Артыклі англійскай мовы

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Артыклi англійскай мовы (English articles) - гэта часціны мовы, якія выкарыстоўваюцца для азначэння іменных словаспалучэнняў[1]. У сучаснай англійскай мове існуюць два тыпы артыкляў: азначаны the i неазначаны а (an). Літара е артыкля the чытаецца як "і" перад галоснымі і "э" перад зычнымі. Артыкль an ставіцца перад словамі, якія пачынаюцца галосным гукам (але не абавязкова галоснай літарай[2]), а яго варыянт а - перад словамі, якія пачынаюцца зычным гукам. Артыклі англійскай мовы пераважна ставяцца перад назоўнікамі, але могуць выкарыстоўвацца з прыметнікамі, займеннікамі і парадкавымі лічэбнікамі. Пры спалучэнні з займеннікам all (усё, усе, уся і г.д.) артыкль the ставіцца паміж гэтым займеннікам і назоўнікам, якому займеннік all служыць у якасці азначэння: all the time - увесь час.

Некаторыя даследчыкі граматыкі англійскай мовы разглядаюць адсутнасць артыкля як катэгорыю "нулявога артыкля" (zero article). Але не трэба блытаць адсутнасць артыкля з павольным апушчэннем (deliberate omission of the article) гэтай часціны мовы. Такое апушчэнне прымяняецца ў выпадках, якія патрабуюць перадачы інфармацыі з мінімальнай колькасцю дэталяў: сцэнічныя рэмаркі, газетныя загалоўкі, канспекты лекцый, паведамленні электроннай пошты, sms-паведамленні, тэлеграмы і г.д[3]. Таксама сярод даследчыкаў катэгорыі артыкля англійскай мовы існуе думка, што займеннік some ("некалькі" (прадметаў), "некаторая колькасць"(рэчыва)) з'яўляецца частковым артыклем, але гэта думка не мае шырокай навуковай падтрымкі.

Неазначаны артыкль[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца што неазначаны артыкль (the indefinite article) а (an) паходзіць ад лічэбніка оnе (адзін). Звычайна з дапамогай такога артыкля перадаюць такія ідэі:

  • адзін чалавек, прадмет, варыянт і г.д. з некалькіх: а book - "адна" кніга (але не адзіная), a manager - "адзін з" мэнаджэраў (але ёсць і іншыя - ўвогуле ці на тым жа самым прадпрыемстве). Як правіла, артыкль у такіх выпадках не перакладаецца на беларускую, за выключэннем сітуацый кантрасту неазначанага артыклю з азначаным: It is not a precious stone, it is the precious stone - гэта не проста каштоўны камень, гэта той самы каштоўны камень.
  • замест лічэбніка one (адзін) у спалучэнні з лічэбнікамі hundred (сотня), thousand (тысяча), million (міліён), billion (міліярд). Такая замена магчыма толькі калі гаворка ідзе пра прыблізную колькасць; лічэбнік one нельга замяніць неазначаным артыклем пры перадачы дакладных лічбаў[4].
  • адносіны "частка-цэлае" выкарыстанне неазначанага артыкля з рэчыўнымі назоўнікамі (an ice-cream - порцыя марожанага) і абстрактнымі ідэямі (kindness - дабрата, a kindness - добры ўчынак))[5].
  • сэнс "нейкі", звычайна з уласнымі імёнамі: a John - нейкі Джон (але магчыма і перадача сэнсу "адзін з" пры выкарыстанні з прозвішчамі: a Smith - і нейкі Сміт, і адзін з сямейства Смітаў). Таксама блізкім да гэтага правіла з'яўляецца выкарыстанне артыкляў з уласнымі імёнамі, якія становяцца агульнымі імёнамі: а Ford (машына Форд), a James Bond (чалавек, паводзіны якога нагадваюць Джэймса Бонда).
  • разам з апісальнымі прыметнікамі, нават пры ахарактарызаванні уласных імёнаў і прадметаў, адзіных у сваім родзе (unique objects): He was admiring a beautiful moon - Ён любаваўся прыгожым месяцам; It was a new Belarus, not that he used to live in - Гэта была новая Беларусь, не тая ў якой ён жыў раней. У такіх выпадках неазначаны артыкль апускаецца пры перакладзе на беларускую.

