Армія Краёва
З пляцоўкі Вікіпедыя.
АРМІЯ КРАЁВА (польск.: Armia Krajowa, AK), узброеная падпольная арганізацыя, якая дзейнічала на акупіраванай нацысцкай Германіяй тэрыторыі Польшчы і частцы тэрыторыі былога СССР (Беларусь, Украіна, Літва). Ставіла мэту аднаўлення Польшчы ў межах да верасня 1939.
[правіць] Польскае супраціўленне ў верасні 1939 – чэрвені 1941
Пасля паражання Польшчы ў Абарончай вайне 1939 за межамі краіны быў створаны польскі эміграцыйны ўрад на чале з Уладыславам Сікорскім, які ажыццяўляў кіраўніцтва дзейнасцю падпольных ваенных арганізацый на тэрыторыі былой Польскай дзяржавы, у тым ліку ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне.
Пасля таго, як 17 верасня 1939 савецкія войскі перайшлі ўсходнюю мяжу Польшчы (гл. Паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну 1939), СССР у прапагандзе польскага супраціўлення падаваўся як другі акупант, хаўруснік Трэцяга Рэйху. Урад Сікорскага не прызнаваў законнасці дамоваў паміж Германіяй і СССР адносна Польшчы, а таксама ўключэнне тэрыторый Заходняй Беларусі, Віленшчыны і Заходняй Украіны ў склад СССР. Адпаведна з гэтым будавалася і дзейнасць арганізацый і груп, якія падпарадкоўваліся ўраду Сікорскага.
Да канца чэрвеня 1941 эміграцыйны ўрад Польшчы і падначаленыя яму падпольныя ваенныя арганізацыі Галоўнага камандавання Саюзу ўзброенай барацьбы (СУБ) знаходзіліся ў стане вайны як з Германіяй, так і СССР, хоць маштабных баявых дзеянняў яны не прадпрымалі.
Першачарговай задачай СУБ з'яўлялася падрыхтоўка кадраў для ўсенароднага паўстання, якое павінна было ўспыхнуць у момант набліжэння войск саюзнікаў. Пачалася актыўная работа па злучэнні вайсковых фарміраванняў, якія былі створаны пасля вераснёўскай кампаніі і вялі незалежную падпольную дзейнасць. Афіцэры арганізоўвалі тайную вайсковую падрыхтоўку, пад іх кіраўніцтвам збіралася зброя, ажыццяўлялася разведвальная дзейнасць на карысць саюзнай Вялікабрытаніі. Моладь шырока ўжывала дробны сабатаж, адной з найбольш папулярных акцый было маляванне на сценах надпісу "Польшча змагаецца" - у выглядзе якара.
[правіць] Польскае супраціўленне ў ліпені 1941 – студзені 1942
Напад Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 змяніў сітуацыю ў Еўропе. Значная частка польскай эміграцыі разлічвала, што ў такіх умовах СССР пойдзе на саступкі адносна ўсходняй мяжы Польскай дзяржавы.
12 ліпеня 1941 ў Маскве было падпісана першае афіцыйнае англа-савецкае пагадненне, у якім урады абедзвюх краін абавязваліся аказваць узаемную дапамогу ў вайне і не заключаць сепаратнага міру ці перамір'я. Зразумела, што ў гэтых умовах таксама павінен быў вызначыць сваю пазіцыю эміграцыйны польскі ўрад, які ў гэты час знаходзіўся ў Англіі. 30 ліпеня 1941 была падпісана дамова паміж СССР і Польшчай аб устанаўленні дыпламатычных адносін і аб супрацоўніцтве ў вайне. У першым пункце пагаднення адзначалася: СССР прызнае, што нямецка-савецкая дамоўленасць 1939 адносна тэрытарыяльных змен у Польшчы страціла сілу. Такая фармулёўка, аднак, давала магчымасць для розных яе інтэрпрэтацый, што адразу выклікала ўрадавы крызыс. У знак пратэсту супраць падпісання дамовы без дакладнага вырашэння пытання аб Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі ў адстаўку падалі міністры замежных спраў А.Залескі, юстыцыі М.Сейда, галоўнакамандуючы СУБ К.Сасноўскі. Нягледзячы на гэта і негатыўнае стаўленне да дамовы прэзыдэнта У.Рачкевіча, яна ўвайшла ў сілу.
