Апосталы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Апостал)
12 апосталаў на фрэсцы Леанарда да Вінчы «Тайная вячэра»

Апо́сталы, адз. л. апо́стал (грэч. ἀπόστολος — пасол, пасланец, ад глаг. пасылаць грэч. ἀποστέλλω) — вучні і паслядоўнікі Ісуса Хрыста.

У вузкім сэнсе тэрмін апостал адносіцца да дванаццаці непасрэдных вучняў Хрыста (Мф. 10:2-4; Лк. 6:13-15); у шырэйшым — таксама і да 70 найбліжэйшым паплечнікаў Яго Царквы, званым таксама апосталамі ад сямідзесяці.

Місія Апосталаў[правіць | правіць зыходнік]

Хрыстос устанавіў адмысловую групу людзей, якая была названа ў Евангеллі «Дванаццаццю», і стала істотным элементам пабудаванага Ім Касцёла. У Святым Пісанні мы сустракаем грэчаскае слова «апостолёс», што перакладаецца — «пасланы», — гэта значыць, пасланы выканаць пэўную функцыю, акрэсленае заданне. Яшчэ Стары Запавет паказваў нам постаці людзей, якія выконвалі функцыі вестуноў, — напрыклад, вестуноў перамогі над ворагамі, альбо пераказваючых навіну аб нараджэнні сына і гэтак далей. Аднак у Новым Запавеце тэмін «апостолёс, пасланы», набірае новы, збаўчы сэнс. Пакліканне Апосталаў найбольш яскрава прадстаўляе нам евангеліст Марк (3, 13-19), хоць цікавыя дэталі знаходзяцца і ў іншых сінаптычных Евангеллях (Лк 6, 12-17; Мц 10, 1-4), а таксама і ў Евангеллі паводле Святога Яна (6, 67-70). Сцэна паклікання адзначана выключнай годнасцю, якая выражана ў начной малітве Ісуса (Лк 6, 12), што папярэднічала пакліканню, своеасаблівай цырыманіяльнасцю ў яго паводзінах (пар. Мк 3, 13), і ўрэшце, ва ўрачыстым пераліку імёнаў і змены некаторых з іх (Мк 13, 16-19). Гэта сведчыць пра важнае значэнне, якое надаваў Ісус дадзенай падзеі. Евангеліст Марк піша аб матывах абрання Хрыстом групы з «Дванаццаці». Па-першае, Ён выбраў дванаццаць, «каб тыя былі з Ім», гэта можа азначаць, — каб яны мелі сціслую лучнасць з Ісусам. Па-другое: Ён прызначыў дадзеных вучняў на служэнне, дзеля рэалізацыі Божага Валадарства, якоя як раз супадала з праграмай Самога Збаўцы (пар. Мк 14, 15; 1, 39; 4, 23-25). Аднак Хрыстос не абмяжоўваецца толькі ўрачыстым пакліканнем апостальскай групы; з гэтага моманту Ён заўжды трымае іх пры Сабе, удзяляе ім выключна шмат часу, рыхтуе да выканання акрэсленых заданняў. Апосталы наследавалі свайго настаўніка падчас усяго яго жыцця. Па-трэцяе: Ісус рыхтуе выбраных, каб яны былі сведкамі ўсіх падзей, і непасрэднымі Ягонымі паслядоўнікамі (пар. Лк 24, 48). У праграме Збаўцы мы знаходзім прадказанне будучай місіі не толькі Апосталаў, але і кожнага хрысціяніна. Будучы працягам місіі Хрыста, задачы Апосталаў павінны былі ўключаць у сябе некаторыя элементы, ідэнтычныя элементам Ягонай місіі. Менавіта на падмурку Апосталаў Хрыстос ставіць Свой Касцёл.

