Араская унія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Араскі дагавор)

Араская унія (нідэрл.: Unie van Atrecht) — аб’яднанне валонскіх правінцый Нідэрландаў (Эно, Артуа, Дуэ), аформленае дагаворам 6 студзеня 1579 года ў Арасе (правінцыя Артуа); пазней да Араскай уніі далучыліся Ліль, Аршы і інш.

Складзена па ініцыятыве каталіцкага валонскага дваранства, незадаволенага поспехамі нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі XVI стагоддзя. Прадугледжвала выкананне артыкулаў Генцкага супакаення 1576 года, недатыкальнасць каталіцызму (які прызнаваўся адзінай дазволенай рэлігіяй), захаванне суверэнітэту Філіпа II Іспанскага над Нідэрландамі пры ўмове выканання ім прывілеяў нідэрландскага дваранства і іншых. 17 мая 1579 года быў падпісаны афіцыйны дагавор з іспанскім намеснікам Аляксандрам Фарнезэ, які аднавіў на гэтых умовах уладу Філіпа II над валонскімі правінцыямі, што фактычна адклаліся такім чынам ад рэвалюцыйных правінцый.

Рэвалюцыйныя правінцыі Поўначы адказалі на Араскую унію складаннем у 1579 годзе Утрэхцкай уніі.