[правіць] Армія Краёва ў лютым 1942 – красавіку 1943
У лютым 1942 на базе Саюзу ўзброенай барацьбы загадам Сікорскага была ўтворана Армія Краёва, у якую ўвайшлі раней створаныя арганізацыі, што падтрымлівалі эміграцыйны ўрад у Лондане. Зыходзячы з указанняў і інструкцый лонданскага ўраду, кіраўніцтва АК правяло вялікую працу па стварэнні структуры падпольнай ваеннай арганізацыі, здабыцці зброі, ваеннай падрыхтоўцы, палітычным забеспячэнні, разведкі і г.д. Камандаванне АК і падпольны ўрад мелі ў сваім распараджэнні ўзброеныя аддзелы, склады зброі і боепрыпасаў, радыёперадатчыкі, падпольныя друкарні, а таксама значныя грашовыя сродкі.
Уся тэрыторыя Польшчы, у тым ліку і заходнія вобласці Беларусі і Украіны, была падзелена на абшары на чале з камандуючымі (дэлегатамі ўраду). Вакол дэлегатаў ствараліся дэлегатуры з прыцягненнем мясцовых палітычных партый і арганізацый. Абшары падзяляліся на акругі, якія ўзначальваліся камендантамі, акругі на інспектараты, а апошнія на абводы. Найменшую арганізацыйную і ваенную адзінку ўтварала дружына, якая камплектавалася з дзвюх-трох вёсак. Дружыны аб'ядноўваліся ва ўзводы (плютоны), а 2-3 узводы ў роту (кампанію).
Структура СУБ-АК была перш за ўсё скіраваная на падрыхтоўку ўзброеннага паўстання і таму ня ў поўнай меры адпавядала надзённым патрэбам барацьбы з акупантамі. Меркавалася, што для дасягнення галоўнай мэты трэба было прайсці праз тры этапы: фармаванне сіл у падполлі; агульнае паўстанне ці ўзброенная барацьба з мэтай захопу цэнтральнай Польшчы; аднаўленне ўзброеных сіл.
Пазіцыя польскага ўраду не змянілася і пасля таго, як саюзнікі дамовіліся на міжнародным ўзроўні аб усходняй мяжы Польшчы. Як вядома, на Тэгеранскай канфэрэнцыі (лістапад-снежань 1943) была прынята прапанова Чэрчыля аб тым, што прэтэнзіі Польшчы на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны будуць задаволены за кошт Германіі, а ў якасці мяжы на ўсходзе павінна быць лінія Керзана.
[правіць] Армія Краёва ў красавіку 1943 – студзені 1945
Лонданскі эмігранцкі ўрад і Галоўнае камандаванне АК у Варшаве зыходзілі са сваіх планаў вызвалення Польшчы. Сярод шматлікіх варыянтаў, якія прадугледжваліся пры падрыхтоўцы агульнага паўстання, найбольш пажаданым уяўляўся наступны: заходнія саюзнікі адкрываюць Другі фронт, захопліваюць значную частку Заходняй Еўропы, а нямецкія войскі капітулююць, калі лінія фронту будзе далей усходніх межаў Польшчы. Саюзнікі падтрымліваюць агульнапольскае паўстанне, урад і армія Андэрса вяртаюцца ў Польшчу.
З канца 1943 пачалося актыўнае фармаванне аддзелаў AK для задач будучага паўстання. Камандаванне АК прытрымлівалася тактыкі «чакання» і «неправакавання немцаў», асцерагаючыся, што фашысцкі тэрор выкліча «лавіну заўчасных выступленняў», над якімі немагчыма будзе ўстанавіць кантроль. Дырэктывы Галоўнага камандавання АК сваім нізавым арганізацыям прадпісвалі наступнае:
- дзейнічаць самастойна супраць немцаў;
- перад савецкімі партызанамі выступаць як аддзелы АК, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і падпарадкоўваюцца польскаму ўраду;
- дазваляецца часовае супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, больш працяглае павінна ўзгадняцца з камандаваннем акругі і нават з ГК АК;
- у выпадку, калі савецкія партызаны прымусова пачнуць далучаць да сябе аддзелы АК, усяляк пазбягаць гэтага, а ў выпадку спробы знішчэння аддзелу - абараняцца.
Падкрэслівалася, што барацьба з «саветамі» ёсць непажаданай крайнасцю.
