Антон Борык

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Антон Борык

Антон БОРЫК (19 (7) ліпеня 1897, в. Свілы, Лідскі павет, Гродзенская губерня (цяпер Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць; паводле інш. звестак 1894, в. Сынкоўцы Сакольскага пав.) — пасля 1932) — беларускі грамадска-палітычны і ваенны дзеяч.

Нарадзіўся у сям'і віленскага мешчаніна Міхала Борыка (1867 (1870?) — 1922). Быў родным братам ксяндза Міхала Борыка (1892 — 1956), які пэўны час быў удзельнікам беларускага хрысціянскага руху. З 4-х гадоў разам са старэйшым братам адданы на навучанне да аптэкара Вінцэнта Пятраніса ў Вільні, а пасля ўзяты на выхаванне прэфесарам Піліпенкам-Раманенкам, які, выехаўшы напрацуў Харкаў, узяў з саббой і Антона, дзе апошні скончыў 6 класаў дзяржаўнай гімназіі.

У Першую сусветную вайну з 1915 на Галіцкім фронце, капітан. 3 1917 у складзе польскага корпуса генерала Ю. Доўбар-Мусніцкага. У 1918 у Вільні, далучыўся да беларускага нацыянальнага руху, кааптаваны ў Віленскую беларускую раду, адзін з арганізатараў Беларускага нацыянальнага камітэта ў Гродне, памочнік камісара Ваўкавыскага павета К. Цярэшчанкі, член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Паводле персанальнай эвідэнцыйнай карткі афіцэра Войска Польскага і асабістай аўтабіяграфіі ад 26 лістапада 1922, у верасні 1918 узяты немцамі ў палон за адмову здаць ім наяўную зброю. Спачатку утрымліваўся ў Кёнігбергскай крэпасці, а пасля у лагеры для ваеннапалонных у Пілаў. У сакавіку 1919 накіраваны ўрадам БНР у Берлін, памочнік кіраўніка Беларускай вайсковай місіі ў Германіі, адзін з заснавальнікаў 30.6.1919 «Аддзела збліжэння палонных беларусаў у Германіі з родным краем». У лістападзе 1919 звольнены з усіх пасад ва ўрадзе БНР па падазрэнні ў сувязях з польскай вайсковай арганізацыяй. У 1919-20 выканаўчы дырэктар берлінскай фірмы «Сіндыкат Сапегі для Еўропы і Азіі на Беларусі», аказваў фінансавую дапамогу беларускім школам у Мінску. 3 вясны 1920 у Рызе. Вярнуўшыся на Беларусь, узначаліў агульны аддзел Беларускай вайсковай камісіі. У лістападзе 1920 з групай, беларускіх афіцэраў накіраваўся ў Слуцк, дзе ўзначаліў штаб 1-й Слуцкай брыгады (пазней зняты з гэтай пасады). Выступаў супраць ваеннага альянсу слуцкіх паўстанцаў з С. Булак-Балаховічам. 3 1921 жыў у Варшаве, Вільні, Коўне, адзін з заснавальнікаў варшаўскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, Таварыства беларускай школы, працаваў пры прадстаўніцтве БНР у Літве, наладжваў кантакты з латышскімі сацыял-дэмакратамі. Падазраваўся ў сувязі з польскай палітычнай паліцыяй. Паводле некаторых звестак, у міжваенны час працаваў у дырэкцыі Віленскай чыгункі. Далейшы лёс невядомы.


Commons