Ён заснаваны дзеля таго, каб Хрыстова валадарства пашыралася па ўсёй зямлі, каб дзеля хвалы Айца зрабіць усіх людзей удзельнікамі збаўчага адкуплення. Ісус жадае, каб праз іх увесь свет сапраўды скіраваўся да Бога. Усялякая дзейнасць Містычнага цела ў гэтым кірунку называецца апостальствам. Касцёл здзяйсняе яго пры дапамозе ўсіх сваіх членаў, аднак па-рознаму. Хрысціянскае пакліканне па сваёй сутнасці з'яўляецца таксама пакліканнем да апостальства.

У Касцёле пры адзінстве місіі існуе разнастайнасць паслуг. Апосталам і іх пераемнікам Хрыстос даручыў абавязак навучання, асвячэння і кіравання ад Яго імя і паводле Ягонай моцы. Такая дзейнасць сапраўды з'яўляецца апостальствам, бо робіцца дзеля евангелізацыі і асвячэння людзей, дзеля таго, каб напоўніць евангельскім духам і ўдасканаліць парадак зямных спраў. Таму намаганні Апосталаў з'яўляюцца выразным сведчаннем пра Хрыста і служаць збаўленню людзей.

Абавязак і права здзяйсняць апостальства яны атрымалі на падставе свайго з'яднання з Хрыстом — Галавой. Далучаныя да Містычнага цела Хрыста і ўмацаваныя моцай Духа Святога, Апосталы самім Панам прызначаны да гэтага служэння, каб праз усялякія ўчынкі прыносіць духоўныя ахвяры і па ўсёй зямлі даваць сведчанне пра Хрыста. Апостал шукае магчымасці таксама і словам абвяшчаць Хрыста, каб прывесці людзей да сапраўднай веры, бо, як казаў Святы Апостал Павел, «гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16). Дзякуючы сакраментам, асабліва Еўхарыстыі, удзяляецца і жывіцца тая любоў, якая з'яўляецца душой усяго апостальства. Такім чынам, на вучняў ускладаецца ганаровы абавязак спрыяць таму, каб Божы план збаўлення ўсё больш пашыраўся на ўсіх людзей кожнага часу і месца. Яны выяўляюць сябе як сыны абяцання, калі, будучы моцнымі ў веры і надзеі, церпяліва чакаюць будучай славы. Пакліканыя Панам да апостальскага служэння не павінны хаваць гэту надзею ў глыбіні сэрца, але няспынна выяўляць яе сваімі паводзінамі і змаганнем «супраць гаспадароў цемры гэтага свету, супраць… духаў злосці», — як чытаем у Пасланні Апостала Паўла да Эфесцаў (Эф 6, 12).

Хрыстос, які стаў паслухмяным аж да смерці і таму быў узвышаны Айцом (пар. Флп 2, 8-9), увайшоў у славу свайго Валадарства. Яму падпарадкавана ўсё, пакуль Ён самога сябе і ўсё не падпарадкуе Айцу, каб Бог быў усё ва ўсім (пар. 1 Кар 15, 27-28). Гэтай уладай Ён надзяліў вучняў, каб і яны здабылі стан каралеўскай свабоды і праз самаадрачэнне і святасць жыцця перамаглі ў саміх сабе панаванне граху (пар. Рым 6, 12); больш за тое: каб служэннем Хрысту ў бліжніх прыводзілі сваіх братоў праз пакору і цярплівасць да Валадарства, служыць якому — значыць панаваць. Сапраўды вялікае абяцанне і вялікая запаведзь была дадзена вучням: «Усё вашае, вы ж — Хрыста, а Хрыстос — Бога» (1 Кар 3, 23).

Заданне Касцёла — працаваць над тым, каб людзі маглі належна фарміраваць увесь парадак зямных рэчаў і скіроўваць яго праз Хрыста да Бога Айца. Абавязак Апосталаў — ясна прадстаўляць прынцыпы, што датычаць мэты стварэння і карыстання светам, і аказваць духоўную і матэрыяльную дапамогу дзеля аднаўлення ў Хрысце парадку зямных рэчаў. Сваю функцыю яны павінны выконваць непасрэдна і рашуча, кіруючыся святлом Добрай навіны, духам Касцёла і адчуваючы наказ хрысціянскай любові.