У 1944 дзейнічалі злучэнні АК "Наднёманскае", "Поўнач", "Усход", "Захад", "Стоўбцы".
У ходзе наступлення савецкіх войск АК пачала ажыццяўляць аперацыю "Бура". План аперацыі быў распрацаваны ў кастрычніку 1943. Ён прадугледжваў, што пасля таго, як Чырвоная Армія пяройдзе ўсходнюю мяжу Польшчы, атрады АК выйдуць з падполля і разам з савецкімі злучэннямі будуць змагацца з гітлераўцамі, а структуры цывільнай улады падпольнай Польскай дзяржавы пачнуць адкрыта ажыццяўляць свае функцыі, успрымаючы СССР як "саюзніка сваіх саюзнікаў" і "гаспадара вызваленых зямель". На практыцы ўдалося рэалізаваць толькі першую частку гэтага плана. Фарміраванні АК, якія налічвалі па некалькі тысяч байцоў, узгоднена з савецкім камандаваннем атакавалі адступаючых немцаў у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. Так былі вызвалены, між іншым гарады Вільня і Львоў.
Адразу пасля гэтага пачалася ліквідацыя аддзелаў АК. Частка іх членаў уступіла ў Войска Польскае, іншыя адступілі на захад, дзе працягвалі барацьбу з нацыстамі, многія былі арыштаваныя савецкімі органамі бяспекі.
Польскі эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва Арміі Краёвай узнялі 1 жніўня 1944 Варшаўскае паўстанне, якое было жорстка задушана гітлераўцамі.
19 студзеня 1945 Армія Краёва афіцыйна распушчана эмігранцкім урадам.
[правіць] Кіраўніцтва АК
Камендант АК — польская назва командуючага АК.
- 14 лютага 1942 — 30 чэрвеня 1943 — генерал Стэфан Равецкі (мянушка — «Грот»)
- 30 чэрвеня 1943 — 2 жніўня 1944 (да канца Варшаўскага паўстання) — генерал Taдэвуш Камароўскі (мянушка — «Бур», Bór)
- 2 жніўня 1944 — 19 студзеня 1945 — генерал Леапольд Акуліцкі (мянушка — «Niedźwiadek»)
[правіць] Польскае ўзброенае супраціўленне з 1945 да пачатку 1950-х гг.
Пасля вызвалення усходніх рэгіёнаў Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў значная частка членаў АК уступіла ў армію генерала З.Берлінга, якая дзейнічала супольна з Чырвонай Арміяй, частка адступіла на захад. На тэрыторыі, падкантрольнай Чырвонай Арміі, органы НКВД арыштавалі большую частку афіцэраў АК і прадстаўнікоў цывільнай улады. Разам з афіцэрамі значная колькасць шэраговых членаў АК была таксама інтэрнавана і вывезена ў глыбіню СССР, або змешчана ў турмы і лагеры на тэрыторыі Польшчы.
Загад аб роспуску Арміі Краёвай на практыцы быў выканана толькі часткова. Асцерагаючыся рэпрэсій, шматлікія члены АК засталіся ў падполлі, перайшлі да яшчэ больш глыбокай канспірацыі. У многіх раёнах (Беластоцкая акруга, Кельцкая зямля, Падгалле) ствараліся моцныя ўзброеныя атрады, якія нярэдка ўступалі ў баі з войскамі НКВД і сфарміраваным вясной 1945 Корпусам унутранай бяспекі.
У сакавіку 1945 галоўны камендант АК генерал Л.Акуліцкі і дэлегат польскага эмігранцкага ўраду Я.-С. Янкоўскі атрымалі запрашэнне на перамовы з урадам СССР. Але як толькі польская дэлегацыя з 16 чалавек паднялася на борт савецкага самалёта, каб ляцець на перамовы ў Маскву, усе яе члены былі арыштаваныя і адпраўлены ў турму НКВД на Лубянцы. Генерал Л.Акуліцкі на радзіму не вярнуўся, ён загінуў у савецкай турме.
Пасля разгрому Германіі працягвалася падпольная барацьба супраць камуністычных уладаў, якія класіфікавалі аддзелы АК як звычайны бандытызм.
У жніўні 1945 новы органы ўлады аб'явілі амністыю для салдатаў, якія хаваліся ў лясах. З падполля выйшла каля 40 тыс. чалавек, большая ж частка працягвала заставацца ў канспірацыі.