Азначаны артыкль[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што азначаны артыкль (the definite article) the паходзіць ад займенніка this (гэта, гэты). Звычайна гэты артыкль выкарыстоўваюць у наступных сітуацыях:

  • пры перадачы думкі аб дакладным прадмеце, з'яве, чалавеку: the man - "гэты ці той самы" чалавек. Звычайна ў такіх выпадках на беларускую перакладаецца толькі назоўнік, але калі гаворка ідзе пра ўласныя імёны перакладаецца і артыкль: he is the James I told you about - гэта той Джэймс, пра якога я табе ўжо казаў.
  • з назвамі краін, гарадоў і іншых геаграфічных аб'ектаў у кантэксце пэўнага часу: the Minsk of the XII century - Мінск XII стагоддзя.
  • з прадметамі і з'явамі, адзінымі ў сваім родзе (unique objects): the sun (сонца), the universe (сусвет). Да гэтага правіла адносяцца і сітуацыі, у якіх апавядаецца пра адзіных для пэўнага асяроддзя асоб ці прадметаў: Mark is the manager of this plant - Марк - менеджар гэтага завода (адзіны, калі б замест the стаяла а, то Марк быў бы адзін з менеджараў); Floyd was the daughter of the teacher - Флойд была (адзінай) дачкой настаўніка. Пры перакладзе на беларускую артыкль the ў такіх сітуацыях, як правіла апускаецца. Выключэннем з'яўляецца кантраст азначанага і неазначанага артыкляў у адным сказе (a precious stone i the precious stone ў вышэй прыведзеным прыкладзе).
  • у азначэннях і іншых сітуацыях, калі штосьці разглядаецца як прадмет ці з'ява ўвогуле: the cow is an animal - карова гэта жывёла (карова як від жывёлы, а не нейкая пэўная карова); the Present Simple - цяперашні просты час (як з'ява).
  • калі група людзей, іншых жывых істот ці прадметаў разглядаецца як клас: the poor (бедныя людзі (як сацыяльная група грамадства)), the Russians (рускія (як народ)), the Smiths (Сміты (як сям'я)). Гэта правіла датычыцца нават некаторых краін: the Phillipines (Філіпіны) як група астравоў.
  • пры спалучэнні ўласных імёнаў з агульнымі: the German language (нямецкая мова), the Republic of Belarus (Рэспубліка Беларусь), the Red sea (Чырвонае мора), the Atlantic ocean (Атлантычны акіян)[6].
  • з назвамі рэк (the Danube - Дунай), азёр, калі яны не суправаджаюцца словам lake (возера) (the Baikal/lake Baikal - Байкал/возера Байкал), з назвамі многіх перыядычных выданняў (the Times -газета Таймс, the Wall Street Journal - Уолл Стрыт Джорнэл). З назвамі некаторых краін - Конго, Ліванам, Сенегалам і Украінай - гістарычна ставіўся азначаны артыкль, але ў сённяшняй англійскай мове ідзе тэндэнцыя не выкарыстоўваць артыкль з назвамі гэтых краін[7]. Некаторыя ўкраінцы лічаць выкарыстанне азначанага артыкля з назвай іх Радзімы непаліткарэктным, бо правілы англійскай граматыкі дазваляюць выкарыстанне азначанага артыкля з назвамі правінцый, тэрыторый і рэгіёнаў (the Crimea -Крым), а з назвамі незалежных дзяржаў такое непажадана.
  • з парадкавымі лічэбнікамі (the third - трэці); з найвышэйшай ступенню прыметнікаў (the strongest - самы дужы).

Адсутнасць артыкля[правіць | правіць зыходнік]

Адсутнасць артыкля (absence of the article, zero article) мае месца ў наступных сітуацыях:

  • у множным ліку назоўнікаў, якія ў адзіночным ліку ставяцца з неазначаным артыклем згодна вышэй апісаным правілам: a man - men (мужчына - мужчыны).
  • у назоўнікаў якія абазначаюць рэчывы ці з'явы альбо абстрактныя паняцці (толькі ў выпадках канкрэтызацыі з імі ставіцца the): butter - масла.
  • у колькасных лічэбнікаў і спалучэнняў назоўнікаў з колькаснымі лічэбнікамі: page 6 - старонка 6.
  • у імператыўных закліках і зваротах: children, come here! - дзеці, ідзіце сюды!
  • пры замене артыкля асабовым займеннікам (his cup - яго кубак) ці прыналежным склонам (John's book - кніга Джона).
  • з большасцю ўласных імёнаў, акрамя вышэй апісаных сітуацый.