Апостальская пераемнасць (сукцэсія)[правіць | правіць зыходнік]

Апостальская сукцэсія, — гэта тэхнічны багаслоўскі тэрмін, якім можна акрэсліць «пераемнасць апостальскай служэння» біскупамі Хрыстовага Касцёла. Слова «сукцэсія» — паходзіць з лацінскай мовы і перакладаецца, як «пераемнасць». У агульным сэнсе пад Апостальскай сукцэсіяй разумеецца перадача ўлады і паўнамоцтваў, абавязку і годнасці біскупскага служэння тым спосабам, як гэта выконвалі Апосталы Ісуса Хрыста. Пераемнасць ставіць акцэнт на непарыўнасць таго «ланцуга» Апостальскай улады, якую ўстанавіў Сам Збаўца, каб Яго Містычнае Цела — Касцёл, мела ў сабе крыніцу святасці і прыводзіла людзей да пазнання Бога Айца. Паколькі Апосталы — першыя пастыры Касцёла, былі людзьмі смяротнымі і маглі быць суб'ектамі апостальскага служэння толькі часова, пасля іх ролю служэння павінны былі выконваць іншыя людзі.

На працягу стагоддзяў Свайго існавання Касцёл з пашанаю прымаў і ставіўся да апостальскай місіі. Деля захавання збаўчай справы апостальскага служэння неабходна было забяспечыць яго пераход праз перадачу ад аднаго смяротнага суб'екта да другога. Больш выразным чынам яна выражаецца ў інтэгральнай еднасці божага люду — аўчарні, са сваімі пастырамі, у асобах, якія працягваюць апостальскую місію. Апостальская сукцэсія датычыць перш за ўсё непасрэдных паслядоўнікаў Апосталаў, гэта значыць біскупаў. Аднак кожны святар атрымлівае заданне (munus) асвячаць і кіраваць народ Божы да Створцы менавіта дзякуючы перадачы яе праз ускладанне рук і малітву біскупа.

У адрозненні ад старазапаветнай супольнасці Выбранага Народа, у якім святарская паслуга была прэрагатывай выключна аднаго рода (ад Аарона), у месіянскай супольнасці павінны былі існаваць новыя падставы святарства. У часы Старога Запавета сукцэсія ажыцяўлялася ў цырымоніі ўскладання рук, што сімвалізавала перадачу якой-небудзь каштоўнасці асобе, якая ёю не валодала. Часцей за ўсё гэта датычыла перадачы духоўных каштоўнасцей, такіх як прабачэнне (Лев 16) або рэлігійная ўлада (Лічб 27, 18-23; Дрг 34, 9; 2 Вал 13, 16). У часы Хрыста ўскладанне рук было звязана з інстытутам равінаў-настаўнікаў, якія такім чынам перадавалі сваім вучням паўнамоцтвы дзеля навучання Закону. У Новым Запавеце, хоць ускладанне рук і было вельмі распаўсюджана, але ж часцей за ўсё яно здзяйснялася дзеля перадачы ахрышчаным Духа Святога (пар. Дз 8, 17-19; 9,2.17; 19,16) і для перадачы паўнамоцтваў касцёльнай улады (Дз 6, 6; 13, 3; 1 Цім 4, 14; 5, 22; 2 Цім 1, 6) новым асобам. У іншым значэнні ўскладанне рук мела знешні выраз здзейсненага пасвячэння, якое, дзякуючы Божай інтэрвенцыі, абяцанае Хрыстом, выклікала пераход на акрэсленых людзей звышнатуральных паўнамоцтваў, якія робяць іх здольнымі да распаўсюджання збаўчай справы Хрыста.