Да пачатку 1947 атрады НКВД пры падтрымцы падраздзяленняў Міністэрства грамадскай бяспекі Польшчы і арміі ліквідавалі большасць ачагоў супраціўлення. Камандзіры падпольных узброеных атрадаў гінулі ў баях і турмах Упраўлення бяспекі.
Другая амністыя, у лютым 1947, прывяла амаль да поўнай ліквідацыі падполля.
Пацыфікацыя апошніх значных злучэнняў "лясных" атрадаў скончылася ў 1948. Мяркуецца, што ў канцы 1949 - пачатку 1950 ў лясах хавалася ўжо толькі каля 500 чалавек.
Аднак новыя акты тэрору з боку ўладаў, страх арыштаў прывялі да таго, што зноў з'яўвіліся людзі, якія рашаліся ісці "ў лес". Так працягвалася аж да сярэдзіны 1950-х гг.
Усяго ва ўзброеных сутыкненнях за гэтыя гады загінула звыш 100 тыс. чалавек.
[правіць] Армія Краёва на Беларусі
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 органы дзяржаўнай бяспекі СССР і БССР вялі актыўную барацьбу з польскім падполлем. Паводле звестак НКВД БССР за перыяд з кастрычніка 1939 па ліпень 1940 у заходніх абласцях БССР было выяўлена і ліквідавана 109 розных паўстанцкіх арганізацый, якія аб'ядноўвалі 3221 удзельніка, з якіх: 2904 палякі, 184 беларусы, 37 літоўцы і 106 чалавек іншых нацыянальнасцей. Адначасова вялася кампанія па высяленні ў Сібір, Казахстан і іншыя аддаленыя раёны краіны з заходніх абласцей Беларусі асаднікаў, служачых лясной аховы, польскіх афіцэраў, паліцэйскіх, служачых дзяржаўных устаноў, землеўласнікаў, прадпрымальнікаў і г.д. У выніку дзейнасці органаў бяспекі і знешняй разведкі СССР, польскаму падполлю на тэрыторыі Беларусі, у асноўным актыўнай яго частцы, былі нанесены значныя страты.
Пасля нападу Германіі на СССР і акупацыі Беларусі летам 1941 урад Сікорскага і Галоўнае камандаванне СУБ у Варшаве выкарыстоўвалі ўмовы, якія склаліся, дзеля ўмацавання сваіх пазіцый на ўсходніх тэрыторыях былой Польшчы. Следам за нямецкімі войскамі ў Беларусь пацягнуліся польскія даваенныя чыноўнікі з Заходняй Беларусі і розныя дзеячы з цэнтральных раёнаў Польшчы, іншых краін. Многія з іх добра валодалі нямецкай мовай, мелі рэпутацыю пакрыўджаных савецкай уладай. Сярод іх было шмат людзей, звязаных з эмігранцкім урадам. Неўзабаве палякі атрымалі значны ўплыў у кіраўніцтве мясцовымі дапаможнымі органамі акупацыйнага нямецкага апарату: гарадскімі, раённымі (павятовымі) управамі Заходняй Беларусі, мясцовай дапаможнай паліцыяй. Акрамя палякаў на гэтыя пасады прэтэндавалі таксама і прадстаўнікі беларусаў, якія таксама разлічвалі выкарыстаць пасады ў дапаможнай адміністрацыі як сродак легальнай барацьбы за свае інтарэсы, як плацдарм у змаганні за палітычны ўплыў сярод насельніцтва. Таму непазбежна ўзнікаў востры канфлікт паміж польскімі і беларускімі дзеячамі. Апошнія былі перашкодай як для польскага, так і для савецкага падполля. Пачалася жорсткая барацьба на вынішчэнне адзін аднаго як уласнымі рукамі, так і з дапамогай немцаў. Гл. далей Беларуска-польскі канфлікт у Генеральнай акрузе Беларусь.
На тэрыторыі Беларусі існавалі тры акругі АК: Навагрудская, Палеская і Віленская, а таксама інспектарат Гродна, якія падпарадкоўваліся абшару АК Беласток.