Некаторыя сітуацыі, калі артыкль мяняе значэнне фразы[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя вышэй апісаных правілаў і тэндэнцый, існуюць яшчэ некаторыя асаблівасці выкарыстання артыкляў ці іх адсутнасці, якія поўнасцю альбо нязначна мяняюць значэнне слоў і фраз кантэкст, што можа ствараць цяжкасці ў перакладзе і вывучэнні англійскай мовы як замежнай. Так, выкарыстанне з парадкавымі лічэбнікамі неазначанага артыкля замест азначанага перадае значэнне "яшчэ адзін": They opened a fourth shop in the neighbourhood - Яны адкрылі чацвёрты (альбо "яшчэ адзін") магазін у гэтым раёне [8]. А выкарыстанне неазначанага артыкля замест азначанага з прыслоўем most у спалучэнні з найвышэйшай ступенню прыметніка мяняе значэнне фразы: the most beauatiful girl - самая прыгожая, найпрыгажэйшая дзяўчына, а most beauatiful girl - вельмі прыгожая дзяўчына (але не самая).

Таксама ў брытанскім варыянце англійскай мовы азначаны артыкль і адсутнасць артыкля мяняюць значэнні сказаў з словамі church (царква), prison (турма), hospital (бальніца) і некаторымі іншымі: the workers went to church/the workers went to the church - рабочыя пайшлі ў царкву (на набажэнства)/рабочыя пайшлі ў царкву (каб штосьці зрабіць ці адрамантаваць у яе будынку)[9].

Калі ў фразе daughter of a teacher (дачка настаўніка) з прыклада, які разбіраўся ў раздзеле пра азначаны артыкль, адсутнічае артыкль увогуле, гаворка ідзе не пра тое ці гэта адзіная дачка, ці адна з дачок, а пра яе палажэнне ў грамадстве - дачка настаўніка, а не селяніна альбо банкіра[10].

Устойлівыя выразы з артыклямі англійскай мовы[правіць | правіць зыходнік]

Устойлівыя выразы з артыклямі а/аn[правіць | правіць зыходнік]

Выраз Значэнне
a best suit выхадны касцюм
a lot of шмат, многа
a first night прэм'ера (фільма і г.д.)
an only child адзінае дзіця
once upon a time аднойчы, некалі

Устойлівыя выразы з артыклем the[правіць | правіць зыходнік]

Выраз Значэнне
out of the blue раптам
in the morning раніцай
the other day на днях
on the whole увогуле

Устойлівыя выразы з адсутнасцю артыкля[правіць | правіць зыходнік]

Выраз Значэнне
at night вечарам, уначы
from South to North з поўдня на поўнач
at first sight на першы погляд, з першага погляду
hand in hand рука аб руку

Зноскі

  1. WordWeb.Offline dictionary on a compact disc
  2. Напрыклад перад абрэвіятурай МР (member of parliament - член парламента) ставіцца an, бо гэта слова пачынаецца галосным гукам - "эм-пі", негледзячы на тое, што першая літара яго зычная. Пры гэтым поўная фраза member of parliament пішацца з формай а неазначанага артыкля . Гл. падрабязней: Hewings, M. Advanced Grammar in Use, 2nd edition, 2005, Unit 44A, p.88
  3. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §1, p.270 (footnote)
  4. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §1, р.388, note 1
  5. Murphy, R. English Grammar in Use, 2nd edition, 6th printing, 1995, unit69AB, p.138
  6. Аднак спалучэнне тытулаў, характэрных англійскай мове, з уласнымі імёнамі не суправаджаецца артыклем: Mister Bean (Містэр Бін), President Obama (Прэзідэнт Абама). Неўласцівыя англійскай мове тытулы ставяцца з азначаным артыклем: the baron Munchausen (Барон Мюнхаўзэн). Гл.:Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §26, p.295, text itself and note 3
  7. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §62, p.323
  8. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §11, p.280
  9. Murphy, R. English Grammar in Use, 2nd edition, 6th printing, 1995, unit73, p.146
  10. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §23, p.293, note c