Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч
Дата нараджэння 11 жніўня 1938(1938-08-11)
Месца нараджэння
Дата смерці 2 студзеня 2021(2021-01-02) (82 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства  Беларусь
Род дзейнасці навуковец, урач
Навуковая сфера нейрахірургія
Месца працы
Навуковая ступень доктар медыцынскіх навук
Навуковае званне
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Яфрэм Ісакавіч Злотнік
Вядомыя вучні Ю. Г. Шанько, А. Л. Танін, Л. Р. Пятрова, Р. Р. Сідаровіч
Член у
Прэміі
Узнагароды
Ордэн «Знак Пашаны» ордэн Айчыны III ступені
Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Выдатнік аховы здароўя СССР
Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь

Арнольд Фёдаравіч Смеяно́віч (11 жніўня 1938, Бранск — 2 студзеня 2021, Мінск[1]) — беларускі нейрахірург. Акадэмік НАН Беларусі (2009), доктар медыцынскіх навук (1981), прафесар (1993). Правёў больш за 10 тысяч аперацый[2]. Яго называлі вядучым нейрахірургам Беларусі[3][4][5].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца — ўраджэнца Пухавіцкага раёна, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны[2]. Дзяцінства і юнацтва Арнольд Смеяновіч правёў у вёсцы Пухавічы з маці Галінай Лукінічнай[2].

Скончыў Пухавіцкую сярэднюю школу (1955) і лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута (1960). У 1960—1963 гадах працаваў урачом Дрыбінскай бальніцы. У 1963—1975 гадах — урач-нейрахірург Мінскай абласной клінічнай бальніцы[5].

Пад кіраўніцтвам прафесара Я. І. Злотніка праводзіў спачатку простыя, потым больш складаныя аперацыі і адначасова займаўся навуковай дзейнасцю. У 1971 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Параўнальная ацэнка метадаў вызначэння калатэральнага кровазвароту ў паўшар’і мозгу пры пальцавай аклюзіі соннай артэрыі»[1].

У 1975 годзе стаў старшым навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Распрацоўваў методыку па выдаленні неўрыномы (дабраякаснай пухліны) слыхавога нерва. Праведзеныя даследаванні ляглі ў аснову доктарскай дысертацыі «Мікранейрахірургія неўрынам слыхавога нерва» (1981)[1].

У 1989 годзе ўзначаліў нейрахірургічны аддзел НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 2006 года — Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь), дзе працаваў да самай смерці. У 1998—2005 гадах — дырэктар інстытута[5].

У 2000 годзе арганізаваў і ўзначаліў курс нейрахірургіі ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, які ўпершыню ў Беларусі забяспечыў паслядыпломную падрыхтоўку урачоў па нейрахірургіі і нейратраўмалогіі (з 2004 года ў складзе кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА).

У 2004 годзе выбраны членам-карэспандэнтам, у 2009 годзе — акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[1]. Правадзейны член (акадэмік) Беларускай медыцынскай акадэміі (1996). Дэлегат чацвёртага Усебеларускага народнага сходу (2010).

Быў старшынёй Беларускага навукова-медыцынскага таварыства нейрахірургаў, членам рэдкалегіі беларускіх і замежных часопісаў («Здравоохранение», «Медицинская панорама», «Медицинские новости», «Вопросы нейрохирургии», «Нейрохирургия»), ганаровым членам Асацыяцыі нейрахірургаў Расіі (2005) і іншых замежных таварыстваў па нейрахірургіі. У 2003 годзе пад яго кіраўніцтвам быў арганізаваны і праведзены першы Рэспубліканскі з’езд неўрапатолагаў і нейрахірургаў Беларусі[6].

Уваходзіў у склад падкамітэта па прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь, экспертнага савета пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па абароне дысертацый.

Арнольд Смеяновіч сябраваў з многімі пісьменнікамі, мастакамі, быў добра знаёмы з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Ён аўтар прадмоў да кніг казахскага пісьменніка Немата Келімбетава[d] ў перакладзе на беларускую мову, кнігі Алеся Карлюкевіча «Сцежкамі Ігуменшчыны»[7].

Быў жанаты. Жонка — Тамара Іванаўна, таксама лекар. Сын — Віталь Смеяновіч, нейрахірург, кандыдат медыцынскіх навук; дачка — стаматолаг[3].

Памёр 2 студзеня 2021 года ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19[2]. Пахаваны 5 студзеня 2021 года на малой радзіме ў Пухавічах[7].

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар больш за 450 навуковых прац, 10 манаграфій, 18 метадычных рэкамендацый, 25 вынаходніцтваў і патэнтаў. Пад яго рэдакцыяй выдадзены 6 зборнікаў навуковых прац «Актуальныя праблемы неўралогіі і нейрахірургіі»[1], абаронены 19 кандыдацкіх і 4 доктарскія дысертацыі[5].

Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці — хірургія сасудзістай паталогіі галаўнога мозгу, нейраанкалогія, хірургія кампрэсіўных форм астэахандрозу пазваночніка, рэканструктыўная хірургія пашкоджанняў плечавога спляцення. Упершыню ў СССР распрацаваў і ўкараніў мікрахірургічную тэхналогію татальнага выдалення неўрыном пераддзвернасмоўжыкава нерва і шэраг новых методык лячэння неўралагічных разладаў, звязаных з гэтым захворваннем[6].

Пад кіраўніцтвам А. Ф. Смеяновіча распрацоўваліся метады дыягностыкі і мікрахірургічнага лячэння грыж паяснічных міжпазванковых дыскаў і паяснічнага стэнозу, нервовай і мышачнай пластыкі для аднаўлення функцый верхняй канечнасці пры пашкоджанні плечавога спляцення, лячэння абсцэсаў галаўнога мозга і інш.[1]

Аўтар методыкі комплекснага хірургічнага аднаўлення функцыі верхняй канечнасці пры пашкоджаннях плечавога спляцення, якая не мае аналагаў у сусветнай практыцы[5] і ўключае ў сябе цэлы шэраг новых рэканструктыўнай хірургічных умяшанняў[6]. Распрацаваў праблемы лячэння гліяльных пухлін галаўнога мозгу, што дазволіла амаль удвая павялічыць працягласць жыцця гэтай катэгорыі хворых. Праводзіў комплекснае даследаванне па праблеме дыягностыкі і хірургічнага лячэння сасудзістых заган развіцця вертэбрабазілярнай сістэмы (артэрыяльных анеўрызмаў). Распрацаваў і ўкараніў у практыку цэлы шэраг арыгінальных методык, якія маюць прыярытэтнае значэнне ў лячэнні нейраанкалагічных хворых.

Асноўныя працы[правіць | правіць зыходнік]

  • Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. [в соавт.] — Минск : Беларусь, 1973. — 143 с.: ил.
  • Артериовенозные мальформации задней черепной ямки [в соавт.] // Актуальные проблемы неврологии и нейрохирургии. — Мн., 2000. Вып. 2.
  • Диагностика и хирургическое лечение субтенториальных околостволовых менингиом. [в соавт.] — Минск : Минсктиппроект, 2005. — 107 с.
  • Альдегиды в пластичной хирургии [в соавт.] — Минск: Звязда, 2012. — 253 с.

Узнагароды і званні[правіць | правіць зыходнік]

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Акадэміку А. Ф. Смеяновічу прысвечаны паэтычныя і публіцыстычныя творы Міколы Мятліцкага, Раісы Баравіковай, Алеся Марціновіча, Вольгі Савасцюк, Уладзіміра Ліпскага і іншых літаратараў[7].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е ё Смеяновіч Арнольд Фёдаравіч . Нацыянальная бібліятэка Беларусі (2018). Праверана 7 лютага 2021.
  2. а б в г Вольга Савасцюк.. Велізарная страта для ўсіх. Пайшоў з жыцця наш зямляк Арнольд Смеяновіч . Пухавіцкія навіны (5 студзеня 2021). Праверана 8 лютага 2021.
  3. а б Вольга Савасцюк.. Наш зямляк Арнольд Смеяновіч — вядучы нейрахірург краіны . Пухавіцкія навіны (10 жніўня 2018). Праверана 8 лютага 2021.
  4. Юрий Лазаревич.. Мэра Павлова оперировал ведущий нейрохирург Беларуси(недаступная спасылка). Tut.by (9 красавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 8 лютага 2021. Праверана 8 лютага 2021.
  5. а б в г д е Умер заведующий нейрохирургическим отделом РНПЦ неврологии и нейрохирургии, академик НАН Беларуси Арнольд Федорович Смеянович. Республиканский научно-практический центр неврологии и нейрохирургии. Праверана 8 лютага 2021.
  6. а б в г Имя в белорусской науке: Арнольд Фёдорович Смеянович (руск.). Центральная научная библиотека им. Я. Коласа НАН Беларуси. Праверана 8 лютага 2021.
  7. а б в Кастусь Лешніца.. У старажытных Пухавічах пахаваны акадэмік Арнольд Смеяновіч . sozvuchie.by (7 студзеня 2021). Праверана 8 лютага 2021.(недаступная спасылка)
  8. Аляксандр Лукашэнка ўдастоіў дзяржаўных узнагарод заслужаных людзей краіны . Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (6 лютага 2014). Праверана 8 лютага 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]