На тэрыторыі Заходняй Беларусі савецкае і польскае падполле пэўны час суіснавалі даволі мірна, часам падтрымлівалі саюзніцкія адносіны: абменьваліся інфармацыяй пра абстаноўку на франтах вайны, а таксама аб становішчы ў сваіх раёнах дзеяння, дамаўляліся аб сумесных дзеяннях пад час карных экспэдыцый гітлерцаў і г.д. Так, створаны вясной 1943 у раёне возера Нарач аддзел А.Бужынскага («Кміціца») ўдзельнічаў у баявых аперацыях разам з партызанскай брыгадай, якой кіраваў Ф.Маркаў. Разам яны правялі шэраг апэрацый па разгроме фашысцкіх гарнізонаў.
Асноўная частка польскага падполля падтрымлівала і выконвала ўказанні і ўстаноўкі Лондану і Варшавы. Далейшая хада палітычных падзей рабіла непазбежным канфлікт паміж АК і савецкімі партызанамі. Галоўным было пытанне аб савецка-польскай мяжы і адносінах да нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На мясцовым узроўні да таго ж дзейнічалі фактары барацьбы за сферы ўплыву, пытанні забеспячэння харчаваннем, зброяй і г.д.
У чэрвені 1943 была прынята пастанова ЦК КП(б)Б «Аб далейшым развіцці партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі», а таксама закрыты ліст ЦК КП(б)Б «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР». У гэтых дакументах падкрэслівалася, што заходнія вобласці БССР з'яўляюцца неад'емнай часткай БССР і што тут дапушчальна існаванне толькі груп і арганізацый, якія кіруюцца інтарэсамі СССР. Існаванне ўсіх іншых арганізацый павінна разглядацца як умяшанне ў інтарэсы СССР. У сакрэтным лісце меліся канкрэтныя ўстаноўкі ў адносінах да польскіх фармаванняў:
1. Ствараць савецкія партызанскія аддзелы і выцясняць польскія з гэтых тэрыторый.
2. Укараняць у польскія аддзелы сваіх агентаў, дэмаралізоўваць іх, раскладаць іх знутры.
3. Прыцягваць да супрацоўніцтва людзей, якія знаходзяцца ў польскіх аддзелах і выклікаюць давер. З іх ствараць польскія савецкія партызанскія атрады.
Там, дзе савецкі партызанскі рух быў дастаткова моцным, прапаноўвалася:
1. Без шуму ліквідаваць кіраўнікоў польскага падполля.
2. Польскія аддзелы раззбройваць, зброю са складаў рэквізаваць; шараговых партызанаў, калі ёсць магчымасць, уключаць у барацьбу з немцамі пад савецкім кіраўніцтвам.
3. Сярод раззброеных і размеркаваных па савецкіх аддзелах палякаў выяўляць варожыя элементы.
Пераважна быў узяты кірунак на раззбраенне польскіх фарміраванняў.
Усё разам названае прывяло да непазбежных сутыкненняў паміж савецкімі партызанамі і акаўцамі. Паводле звестак Я.Эрдмана, з 185 баявых аперацый, праведзеных аддзеламі Навагрудскай акругі АК за перыяд з 1 студзеня 1942 па ліпень 1944, 102 былі супраць немцаў (55%) і 81 (45%) супраць савецкіх партызанаў. Звычайнымі былі з'явы, калі з адной вёскі частка жыхароў была ў савецкіх партызанах, а частка - у АК. Значнымі былі страты як сярод партызан і акаўцаў, так і сярод мясцовага насельніцтва. Паводле няпоўных звестак, з вясны 1943 па ліпень 1944 толькі на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці савецкімі партызанамі было расстраляна больш за 500 мясцовых жыхароў за супрацоўніцтва з АК. Не меншымі былі рэпрэсіі з боку АК. Так, камандзір Стаўбцоўскага злучэння АК А.Пільх («Гура») у адной са сваіх публікацый прызнаваў, што за гэты ж пэрыяд яго легіянеры знішчылі каля 6 тысяч чалавек.
