індыяй і Пакістанам ў 1966 годзе з-за канфлікту вакол Кашміру. Заслугамі Грамыкі ў вялікай ступені можна лічыць падпісанне Дагаворы аб Нераспаўсюдзе Ядзернай Зброі 1968 года і пагадненняў са Злучанымі Штатамі 1972—1979 гадоў, асабліва Дагавора аб Супрацьпаветранай Абароне і Дагавора аб Абмежаванні Стратэгічных Наступальных Узбраенняў (ДАСНУ). Важнае значэнне маюць падпісаныя ў 1975 годзе Хельсінскія пагадненні.
У 1976 годзе дзяржаўны сакратар ЗША Сайрус Вэнс, што працаваў разам з Грамыкам над ДАСНУ, сказаў пра дыпламата-беларуса: «…мала хто ў сучасным свеце можа бпараўнацца з ім… у дыпламатыі ён скрупулёзны прафесійны практык, гэта чалавек вялізных здольнасцяў і высокага інтэлекту, што валодае ўсімі рысамі дзяржаўнага дзеяча». У 1970—1980-я гады многія на Захадзе гаварылі аб ім, як аб «дыпламаце нумар 1». Часопіс «Time» пісаў у 1981 годзе: «Ва ўзросце 72 гадоў ён — адзін з самых актыўных і працаздольных сяброў савецкага кіраўніцтва. Чалавек з выдатнай памяццю, вострым розумам і надзвычайнай трываласцю… Мажліва, Андрэй Андрэевіч ёсць самым інфармаваным міністрам замежных спраў у свеце».
[правіць] Пасля міністэрства
З 2 ліпеня 1985 па 1 кастрычніка 1988 — Старшыня Прэзыдыума Вярхоўнага Савета СССР. Крытычна разглядаў «Перабудову» і палітыку М. Гарбачова. З кастрычніка 1988 — на пенсіі. У 1946—1950 і 1958—1989 — дэпутат Вярхоўнага Савета СССР.
Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве. У Гомелі А. Грамыку ўсталяваны бронзавы бюст.
