Арабскае заваяванне Персіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Арабскае заваяванне Сасанідскага Ірана адбывалася ў сярэдзіне VII стагоддзя і спыніла існаванне дзяржавы Сасанідаў у 644 годзе, хоць канчаткова дынастыя Сасанідаў пала ў 651 годзе, калі апошні спадчыннік яе прастола быў забіты здраднікам. Гэта заваяванне таксама прывяло да істотнага памяншэння ўплыву на тэрыторыі так званага Вялікага Ірана зараастрыйскай рэлігіі і пасля яе амаль поўнаму знікненню.

Існуе паданне, што ў 628 годзе прарок Мухамед адправіў візантыйскаму імператару Іраклію, іранскаму шаху Хасрову і іншым кіраўнікам суседніх дзяржаў лісты з заклікам прыняць Іслам. Рэакцыя візантыйскага імператара невядомая, Хасроў жа прыйшоў у лютасць ад непрыстойнага звароту да яго («.У імя Алаха, Міласцівага, Літасцівага. Ад Пасланца Алаха Мухамеда — Хасрову, цару персаў. …») і разарваў ліст. Калі прарок даведаўся пра гэта, ён сказаў, што Алах разарве царства Хасрова гэтак жа, як Хасроў разарваў гэты ліст.

Мусульмане ўпершыню з’явіліся на сасанідскіх тэрыторыях у 633 годзе, калі пад кіраўніцтвам вялікага палкаводца Халіда ібн Аль-Валіда ўварваліся ў Месапатамію, якая была разам з Вавілоніяй «яблыкам разладу» паміж Рымскай імперыяй і Сасанідскім Іранам у эпоху Рымска-персідскіх войнаў.

Першы ўдар мусульман у 633 годзе персы не змаглі адбіць і пацярпелі шэраг паражэнняў у Бітве счэпленых, Бітве на рацэ і іншых бітвах часткова таму, што былі саслаблены войнамі з Візантыяй. Тым не менш Імперыя Сасанідаў усё яшчэ заставалася велізарнай дзяржавай, якая валодала землямі ад Турцыі да Індыі.

Арабскае заваяванне Ірана

Другое ўварванне пачалося ў 636 годзе пад кіраўніцтвам Саад ібн Абу Вакаса, войскі якога нанеслі персам паражэнне ў «ключавой» для кампаніі бітве пры Кадысіі, якая стала адной з самых значных падзей у гісторыі Усходу і фактычна з’яўлялася для рэгіёна пачаткам пераходу ад Антычнасці да Ранняга Сярэднявечча.

Перамога мусульман у бітве пры Кадысіі прывяла да стварэння новай араба-персідскай мяжы — у раёне хрыбта Загрос.

Персы не прымірыліся з новым статус-кво ў рэгіёне і некалькі разоў спрабавалі вярнуць заваяваную мусульманамі Месапатамію; менавіта таму халіф Амар пачаў у 642 годзе н.э. шырокамаштабны наступ з мэтай поўнага заваявання Сасанідскага Ірана. У 642 годзе адбылася вырашальная бітва пры Нехавендзе, у якой персідская армія была разгромлена.

Заваяванне Сасанідскага Ірана было фактычна завершана ў 652 годзе з гібеллю апошняга шаха Ездыгерда III. Такое хуткае заваяванне Персіі з’явілася вынікам маральнага, ваеннага і эканамічнага знясілення Сасанідскага Ірана пасля паражэння ў ірана-візантыйскай вайне ў 628 годзе, якую некаторыя гісторыкі называюць «сусветнай вайной VII стагоддзя», настолькі моцна яна паўплывала фінансава і эканамічна амаль на ўсе дзяржавы і тэрыторыі Міжземнамор’я і Блізкага Усходу.

Тым не менш, некаторыя іранскія гісторыкі, спасылаючыся на арабскія крыніцы, малююць іншую карціну заваявання Персіі — з разлютаваным супраціўленнем мясцовага насельніцтва арабам. Нягледзячы на тое, што да другой паловы VII стагоддзя н.э. іслам стаў дамінуючай рэлігіяй у Іране (хоць зараастрызм ніколі не быў знішчаны цалкам), большасць насельніцтва рэгіёна працягвалі складаць карэнныя народы, якія ставіліся да арабскай культуры з пагардай.

Следствам арабскага заваявання Персіі з’яўляецца далейшае распаўсюджванне Ісламу на Усход: менавіта адтуль ён распаўсюдзіўся на тэрыторыі Волжскай Булгарыі, уйгураў, а затым і некаторых краін Паўднёва-Усходняй Азіі.

Некаторыя паўднёвыя вобласці былой Сасанідскай дзяржавы аказвалі арабскім заваёўнікам найбольш зацятае супраціўленне і былі на працягу яшчэ доўгага часу пасля 644 года фактычна незалежнымі ад цэнтральнай улады.