У сваю чаргу немцы, імкнучыся да актывізацыі мясцовых сіл дзеля барацьбы з савецкімі партызанамі, з канца 1943 пачалі выкарыстоўваць канфлікт паміж АК і "саветамі" ў сваіх мэтах. Адным з першых кантакт з немцамі ўстанавіў вышэйадзначаны А.Пільх. У снежні 1943 ён заключыў з немцамі дамову аб супрацоўніцтве ў барацьбе з савецкімі партызанамі ўзамен на забяспячэнне яго зброяй. 22 снежня ў Лідзе дамову з немцамі таксама заключыў камандзір Наднёманскага злучэння АК Ю.Свіда («Лях»), які на працягу студзеня-сакавіка 1944 атрымаў ад немцаў пяць прывозаў зброі. Перамовы аб супрацоўніцтве з гітлерцамі ў лютым 1944 веў і камандуючы Віленскай акругай АК генерал А.Крыжаноўскі («Вільк»). І гэта нягледзячы на тое, што яшчэ ў студзені 1944 з Лондану паступіла афіцыйная забарона кантактаў з немцамі. Вясной 1944 Генеральны камісар Беларусі Готбэрг не дазволіў праводзіць мабілізацыю мясцовага насельніцтва ў Беларускую краёвую абарону (БКА) на тэрыторыі Лідзкай акругі, раёнаў Узда, Івянец, Валожын, Браслаў, Мядзел, Казлоўшчына і часткі Дзярэчынскага раёна, дзе, фактычна, адбывалася мабілізацыя ў АК. Асабліва адкрыты характар мабілізацыя ў АК з дазволу немцаў прыняла на тэрыторыі Лідскай акругі.
Пасля таго як нямецкія войскі былі выгнаны з Беларусі, органы НКВД прымянялі ў дачыненні да былых членаў АК рэпрэсіўныя меры. З тэрыторыі Беластоцкай, Віленскай і Навагрудскай акругаў было дэпартавана, паводле падлікаў польскіх навукоўцаў, каля 80 тысяч акаўцаў разам з іх сем'ямі.
Частка былых членаў АК перайшла да ўзброенай барацьбы супраць савецкай улады. У 1944-45 у Заходняй Беларусі адбываліся шматлікія напады на вайскоўцаў, савецкіх актывістаў, мясцовых жыхароў, якія падтрымалі савецкую ўладу, перасяленцаў з усходніх рэгіёнаў. Асобныя акцыі зафіксаваны аж да пачатку 1950-х гадоў.
[правіць] Структура Арміі Краёвай на Беларусі
[правіць] Палеская акруга АК
Штабу Палескай акругі АК была падпарадкавана ўся канспіратыўная сетка былога Палескага ваяводства. У граніцах паветаў ствараліся абводы, ім, у сваю чаргу, падпарадкоўваліся раёны і пляцоўкі.
На момант поўнага завяршэння структурнай арганізацыі (красавік 1944 г.) акруга налічвала 4272 чалавекі, у тым ліку
- 3050 радавых,
- 42 афіцэры,
- 454 падафіцэры,
- 726 сувязь, санчасць, забеспячэнне і г. д.
Сабатажна-дыверсійныя работы арганізоўваліся спецыяльным падраздзяленнем пад назвай Кедыў (Кіраўніцтва дыверсіямі).На пачатку ў ім было 35 чалавек. Узначальваў Кедыў маёр Ян Коваль (мянушка «Базыль»). У яго рамках было створана некалькі баявых групаў. Адна з іх называлася «Дружына», яна сфарміравалася вясной 1942 г. пад кіраўніцтвам Баляслава Сянкевіча, у асноўным складалася з чыгуначнікаў. Спачатку падпарадкоўвалася непасрэдна штабу акругі, а потым была перададзена ў распараджэнне Кедыву. Пад канец існавання налічвала каля 60 чалавек. На рахунку «Дружыны» 6 крушэнняў нямецкіх эшалонаў з палівам, баявой тэхнікай і боепрыпасамі каля Лунінца, Пінска, Снятава і Жабінкі, мноства больш дробных дыверсіяў і сабатажных акцыяў.
3 восені 1943 г. пачала дзейнічаць спецгрупа «Іскра». У як склад уваходзіла каля дзесяці чалавек. На мяжы 1943-44 гг. «Іскра» арганізавала серыю выбухаў на чыгуначных станцыях у Брэсце (тройчы) і Аранчыцах (1 раз).
[правіць] Навагрудская акруга АК
Арганізацыйная сістэма Навагрудскай акругі прадугледжвала падзел на "абводы", адпаведныя паветам у рамках польскага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення да 1 верасня 1939 г. У сваю чаргу "абводы" дзяліліся на раёны і пляцоўкі, на базе якіх пазней ствараліся роты і ўзводы. Раён ахопліваў некалькі гмінаў (сельсаветаў) і адпавядаў адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму дзяленню савецкага часу. Пляцоўка ахоплівала, як правіла, адну гміну (сельсавет).
