Армэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
"Класічны" армэ, у закрытым і адкрытым выглядзе.
Фларэнційскі армэ, адрозніваецца спосабам раскрыцця.

армэ́ (англ.: armet, памянш. ад фр.: arme), тып шлему-прылбіцы, створаны каля 1420 у Італіі. Тып шырока распаўсюджваўся ў Еўропе з сярэдзіны 15 ст., спаборнічаў у папулярнасці з саладам, і ўрэшце, супольна з тыпам бургіньёт, выцясніў таго. У заходняй тыпалогіі асобна ад армэ выдзяляецца яго развіццё, г.зв. закрыты шлем (англ.: closed helmet; гл. канструкцыя).

Тып знаходзіўся ў папулярным ужытку ў Еўропе да пачатку 17 ст., а ў цырыманіяльных мэтах выкарыстоўваўся і да канца 18 ст. У ВКЛ сярэдзіны 16 ст. з'яўляўся самым папулярным тыпам шлема, хоць часта ўжываўся тут у няпоўнай камплектацыі. Культурны стэрэатып шлему еўрапейскага рыцарства.

Канструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

Звон шлема акруглы, вельмі блізкі да формы галавы, мог мецца грэбень. Заслона на бакавых шарнірах, пачаткова суцэльная, у пазнейшых адменах падзеленая на дзве часткі, верхнюю і ніжнюю. Шчокі шлема рухомыя, паўкруглыя, злучаюцца і замыкаюцца пасярэдзіне, утвараючы падбароднік. Пазней, у 16 ст., з'явіліся адмены, у якіх шчокі былі замененыя цэльным заслонападобным падбароднікам, які рухаўся на агульных з заслонай шарнірах. Паводле наяўнасці гэтай прыкметы і выдзяляецца г.зв. "закрыты шлем". Ахову шыі забяспечваў нашыйнік, злучаны ў адно цэлае з шлемам. Пазней з'явіліся адмены з дадатковым замацаваным абойчыкам. Форма заслоны звычайна належала да некалькіх асноўных формаў, папулярных у розны час, і ў розных школах зброі, напрыклад, "вераб'іная дзюба", "кавальскія мяхі", "малпіна пыса".