Божая місія, якую Хрыстос даручыў апосталам, будзе працягвацца да канца вякоў (пар. Мц 28, 20), паколькі Евангелле, якое яны павінны перадаваць, ва ўсе часы з'яўляецца для Касцёла крыніцай яго жыцця. Таму ў яго іерархічна арганізаванай супольнасці Апосталы паклапаціліся пра ўстанаўленне сваіх пераемнікаў.

Яны не толькі мелі ў сваім служэнні розных памочнікаў, але, каб даручаная ім місія працягвалася пасля іх смерці, перадалі сваім непасрэдным супрацоўнікам, як у запавеце, абавязак ажыцяўляць і ўмацоўваць распачатую імі справу, даручаючы ім клопат пра ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў іх пасвіць Касцёл Божы (пар. Дз 20, 28). Так яны ўстанавілі мужоў, а потым распарадзіліся, каб пасля іхняй смерці іншыя выпрабаваныя мужы прынялі іх служэнне. Праз тых, каго Апосталы ўстанавілі біскупамі, як сцвярджае святы Ірыней Ліёнскі, і праз іх пераемнікаў аж дагэтуль ва ўсім свеце выяўляецца і захоўваецца апостальская традыцыя.

Дванаццаць апосталаў[правіць | правіць зыходнік]

Дванаццаць апосталаў — дванаццаць непасрэдных вучняў Ісуса Хрыста.

Па хрысціянскім вучэнні, за час свайго жыцця Ісус Хрыстос паклікаў дванаццаць вучняў, каб яны былі з ім, узвяшчалі Евангелле і выганялі д'ябалаў (Мк. 3:14) і гаварылі ад яго імя (Мк. 6:6-13). У сілу ўлады, якой надаў іх Хрыстос («Хто прымае вас Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне», Мф. 10:40), пасля Уваскрэсення Хрыстова і сашэсця на іх Святога Духу апосталы пачынаюць устройванне хрысціянскай царквы.

Жыццё і дзеянні гэтых вучняў, званых таксама «апосталамі ад дванаццаці», часткова выкладзена ў Евангеллі і кнізе «Дзеяннях святых апосталаў», якія ўваходзяць у склад Новазапаветнага канону.

Апостал Павел[правіць | правіць зыходнік]

Павел, ён жа Саул (іўр.: שאול, Шауль), пакліканы пасля смерці Ісуса Хрыста, гэта значыць ён не ўваходзіць у склад дванаццаці вучняў, пакліканых у перыяд зямнога жыцця Ісуса. Нягледзячы на гэта Павел з'яўляецца адным з самых ушанаваных апосталаў хрысціянства, паколькі ён і апостал Пётр (Сымон) лічацца першавярхоўнымі айцамі Царквы. Апостал Павел сам сябе зваў «апосталам язычнікаў» (Рым. 11:13).

Апосталы ад сямідзесяці[правіць | правіць зыходнік]

Абраз «Сабор сямідзесяці апосталаў»

Апосталы ад сямідзесяці (ці ад 72) — вучні Хрыста і яго вучняў:

« …абраў Гасподзь і іншых семдзесят вучняў і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці…
»

Большасць імёнаў апосталаў ад сямідзесяці адсутнічаюць у Новым Запавеце і вядомыя са Свяшчэннага Падання. Выключэнне складаюць імёны першых сямі дыяканаў, абраных дванаццаццю апосталамі, і імёны апосталаў ад сямідзесяці, азначаныя ў апостальскіх пасланнях. Аднак нідзе яны прама не завуцца апосталамі.

Спіс сямідзесяці апосталаў, які прыводзіцца ў праваслаўным календары, быў складзены ў VVI стагоддзях і малапраўдзівы. Да сямідзесяці апосталам паданне адносіць евангелістаў Марка і Луку, а таксама да ліку «сямідзесяці апосталаў» былі прылічаны шматлікія, звернутыя пазней (галоўным чынам, вучні ап. Паўла) за іх вялікія місіянерскія намаганні.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]