Да мая 1942 г. Навагрудская акруга ахоплівала 5 паветаў:
- Шчучынскі,
- Лідскі,
- Стаўбцоўскі,
- Навагрудскі
- Валожынскі - пазней быў перададзены ў Віленскую акругу.
40% жаўнераў Навагрудскай акругі АК - гэта беларусы.
Да лістапада 1942 г. арганізацыя акругі была завершана.
- Абвод Шчучын (кодавая назва "Лэнка" - "Луг") узначаліў падпаручнік Казімір Кшывіцкі (мянушка "Веслаў").
- Абвод Ліда ("Бор") - Ольгерд Кушалеўскі ("Суліма").
- Абвод Валожын ("Бжоза" - "Бяроза") - капітан Станіслаў Дэдэліс ("Паль").
- Абвод Навагрудак ("Ставы") - Людвік Ненартовіч ("Мядзянка").
- Абвод Стаўбцы ("Слуп") - падпаручнік Аляксандр Варакомскі ("Свір").
- Абвод Слонім ("Пяскі") - капітан Мечыслаў Астроўскі ("Картач").
- Абвод Баранавічы ("Пушча") - капітан "Юзэф" (прозвішча невядома).
- Абвод Нясвіж ("Стражніца") - паручнік Мацей Вінтэр ("Станлей").
У далейшым штаб акругі правёў рэарганізацыю акругі. На базе ранейшых і пазней створаных атрадаў былі сфарміраваны батальёны, з іх аб'ядноўваліся злучэнні. На базе злучэнняў прадугледжвалася стварэнне палкоў, існоўных на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства да верасня 1939 г., а іменна: 77-ы пяхотны полк (Ліда), 78-ы пяхотны полк (Баранавічы), 27-ы полк уланаў (Баранавічы).
У канчатковай фазе ваенная структура Навагрудскай акругі:
1. Наднёманскае злучэнне - камандзір маёр Мацей Калянкевіч ("Котвіч"). Склад злучэння:
- 1-ы батальён 77-га пяхотнага палка, 700 чалавек, камандзір капітан Уладыслаў Жогла ("Зых");
- 4-ы батальён і прыданы яму эскадрон уланаў, 1600 чалавек, камандзір падпаручнік Стэфан Заянчкоўскі ("Рагнар");
- 8-ы батальён, 200 чалавек, камандзір Тадэвуш Масакоўскі ("Ястшэмбец").
2. Паўночнае злучэнне - камандзір паручнік Ян Барысевіч ("Крыся"). Склад злучэння:
- 2-гі батальён 77-га пяхотнага палка, 650 чалавек, камандзір "Крыся";
- 5-ы батальён, 300 чалавек, камандзір капітан Станіслаў Трушкоўскі ("Штрэмер").
3. Усходняе злучэнне - камандзір Станіслаў Дэдэліс ("Паль"). Склад злучэння:
- 3-ці (ударны кадравы) батальён 77-га пяхотнага палка, 480 чалавек, камандзір падпаручнік Баляслаў Пясэцкі ("Саблеўскі");
- 6-ы батальён, 520 чалавек, камандзір Станіслаў Дэдэліс.
4. Заходняе злучэнне - камандзір Ян Піўнік ("Пануры"). Склад злучэння:
- 7-ы батальён 77-га пяхотнага палка, 780 чалавек, камандзір Ян Піўнік, пасля смерці 16.06.1944 г. яго замяніў падпаручнік Баямір Тважыньскі ("Астоя").
5. Стаўбцоўскае злучэнне - камандзір паручнік Адольф Пільх ("Гура", "Даліна"). Склад злучэння:
- 1-ы батальён 77-га пяхотнага палка, 700 чалавек, камандзір капітан (ваенны лётчык) Вітольд Грыневіч ("Дзвіг");
- 27-ы уланскі полк, 350 чалавек, камандзір харунжы Здзіслаў Нуркевіч ("Ноч", "Нячай").
У часе падрыхтоўкі да акцыі "Бура" дадаткова былі сфарміраваны:
Нясвіжскі батальён, 500 чалавек, камандзір паручнік Мацей Вінтэр ("Станлей"),
Баранавіцкі батальён, 700 чалавек, камандзір паручнік "Юзэф-2" (прозвішча невядома).
Паводле Януша Праўдзіца-Шляскага, у канчатковай фазе свайго існавання Навагрудская акруга налічвала каля 8000 чалавек непасрэдна ў баявых часцях. Акрамя гэтага, у канспіратыўнай сетцы было задзейнічана болей 15 тысяч чалавек (маюцца на ўвазе асобы, якія прынялі прысягу).
[правіць] Ацэнкі дзейнасці Арміі Краёвай у Беларусі
Да пачатку 1990-х гг. фарміраванні Арміі Краёвай разглядаліся як белапольскія. Падкрэслівалася, што асобныя іх прадстаўнікі пасля вайны перайшлі да бандыцкіх акцый супраць савецкай улады.
У 1993-1994 працавала створаная беларускім урадам спецыяльная камісія па вывучэнні праблем, звязаных з дзейнасцю АК на тэрыторыі Беларусі і магчымасці надання яе ўдзельнікам статусу ветэранаў вайны. Камісія правяла значную аналітычную і даследчую работу, вывучыла архіўныя матэрыялы і публікацыі, абагульніла і абмеркавала іх на сваіх пасяджэннях і паведаміла ўраду (8 ліпеня 1994) аб выніках сваёй працы. Працягу дзейнасці камісіі не было, таму што адбыліся змены ў самой Рэспубліцы Беларусь.
- Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944-1956. Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-07-3
- Літвін А. Армія Краёва на Беларусі: да праблемы вывучэння // Беларускі гістарычны часопіс. – 1994.– №1.
- Літвін А. Армія Краёва на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. – 1994. – №1;4.
- Пачобут А. Польскі супраціў (1939—1954) вачыма беларускіх гісторыкаў // ARCHE Пачатак. – 2008. – №4.
- Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939—1954 гг.). — Гродно: УО «Гродненский государственный университет им. Я. Купалы», 2004.
- Сямашка Я. Армiя Краёва на Беларусi. Мн., 1994.
- Armia Kraiowa w dokumentach 1939-1945. W 6 t. Wrocław-Warszawa, T. 3;
- Erdman J. Droga do Ostrej Bramy. Londyn, 1984;
- Polski czyn zbrojny w II Wojnie Światowej. Т. III. Warszawa, 1988;
- Zaroń P. Ludność Polska w Związku Radzieckim w czasie II Wojny Światowej. Warszawa, 1990;
[правіць] У Сеціве
- Я. Сямашка - Армія Краёва на Беларусі. Частка І. Прадвеснікі АК
- Я. Сямашка - Армія Краёва на Беларусі. Частка IІ. Пад знакам канцэпцыі "двух ворагаў" (Пачатак)
- Я. Сямашка - Армія Краёва на Беларусі. Частка IІ. Пад знакам канцэпцыі "двух ворагаў" (Працяг)
- Я. Сямашка - Армія Краёва на Беларусі. Частка IІI. Схватка даўжынёю ў 10 гадоў - паводле эл. рэсурсу jivebelarus.net
- Музей Варшаўскага паўстання
[правіць] Галерэя фотаздымкаў
|
mjr/ppłk Aleksander Krzyżanowski "Wilk" |
|||
|
Szare Szeregi: Tadeusz Jarosz "Topaz", Andrzej Heppen "Stasiek" |
Enemies: Commanding officer Major Yurii Frolov (Jurij Frolow) (center) with the officers of Russian National Liberation Army (RONA) during Warsaw Uprising. The officer to the right from Yurii Frolov is Ltn. Michalczewski. The soldier, first from the right, seems to belong to Russian Liberation Army (ROA - or POA in cyrillic, see the arm patch). Yurii Frolov will die on August 21 on the corner of Srebrna and Towarowa Street fighting the insurgents. |
Enemies: SS-Gruppenführer Heinz Reinefarth "Butcher of Wola" (on the left), General of police and Waffen-SS and the Regiment III of Cossacks of Jakub Bondarenko during Warsaw Uprising around Wolska street. Third Regiment of Cossacks contained mix of Cossacks from many regions, and Jakub Bondarenko was commanding 5th Regiment of Kuban Cossack Infantry. |
|
|
Armia Krajowa November 11, 2008 |

